7 траўня 2024, aўторак, 11:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта Пуцін збег з Аўстраліі?

22
Навошта Пуцін збег з Аўстраліі?

Раптоўныя ўцёкі Уладзіміра Пуціна з саміту G20 падзялілі ўкраінцаў на два лагеры - прарокаў Хуткай Перамогі Дабра і веснікаў Апакаліпсісу.

Хто з іх бліжэй да ісціны, разбіраўся калумніст выдання «Гордан» Яўген Кузьменка.

У першым лагеры суграмадзяне радуюцца заходняму адзінству і зларадна крычаць услед Сіліконавай патыліцы: «Ату яго, ату!». Самыя адпетыя аптымісты ўспамінаюць высадку саюзнікаў у Нармандыі і з гатоўнасцю даруюць Абаме ўсе ягоныя былыя прамашкі.

У другім лагеры спрабуюць залезці ў галаву сусветнаму маньяку №1 і прадбачыць ягоныя крокі. Прагнозы выходзяць калі не беспрасветна змрочныя, то надзвычай трывожныя. Усе разумеюць ступень знявагі, якую выказалі Уладзіміру Уладзіміравічу. Усе чакаюць «адказу»: як водзіцца, дзікага, моцнага, па-пуцінску асіметрычнага.

На справе, зразумела, маюць рацыю і тыя, і іншыя. Так, заходнія лідэры сапраўды паводзіліся ў дачыненні да дыктатара Расеі з беспрэцэдэнтна ўзгодненай калянасцю. І так, Уладзімір Уладзіміравіч цяпер знаходзіцца ў крайняй ступені лютасці. І тэарэтычна здольны на самыя радыкальныя меры.

Пытанне ў тым, якія якасці возьмуць верх у прэзідэнце Расеі: прафесійная схільнасць да халоднага аналізу, памножаная на страх некантралюемага развіцця сітуацыі, ці ж маразм разам з набытай за апошнія два-тры гады маніяй застацца ў сусветнай гісторыі адным з самых яркіх і магутных кіраўнікоў Расеі?

На жаль, пакуль дынаміка развіцця сітуацыі робіць другі варыянт ўсё больш актуальным. Уладзімір Уладзіміравіч знаходзіцца на стадыі позняга Мікалая I: закручаныя гайкі, татальная цэнтралізацыя дзяржкіравання, магутнасць сакрэтных камітэтаў, жах і агіда з боку думаючай Еўропы, засілле бюракратыі, трыумф карупцыі. І Крымскі канфлікт як пачатак канца.

Увогуле, гістарычна падобных з Мікалаем Палкіным рысаў ва Уладзіміра Уладзіміравіча мноства. Але ёсць адно істотнае адрозненне: у імператара Раманава не было ядзернай зброі. А ў імператара Пуціна яна ёсць.

Ну, а далей пачынаецца варажба на саломе. І, з аднаго боку, задача спрашчаецца: замест таго, каб браць у разлік складаныя нюансы ўзаемадзеяння дзесяткаў уплывовых груп і студэнтаў, дастаткова прадметна даследаваць вобраз думак і дзеянняў аднаго чалавека - які мае неабмежаваную ўладу ў Расеі Пуціна Уладзіміра Уладзіміравіча.

З іншага боку, неверагодна складана залезці ў галаву вар’ята, якога яшчэ ў Вышэйшай школе КДБ вучылі: усіх падманваць і нікому не давяраць!

І ўсё ж давайце паспрабуем. Такім чынам, ці ёсць гарантыі, што Пуцін пойдзе на саступкі? Па-за усялякіх сумневаў, манеўраваць ён умее, і гэта ўменне час ад часу паспяхова дэманстраваў. Але тое было манеўраванне тактычнае, у рамках пастаўленай стратэгічнай задачы. А вось здольнасць мяняць стратэгічны курс Пуцін, мяркуючы па ўсім, страціў. Дакладней, свядома абмяняў гэтую здольнасць на геапалітычнае місіянерства з гістарычнай падаплёкай.

Ці ў стане ён звярнуць з гэтага місіянерскага шляху? Шанцы на гэта імкліва памяншаюцца. Галоўрэд «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў нездарма спасылаецца на выкладзены яму неяк самім Пуціным прынцып: «не прымаць пастановы пад ціскам і на публіцы». Гэта значыць, ні ў якім разе не паказаць сябе «слабаком». Інакш - зломяць, расціснуць, зняважаць.

Такі лад мыслення Уладзіміра Пуціна. Цяпер зверым сітуацыю: ціск на Пуціна мае месца быць? Так, і ўзрастае з кожным днём. Прытым ўзрастае публічна, настолькі сур'ёзныя прымяняюцца да Расеі санкцыі. Ад публікі ўжо нічога не ўтоіш: прайшлі тыя часы, калі ўзніклыя непаразуменні можна было развязаць у пратакольным парадку сіламі адной працоўнай групы. Стаўкі ўзраслі неверагодна, і шляхі да адступлення Уладзіміру Уладзіміравічу адразае ім жа клапатліва ўзгадаваная машына дзяржпрапаганды. Прамытыя мазгі грамадзян цяпер не ўспрымаюць іншага кантэксту, чым «амерыканцы або мы: хто каго?». Перад вачыма ў тэлегледачоў неадступна стаяць укрыжаваныя хлопчыкі, згвалтаваныя карнікамі мірныя жыхары, збіты хунтай пасажырскі самалёт. І калі паказушна-брутальны Уладзімір Пуцін зробіць крок назад, радавы расеец успрыме гэта адназначна: прагнуўся-такі перад Захадам, здаў сваіх...

А такіх крокаў назад давядзецца зрабіць некалькі: занадта шмат мярзотаў паспеў нарабіць Уладзімір Уладзіміравіч за нейкія паўтара-два гады...

Аднак, увесь жах сітуацыі ў тым, што думкі аб адступленні ўсё радзей закрадаюцца ў галаву расейскага прэзідэнта. У сваім светапоглядзе ён практычна ідзе нараўне з формулай Людовіка XIV: «Дзяржава - гэта я». А значыць, які сэнс з кімсьці раіцца? Сапраўдная веліч тады, разважае Уладзімір Уладзіміравіч, калі правіцель прымае складаныя пастановы адзін, ні з кім не параіўшыся.

Вось так звар’яцелы кіраўнік і падсцёбвае, седзячы на козлах, дубцом Расею-матухну. А тройка так і імчыцца па прасёлкавай дарозе, і на конскіх мордах выступіла пена - ці то ад захаплення хуткай язды, ці то ад знямогі.

І рана ці позна Уладзімір Пуцін загоніць гэтую сваю тройку. І ў навакольных вёсках аб тым даўно ўжо пляткараць. Трывожыць ўсіх адно: не задушыць каго? Вар'яты, яны ж такія...

Фота: Reuters

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках