20-гадовы кіроўца «выпадкова» скраў машыну ў Менскім раёне
1- 19.11.2014, 11:19
- 7,950
14 лістапада жыхар Ратамкі звярнуўся ў міліцыю з заявай аб угоне грузавога мікрааўтобуса «Мэрсэдэс-Бенц 208Д».
Праз тры дні супрацоўнікі ДАІ спынілі падобны аўтамабіль у Берасці. За стырном знаходзіўся 20-гадовы кіроўца без дакументаў на транспартны сродак, паведамляе БелаПАН.
Малады чалавек распавёў, што ехаў з Маладзечна ў Менск, спрасонку сышоў з цягніка на станцыі Ратамка, палічыўшы, што ўжо прыбыў у сталіцу. Так як наступная электрычка прыбывала не хутка, малады чалавек вырашыў прагуляцца па пасёлку. Нечакана наткнуўся на мікрааўтобус, дзверы якога былі не зашчэпленыя. Узрадаваўшыся неспадзяванаму поспеху, хлопец вырашыў прабавіць ноч у машыне. Уладкоўваючыся на начлег, ён заўважыў, што ў замку запальвання застаўся абломак ключа. Пасля некаторых маніпуляцый машына завялася.
Аўтамабіль ужо вярнулі ўладальніку, а ў дачыненні да згоншчыка распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 214 КК.