5 траўня 2024, Нядзеля, 9:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі ўбачылі, якія заробкі, пачалася рэвалюцыя»

121
«Калі ўбачылі, якія заробкі, пачалася рэвалюцыя»

Абяцанае педработнікам вераснёўскае павышэнне заробкаў расчаравала многіх.

Паглядзеўшы ў вераснёўскія разліковыя лісты, многія работнікі дзіцячых садоў убачылі лічбы, аналагічныя папярэднім месяцам!

Раз - прыбаўляем, два - адымаем

Аляксандр Лукашэнка не раз прызнаваў, што ў настаўнікаў і выхавальнікаў «незаслужана нізкія заробкі». У сакавіку сёлета кіраўнік дзяржавы вярнуўся да гэтага пытання, заўважыўшы, што «настаўнікаў крыўдзіць нельга», і даручыў ураду знайсці сродкі на істотнае павышэнне заробкаў работнікам школ і дзіцячых садкоў, піша Вольга Шыракаступ у баранавіцкай газеце Intex-press.by.

- Тут трэба задзейнічаць усе наяўныя рэзервы, - адзначыў кіраўнік. - Паглядзіце, на што марнуюцца грошы, прыбярыце ўсё лішняе, вы зэканоміце грошы і аддасце тым, каму трэба сёння падвысіць заробкі.

Ужо ў красавіку ў дзіцячых садках трохі павялічылі надбаўкі за катэгорыю. Павышэнне было неістотным. Калі ў сакавіку, паводле звестак Белстата, сярэдні заробак у адукацыі быў 3,85 млн, то ў красавіку стаў 3,899 млн.

Да жніўня стала вядома, што заробкі ўсё ж такі вырастуць, і не толькі ў дзіцячых садках. Як паведамляла БелТА, у залежнасці ад кваліфікацыйнай катэгорыі, надбаўкі да акладу складуць ад 30% да 120%, работнікам без кваліфікацыйнай катэгорыі - ад 10% да 20%.

Павышэнне заробкаў чакалі ўсе педработнікі, ад тэхперсаналу да адміністрацыі садоў і школ. Аднак, паглядзеўшы свае вераснёўскія разліковыя лісты, многія ўбачылі лічбы, аналагічныя папярэднім месяцам!

- Ніхто нічога не павысіў! А мы ж так спадзяваліся, абмяркоўвалі гэтую тэму і не маглі дачакацца кастрычніка, калі атрымаем больш. Я не спадзявалася, што нянечкам шмат даплацяць, але чакала хоць чагосьці, - распавяла «IP» памочнік выхавацеля аднаго з дзіцячых садкоў горада.

З яе слоў, заробак ні на рубель не адрозніваецца ад папярэдніх заробкаў:

- Я так і атрымала свае 2,2 млн. У мяне хоць даплаты за стаж нядрэнныя, а маладзенькія наогул па 1,7 млн зарабляюць.

У выхавальнікаў з катэгорыяй зарплата ўсё ж такі вырасла, хоць і не так значна, як можна было спадзявацца. Як распавяла педагог з вышэйшай катэгорыяй, якая працуе ў дзіцячым садзе, атрымала яна больш на 300 тысяч.

- Павышэнне абяцалі на 90%, а выйшла толькі на 30%. А маім калегам з першай катэгорыяй не паднялі і на 200 тысяч. А што такое сёння гэтыя грошы? Адзін раз у краму схадзіць, - скардзіцца жанчына. - Усё лета гучна казалі, што істотна павялічаць заробкі, цяпер відаць, што адукаваныя людзі нікому не патрэбныя.

«Калі атрымалі разліковыя лісты, у садзе пачалася рэвалюцыя»

Загадчыца аднаго з дзіцячых садкоў распавяла «IP», што пасля таго, як яе работнікі ўбачылі свае вераснёўскія заробкі, адчулі сябе падманутымі і доўга абураліся.

- У садзе пачалася рэвалюцыя, крыку было! Высветлілася, што шмат каму нічога недаплацілі. Навошта было казаць, што будуць новыя надбаўкі? Сказалі б адразу, што ў шмат у каго заробак не павялічыцца. Наогул не хочацца гэтую тэму падымаць, трэба шукаць новую працу, а не гаварыць, - засмучана кажа жанчына.

Не выказваюць захаплення ад павышэння і настаўнікі з высокім заробкам, як, напрыклад, настаўніца з вышэйшай катэгорыяй, 32-гадзінным рабочым тыдням, 20-гадовым стажам, якая атрымлівае больш за 7 мільёнаў. З яе слоў, такім павышэннем заробкаў можна прыцягнуць толькі педагогаў з вялікім стажам і вышэйшай катэгорыяй, ды і тое не ўсіх. Астатнія ж педагогі будуць проста сыходзіць са школ.

- Я ўпершыню за шмат гадоў пачала атрымліваць такі высокі заробак, гэта дзякуючы добрым прэміях за падрыхтоўку дзяцей да алімпіяд. Мой заробак вырас на 400 тыс. рублёў. Але ад кожнага павышэння я чакаю падвоху. Што працы стане больш, альбо з часам пачнуць зразаць якія-небудзь даплаты, - кажа педагог. - Накшталт мне грэх скардзіцца, але праз працу я не бачу ні сям'і, ні дома. А астатнія кваліфікацыйныя кадры? Яны атрымаюць мізэрныя даплаты. З кожным годам усё больш прыкметна, што разумныя маладыя людзі з адукацыі сыходзяць.

Чаму так адбылося

Як высветлілася, многія педагогі проста не зразумелі абяцанняў урада. Справа ў тым, што новая пастанова Саўміна «Аб некаторых пытаннях павышэння аплаты працы асобным катэгорыям работнікаў сістэмы адукацыі» ад 23 жніўня 2014 г. скасоўвала даплаты да заробка, якія былі ў красавіку (у Пастанове ад 23 жнівень 2014 №818 прызнаюцца страціўшымі сілу пункты: 1, 2, 4 Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 сакавіка 2014 г. №265 (п.п.1.1), дзе і былі прапісаныя надбаўкі для работнікаў дзіцячых садкоў). У жніўні налічылі новыя надбаўкі. У залежнасці ад катэгорыі, некаторыя надбаўкі выраслі, а некаторыя засталіся на ўзроўні красавіцкіх.

Як растлумачылі «IP» у бухгалтэрыі аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама, напрыклад, калі за вышэйшую катэгорыю пасля 1 красавіка выхавальнікам даплочвалі ад 30% да 60%, а з 1 верасня надбаўка склала 90%, то, адпаведна, надбаўка ў разліковых павялічылася на гэтую розніцу.

- Атрымліваецца, што і памочнікі выхавальнікаў, шэф-кухары і кухонныя рабочыя, якія атрымалі свае надбаўкі ў красавіку, у верасні нічога новага не атрымаюць, - сказалі ў бухгалтэрыі. - Пры налічэнні надбавак улічваецца некалькі пастаноў, выкладзеных у розных рэдакцыях, якія дзейнічаюць і якія прызнаныя скасаванымі, таму, каб высветліць, ці правільна налічылі зарплату, неабходна старанна вывучыць гэта пытанне.

Заробак педагогаў - цёмныя нетры

Разабрацца ў сваіх разліковых могуць не ўсе педагогі. Адна з выхавальнікаў баранавіцкага дзіцячага сада параўнала заробак за люты, чэрвень і верасень гэтага года. Дзяўчына атрымала 2,5 млн руб, 2,9 млн і за 3,1 млн адпаведна. Яе заробак павялічваўся, але для гэтага ёй прыходзілася больш працаваць.

Напісаць каментар 121

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках