1 траўня 2024, Серада, 11:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марат Гельман: Пуцін жыве ў дзевятнаццатым стагоддзі

8
Марат Гельман: Пуцін жыве ў дзевятнаццатым стагоддзі

Галерыст, арт-менеджар і паліттэхнолаг Марат Гельман пракаментаваў вынікі саміту G20 для Расеі.

Некалькі гадоў таму ва Украіне яго ўпарта асацыявалі з Віктарам Медведчуком і працай у перадвыбарным штабе Віктара Януковіча ў 2004 годзе. Тады каманда расейскіх паліттэхнолагаў прыдумала і ўкінула ва Украіну вядомы ролік пра тры гатункі украінцаў, актыўна навязваючы тэму расколу ўсход-захад. Спрацавала.

Сам ён некалькі разоў адмаўляў сваё супрацоўніцтва з камандай Партыі рэгіёнаў, дадаючы, што працаваў толькі дарадцам другога прэзідэнта Леаніда Кучмы. Больш за тое, паводле адной з версій, ён сам спыніў супрацоўніцтва са штабам Януковіча, уважаючы судзімасці сцяной, якая не дазволіць лідэру ПР стаць прэзідэнтам, піша liga.net.

У Расеі ён працаваў намеснікам гендырэктара Першага канала (2002-2004 гг.), З 2010-га цягам двух гадоў быў сябрам Грамадскай палаты. А затым ягоныя дарогі з цяперашняй расейскай уладай разышліся.

Паліттэхнолаг, арт-менеджар і галерыст Марат Гельман кажа, што ўжо шмат гадоў не займаецца палітыкай. Тым не менш, дазваляе сабе вострыя выказванні ў адрас існуючага ў Расеі палітычнага ладу і прэзідэнта РФ, што адбілася на ягонай працы на радзіме. «У мяне было некалькі праектаў, але ў Адміністрацыі прэзідэнта сказалі маім партнёрам, што са мной нельга мець справу, так як я дазваляю сабе жорсткія выказванні ў адрас «святлейшага», - кажа Гельман.

У выніку ён разам з сям'ёй з'ехаў у Чарнагорыю, дзе дапамагае ўладам гэтай краіны выбудоўваць культурную палітыку. Часовая эміграцыя не перашкаджае Гельману быць у курсе сітуацыі ў Расеі і публічна каментаваць палітыку Пуціна, вайну ў Данбасе і заходнія санкцыі.

- Такім чынам, пасля наведвання саміту ў Аўстраліі, дзе Уладзіміру Пуціну былі, мякка кажучы, не радыя, новая халодная вайна, на вашу думку, пачалася?

- Калі раней краіны Захаду спрабавалі гаварыць з Пуціным, тлумачыць, што так рабіць не добра, то цяпер стала зразумела, што яго выкраслілі са спісу сваіх, моцных свету гэтага. У Пуціна была надзея, што Еўропа, чыя эканоміка шчыльна звязаная з расейскай, будзе супраціўляцца блакадзе Расеі. Яму здавалася, што Еўропу нічога акрамя грошай не цікавіць, але высветлілася, што гэта не так. Наогул смешна, калі ён спачатку робіць дзеянні, зыходзячы з вышэйшых меркаванняў, гістарычнай справядлівасці, а потым здзіўляецца, што ЕЗ робіць таксама, адмаўляючыся ад меркантыльных разлікаў.

Халодную вайну абвясціў нават не Пуцін. Лідэры краін з найбольш развітымі эканомікамі паказалі згуртаванае рашэнне: дзеянні гэтага чалавека нясуць пагрозу і яго трэба ізаляваць.

- Хіба ён не мог прадбачыць, што адбудзецца ў Аўстраліі? Ёсць жа пратакол, нейкая інфармацыя пра настроі павінна да яго паступаць па каналах МЗС.

- Ён жыве ў іншым свеце, свеце ілюзій.

- Чым новая халодная вайна будзе адрознівацца ад эканамічнай вайны, уведзеных раней супраць Расеі санкцый?

- Па-першае, да эканамічных забаронаў будзе далучаны нейкі маральны фактар, ізаляцыя адной краіны стане справай усяго свету. Пакуль Пуцін такім чынам піша свае старонкі ў гісторыі, у расейцаў няма перспектыў для развіцця і мадэрнізацыі. Гаворка можа ісці толькі аб памяншэнні страт. Калі ў Расеі сёння кажуць, што мы будзем займацца імпартазамяшчэннем, то забываюць, што людзі, здольныя гэта рабіць, двойчы з'ехалі. Першы раз у 90-я, другі - гады 3 таму, калі ім паказалі, што яны не патрэбныя. Ну як жа, ёсць нафта, газ - мы іх прададзім і ўсё што трэба самі купім.

Па-другое, гэта паніжэнне кошту нафты...

- Ці мяркуеце, што кошт на нафты штучна панізілі?

- Думаю, так. Ён падтрымліваецца сістэмай пагадненняў і дамоўленасцей. А кошт на газ - тым больш.

- Якія высновы пасля саміту лідэраў краін зробіць расейская эліта і людзі з ягонага атачэння?

- Усе сёння разумеюць, што рана ці позна ўсім прыйдзе канец. Рана - праз 2 гады, позна - праз 10 гадоў. Як толькі Пуцін сыдзе, ніхто не будзе прадаўжаць ягоную палітыку. Для таго каб не патрапіць у заўтрашнія люстрацыйныя спісы, ад яго будуць дыстанцыявацца. Да крымскай гісторыі многія буйныя бізнэсоўцы гаварылі: мы разумеем, што ўлада робіць дрэнна, але гэта назаўжды - трэба альбо з'язджаць з краіны, альбо гуляць па правілах. Цяпер сітуацыя змянілася. Няма ні пераемніка, ні механізму для таго, каб такая палітыка прадаўжалася пасля сыходу Пуціна.

- Працэс дыстанцыявання ўжо прасочваецца?

- Пакуль не. Але думаю, працэсы ідуць. Проста яны не бачныя, так як гэта досыць рызыкоўная справа. Да прыкладу, у нас ёсць праект Маскоўскага біенале сучаснага мастацтва, які арганізоўваецца ўладамі. Для яго лёгка было знайсці прыватнага спонсара проста таму, што ён будзе на добрым рахунку ва ўладаў. Сёлета былі праблемы - ніхто не хоча асацыявацца з уладай.

- Як расейскае грамадства адрэагуе на «халодны душ» у Аўстраліі?

- Цяжкі выпадак. Напэўна, нейкая частка засумняваецца. Не ўпэўнены, што гэта будзе большасць. Не ўсе, вядома, зробяць высновы. Мне таксама непрыемна, што майго прэзідэнта вось так апусцілі. Але з іншага боку, калі гэта адзіны спосаб сказаць «фе», я гатовы пацярпець. Я ж бачу, як людзі прымаюць рашэнні: не купляць кватэру ў Расеі, а лепш за мяжой, не адчыняць новы бізнэс, а змяншаць выдаткі на існуючы, публічна не асацыявацца з уладай...

У нас не грамадства фармуе ўладу, а ўлада праз СМІ - грамадства. Але медыя - гэта таксама эліты, і яны стануць больш асцярожна пісаць. Адна справа, калі журналіст з імем дзейнічае, пры гэтым разумеючы, што за ім вечная ўлада, і зусім іншае, калі віднеюцца перамены.

- Што будзе рабіць Пуцін пасля саміту G-20?

- Новыя памылкі. Хацелася б, каб ён ацаніў сітуацыю і памяняў вектар накірунку - бо кошт для Расеі завялікі. Але гэтага не будзе.

- Хто адчуе на сабе яго «высновы» - расейская апазіцыя ў выглядзе рэпрэсій, украінскія «фашысты» у выглядзе вайны?

- Тое, што расейская апазіцыя адчуе - 100%. Пуцін зразумеў, што ўнутры краіны ён можа рабіць што заўгодна. А вось за яе межамі ёсць правілы, і ён не першы хлопец на вёсцы, каб іх змяняць.

- На вашу думку, алгарытм дзеянняў па спыненні супрацьстаяння паміж Расеяй і Украінай існуе?

- Патрэбна змена перагаворшчыкаў. Замест Пуціна на чале краіны павінен стаць іншы чалавек, на якім няма цяжару прынятых раней спрэчных пастаноў. Іншы варыянт - Парашэнка павінен падыграць Пуціну і бакі дамовяцца пра аднолькавую карцінку будучыні ў Данбасе. І той, і іншы павінны пайсці на саступкі.

- А калі не пойдуць? Поўнамаштабная вайна?

- Не, для Пуціна гэта дакладна не выйсце. Гэта было б самым дурным ходам. У яго задача простая: ва Украіне павінна быць горш, чым у Расеі. Калі расеец ляціць у Еўропу і бачыць, што там жывуць лепш, то расейскія ўлады могуць запярэчыць, маўляў, у іх не было неэфектыўнай эканомікі сацыялістычнага ладу і іншага. Але калі ва Украіне стануць добра жыць, стане відавочна, што пуцінская ўлада прыносіць Расеі адно шкоду. Але ён думае гістарычна, думае, што ён - Напалеон або Аляксандр І...

- А хто ён на самай справе? З якім з гістарычных персанажаў вы б яго параўналі?

- Яшчэ нядаўна абмяркоўвалі: Сталін ці Брэжнеў - вяртанне ў мінулае ці застой? Цяпер іншыя асацыяцыі, звязаныя з Нямеччынай.

- З Гітлерам?

- Так, з Гітлерам... Тут важна зразумець, як прадстаўнікі цяперашняй улады думаюць. Я спытаў людзей з ягонага атачэння: вось вы будавалі гэта славянскае брацтва, а цяпер разбурылі. На што мне адказваюць, што Францыя і Англія таксама 100 гадоў ваявалі, а цяпер сябруюць. Гэта значыць галоўнае, што «Крымнаш», а праз сто гадоў краіны неяк памірацца.

- Калі Пуцін усё ж адмовіцца ад Данбаса, Захад будзе ціснуць на яго з нагоды Крыма. Іншымі словамі, вайна на ўсходзе Украіны адцягвае свет ад праблемы Крыма, вам не здаецца?

- Японія патрабуе вернуць Курылы дзесяцігоддзямі, што не перашкаджае міжнародным стаўленнем. Безумоўна, на публічным узроўні кожны новы генеральны сакратар ААН будзе пачынаць сваю прамову пра неабходнасць вяртання паўвыспы, пры гэтым па іншых пытаннях знойдуць агульную мову.

- Крым назаўжды аддалі Расеі?

- Ён тым і складаны, што не адыгрываецца ніякім чынам. Наогул Пуцін захапіўся гісторыяй. Цягам доўгага часу яна (гісторыя) будавалася на заваёве тэрыторый. Пакуль эканоміка трымалася на сельскай гаспадарцы, тэрыторыя з'яўлялася фактарам поспеху. Але ў канцы 19-га стагоддзя стала зразумела, што гэта не працуе. У XX стагоддзі змагаліся за рэсурсы (нафту, транспартныя вузлы і да таго падобнае). Але і гэтая мадэль вычарпала сябе.

Цяпер ідзе барацьба за людзей, за якасць жыцця. Гоа раптам становіцца папулярным месцам, хоць побач досыць іншых індыйскіх штатаў з аналагічным кліматам. І ўсё таму, партугальцы, чыёй калоніяй да нядаўняга часу быў штат, пабудавалі там прыстойнае жыццё. Брытанская пісьменніца Джоан Роўлінг, што прыдумала Гары Потэра, прыносіць больш грошай у дзяржаўную казну, чым вуглездабыўчыя шахты.

- Прэзідэнт РФ жыве ў мінулым стагоддзі?

- Ён жыве ў дзевятнаццатым стагоддзі, які запоўнены захопніцкімі перадзеламі. Смешна атрымліваецца: краіна, у якой вялікія плошчы пустых тэрыторый, якія яна не можа асвоіць, плаціць такі вялікі кошт за новыя землі. Пуцін моцна памыляецца таму, што тэрыторыі, якія ты не можаш асвоіць - гэта клопат. «Крымнаш» прынёс шмат бед, у тым ліку і яму. Мне здаецца, гэта была непрадуманая пастанова. Калі б прадумаў, то зрабіў бы тое ж, але без далучэння. І тады было б усё па-іншаму, у тым ліку і ў Данецку.

Фота: РІА «Новости»

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках