1 траўня 2024, Серада, 9:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Шумчанка: Чыноўнікі нарэшце зразумелі, што ўказ №222 працаваць не будзе

28
Анатоль Шумчанка: Чыноўнікі нарэшце зразумелі, што ўказ №222 працаваць не будзе

Сёння адбылася сустрэча прадпрымальнікаў з чыноўнікамі пры Міністэрстве эканомікі.

Пра тое, як прайшло пасяджэнне грамадска-кансультатыўнага савета ў пытаннях развіцця прадпрымальніцтва, інвестыцый і інавацый пры Міністэрстве эканомікі charter97.org распавёў старшыня грамадскага аб'яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка, які выступіў на гэтай сустрэчы ад боку беларускіх прадпрымальнікаў.

- Спачатку выступаў Дзяржстандарт. Выступленне было вельмі цікавым, таму што чыноўнікі сталі выказваць занепакоенасць тэхнічным рэгламентам, пра які ўсе прадпрымальнікі і малы бізнес сёння пацярпеў. Мы ж пра гэта казалі раней, маўляў, вы ж думайце, бо дрэнна будзе не толькі нам, але і ўсім астатнім, пацерпім не толькі мы адны. І вось сёння Дзяржстандарт пацвердзіў нашыя тэзісы.

Вось маленькі прыклад: Дзяржстандарт выказвае здзіўленне з нагоды таго, што Еўразійская эканамічная камісія зрабіла рэгламент, паводле якога вельмі цяжка працаваць нашай прамысловасці. І вось цяпер, напрыклад, беларускія вытворцы выпускаюць дзіцячы абутак, але ён ўжо не можа прайсці паводле тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, таму што ягоная маса вышэй, чым маса, дазволеная рэгламентам! Атрымліваецца гэты абутак не можа мець доступ на рынак МС і гэтак далей. Таксама яны згадалі праблему з карнавальнымі касцюмамі - у іх, бачыце, цяпер перавышаны ўзровень гіграскапічнасці.

- Але ж гэты новы тэхнічны рэгламент ужо прыняты і падтрыманы беларускім бокам.

- Так, гэта была ініцыятыва Расеі, і яны яе «працягнулі» ў заканадаўства і гэта ўсё ўжо прынятае і будзе ўведзенае з 1 сакавіка. А цяпер выявілася, што гэта ўдарыла не толькі па нас, але і па нашай прамысловасці.

- Гэта значыць, нашы прамыслоўцы толькі цяпер спахапіліся?

- Так! А мы ж крычалі яшчэ некалькі дзён таму: што вы робіце, вы што прымаеце? Вы, наогул, чыталі дакументацыю? Бо тут трэба было сем разоў адмераць і адзін раз адрэзаць. Тады гэты рэгламент падпісаў Сяргей Румас. І мы паводле гэтых умоў працаваць не можам - не можа прадпрымальнік рабіць два сертыфікаты ў месяц на дзесяць адзінак тавару, гэта павінен рабіць вытворца.

- Ці шмат было выяўлена парушэнняў падчас бясконцых праверак за апошнія месяцы?

- Атрымалася цікава. Выяўляецца, большасць сертыфікатаў МС з Расеі, якія былі выяўленыя пры маніторынгу, аказаліся фальшывымі. Уяўляеце? Гэта тое, пра што мы на мінулым форуме казалі: менавіта мы, беларускія прадпрымальнікі, сталі закладнікамі расейскага «растрындзяйства». Яны прынялі закон, самі не выконваюць, а з нас патрабуюць. Больш за тое, быў праведзены маніторынг у сферы рознічнага і аптовага гандлю, і было выяўлена 34 фальшывыя дакументы. Чаму мы білі трывогу? Таму што мы вельмі сціснутыя гэтымі ўмовамі і адказваць у выніку будзем мы.

- Чым яшчэ выказвалі незадаволенасць прадпрымальнікі?

- Мы ўзнялі пытанне аб замежных грамадзянах, якія ажыццяўляюць гандлёвую дзейнасць у Беларусі як фізічныя асобы. Мы ўсе былі сведкамі таго, як узбекі ці таджыкі арганізоўваюць выставы-кірмашы ў рэгіёнах. Яны прывозяць той жа кітайскі тавар, раскладваюць яго. У іх няма ніякіх дакументаў, толькі выплачаны падатак за пяць дзён - і працуюць сабе спакойненька. Атрымліваецца, фізічная асоба-беларус не можа гэтага рабіць - ён можа гандляваць толькі саджанцамі, а фізічная асоба замежнага паходжання можа гандляваць чым заўгодна пяць дзён у месяц. Але міністэрства падаткаў і збораў проста «мые рукі»: ой, мы тут ні пры чым, гэта ўсё пытанні міністэрства ўнутраных спраў. Яны наносяць нам каласальную шкоду, таму што ў іх няма неабходных дакументаў, сертыфікатаў і іншага, аднак працуюць і знаходзяцца ў загадзя выгадным становішчы ў параўнанні з намі. Гэта вялікі перакос: як гаворыцца, сваім даем, а чужым - «заціскаем».

- Ну і самы галоўны момант - абмеркаванне скандальнага ўказу №222... Ці ёсць якія-небудзь зрухі?

- У самым канцы нарады я ў чарговы раз узяў слова і выказаў усё, што набалела ў дачыненні да ўказа №222. Пры гэтым прысутнічаў дырэктар дэпартамента прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі, прадстаўнікі міністэрства падаткаў і збораў, прадстаўнікі ўсіх аблвыканкамаў і прадстаўнікі Дзяржстандарту, Мінгарвыканкама і, вядома ж, прадпрымальніцкія структуры. Шкада, што гэтую нараду праігнаравала міністэрства гандлю, у нас да іх было шмат пытанняў.

- Што менавіта вы выказалі чыноўнікам з боку прадпрымальнікаў?

- Я задаў пытанне пра дату першага сакавіка і прапанаваў падоўжыць магчымасць рэалізоўваць рэшткі тавару і зрабіць іх бестэрміновымі, не рабіць з даты сакавіка 1 «дзень Х». Заклікаў да эвалюцыйнага рашэння ўсіх пытанняў, бо мы дваццаць гадоў працавалі паводле адных умоў, а ўлады хочуць, каб мы за пяць месяцаў пераключыліся на іншыя. Ніякага ўтылю, ніякага знішчэння тавару быць не павінна. І таксама я сказаў, што неабходна ўнесці карэктывы ва ўказ №222 і сказаў, што яго трэба дапрацоўваць. Усе прадпрымальнікі мяне падтрымалі.

- І якая была рэакцыя?

- Дзіўна, але рэакцыя мне падалася станоўчай. Я не буду казаць, што нас падтрымалі, гэта не так. Але пасля майго выступу ўзялі слова чыноўнікі - і абласнога ўзроўню, і Мінгарвыканкама - і прызналі, што праблема існуе, яны яе бачаць і праблему трэба заўчасна вырашаць, каб мы ўсе зноў не падышлі да крытычнай адзнакі і не пачалі ў паніцы крычаць «ай-яй -яй, што ж рабіць». Я не чакаў, што гэтая размова знойдзе разуменне і водгук чыноўнікаў. І дырэктар дэпартамента ўнесла нашыя прапановы ў пратакол пасяджэння і напісала аб неабходнасці разгляду магчымасці легалізацыі рэшткаў тавару пасля першага сакавіка і прадаўжэння работы з імі. Гэта значыць чыноўнікі падзяляюць заклапочанасць. Бо яшчэ да падпісання ўказу №222 усе казалі, што ў яго прыйдзецца ўносіць карэктывы. І добра, што ўлады, хаця б на мясцовым узроўні, прызналі існаванне праблемы і зразумелі яе. Мы будзем пра гэта гаварыць на маючым адбыцца ў снежні форуме.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках