28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія генетыкі знайшлі спосаб павялічыць нараджальнасць

28
Беларускія генетыкі знайшлі спосаб павялічыць нараджальнасць

Аказалася, што на невыношванне цяжарнасці ўплываюць неспрыяльныя гены.

Дзякуючы вынікам даследавання навукоўцаў многія беларускі, якія доўга не маглі нарадзіць малога, сталі маці. Хаця, маючы за плячыма па 5 - 6 выкідкаў, ужо і не верылі, што цуд магчымы, піша "Камсамольская праўда ў Беларусі".

- Некаторыя жанчыны прыходзілі да нас пасля таго, як у медыкаў апускаліся рукі - яны не маглі растлумачыць прычыну, з якой быццам бы здаровая жанчына не можа выносіць дзіця.

І жанчыны звярталіся ў нашую лабараторыю, каб зразумець, чаму яны не могуць нарадзіць малога, - распавяла доктар біялагічных навук, прафесар, загадчыца лабараторыі генетыкі чалавека Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Ірма Мосэ.

- Мы пачалі высвятляць генетычныя прычыны гэтай праблемы. У выніку многія з тых жанчын, якія звярталіся да нас год-паўтара таму, ужо сталі маці. Некаторыя зараз на позніх тэрмінах цяжарнасці, што таксама дазваляе спадзявацца на поспех, бо выкідкі, як правіла, адбываюцца ў першы трыместр цяжарнасці...

Праблема невыношвання цяжарнасці ў нашай краіне стаіць востра: кожная пятая цяжарнасць, як правіла, сканчаецца няўдала.

Лекары нярэдка не маглі зразумець, чаму так адбываецца, і толькі раілі неадбыўшымся мамам не здавацца і спрабаваць яшчэ. У выніку ў некаторых жанчын за гады чаканняў і няўдалых спроб здаралася па пяць, а то і шэсць выкідкаў.

Беларускія генетыкі прааналізавалі гены некалькіх соцень жанчын для выяўлення генетычнай схільнасці да невыношвання цяжарнасці. Практычна ва ўсіх былі вызначаныя фактары рызыкі, прычым у 70% пацыентак выяўлена ад 3 да 7 неспрыяльных генных варыянтаў.

Высветлілася, што важнае месца сярод фактараў рызыкі невыношвання цяжарнасці займаюць гены, адказныя за ўтварэнне тромбаў.

- Генетычная рызыка тромбафіліі часта рэалізуецца толькі пры дадатковых умовах, адной з якіх як раз і з'яўляецца цяжарнасць. Пры гэтым медыцынскія аналізы спачатку не выяўляюць адхіленняў ад нормы, але пры развіцці цяжарнасці ўтвараюцца мікратромбы ў плацэнце, плод не атрымлівае ні кіслароду, ні пажыўных рэчываў, і адбываецца самаадвольны выкідак або замерлая цяжарнасць, - тлумачыць Ірма Мосэ.

Такім жанчынам пасля генетычнага абследавання лекары прызначалі неабходныя прэпараты, якія разрэджваюць кроў. І многія жанчыны ў выніку нарадзілі доўгачаканых малых.

- У сувязі з гэтым правядзенне ДНК-дыягностыкі ў жанчын са звыклымі выкідкамі для вызначэння генетычных варыянтаў рызыкі, несумненна, мэтазгоднае, - тлумачыць спецыяліст. - Нашыя генетыкі ў сілах абследаваць усіх жанчын дзетароднага ўзросту краіны, каб выявіць у іх неспрыяльныя гены, дапамагчы выносіць дзіця і такім чынам павысіць нараджальнасць у краіне.

Абследаванне нятаннае, але, калі ўлады дапамогуць з фінансаваннем, абследаванне будучых мам можа стаць бясплатным.

- Як вы выявілі сувязь паміж неспрыяльнымі генамі і невыношваннем цяжарнасці?

- Мы правялі навуковыя даследаванні, распрацавалі інструкцыю ў выяўленні спадчыннай тромбафіліі і зацвердзілі яе ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі. У рамках гэтай інструкцыі мы стварылі сістэму выяўлення генетычнай схільнасці да невыношвання цяжарнасці, якая ўключае аналіз дзесяці найбольш важных генетычных маркераў.

Да цяперашняга часу мы пратэставалі гены парадку 900 жанчын, якія выказалі жаданне праверыць генетычную схільнасць да невыношвання цяжарнасці.

Дарэчы, жанчыны, якія прайшлі генетычнае абследаванне ў нашай лабараторыі, папярэджаныя не толькі аб магчымых рызыках падчас цяжарнасці. Генетычны пашпарт складаецца адзін раз у жыцці, паколькі гены з узростам не мяняюцца, і ў будучыні веды аб генетычных рызыках могуць выратаваць гэтых жанчын ад магчымых інфарктаў, інсультаў і многіх іншых хвароб.

Фота: kp.by

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках