3 траўня 2024, Пятніца, 0:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Адказ Крамлю: Еўропа ўмацоўвае абарону

3
Адказ Крамлю: Еўропа ўмацоўвае абарону

Напад Расеі на Украіну рызыкуе ператварыцца ў глабальную вайну.

Такую заяву зрабіў старшыня Еўрапейскай Рады Херман ван Рампей.

Такім чынам, у Еўропе ўжо адкрыта загаварылі пра пагрозу поўнамаштабнага канфлікту, які можа стаць самым смяротным за апошнія дзесяцігоддзі, пішуць "Подробности".

ЕЗ сур'ёзна асцерагаецца нарошчвання вайсковай моцы Крамля, таму апошнім часам ён актыўна купляе баявую тэхніку, праводзіць вучэнні і правярае боегатоўнасць свайго войска.

"Справа ідзе да вайны"

"Справа ідзе да вайны на кантыненце, якая рызыкуе стаць самай смяротнай з часу балканскіх войнаў", - заявіў Херман ван Рампей.

На жаль, старшыня Еўрапейскай Рады не абгаварыў, якія менавіта балканскія войны ён меў на ўвазе, альбо вайну 1913 года, якая стала перадумовай для Першай сусветнай вайны. Альбо чараду канфліктаў у былой Югаславіі, якія доўжыліся з 1991 да 2001 год, уключаючы бамбаванне краіны сіламі NATO.

Але, са слоў Хермана ван Рампея, канфлікт яшчэ можна прадухіліць, так, замест неэфектыўных менскіх пагадненняў неабходна выпрацаваць "глабальнае рашэнне".

"З моманту спынення агню паводле менскага пратаколу ад 5 верасня загінула каля 1 тысячы чалавек. Я больш не называю гэта спыненнем агню. Будучым спыненням агню прыгатаваная тая ж доля, калі мы абмяжуемся кіраваннем сітуацыі на месцы. Трэба глабальнае рашэнне", - заявіў Рампей.

Пры гэтым, як заяўляе старшыня Еўрапейскай Рады, еўрапейскія краіны змаглі б выступіць адзіным фронтам у падтрымку Украіны супраць Расеі, нягледзячы на рознагалоссі, звязаныя з энэргетычнымі інтарэсамі, геаграфічнай сітуацыяй і гістарычным досведам.

Калі ж гэтага не здарыцца, то, мяркуючы па ўсім, глабальную вайну прадухіліць ужо не атрымаецца. І менавіта да такога песімістычнага сцэнару рыхтуюцца па абодва бакі, пакуль яшчэ, эканамічна-палітычнага супрацьстаяння.

Падрыхтоўка ў Еўропе

Еўропа праходзіць не самыя лепшыя гады ў эканоміцы, але актыўна пачынае павышаць сваю абараназдольнасць. Купляецца баявая тэхніка, праводзяцца вучэнні і праверка боегатоўнасці.

Напрыклад, толькі ў гэтым годзе Нямеччына дадаткова закупіла 131 бронетранспарцёр тыпу Boxer і старанна праверыла стан узброеных сілаў.

Польшча ўзмацняе свае брыгады сотняй нямецкіх танкаў Leopard 2A5 і купляе ў ЗША найноўшыя крылатыя стэлс-ракеты. Эстонія закупляе ў Нідэрландаў 44 БМП Strf 90, а Фінляндыя даўзброілася сотняй Leopard 2A6.

У сваю чаргу вайскоўцы NATO праводзяць ва Усходняй Еўропе вучэнні.

Кіраўніцтва NATO адкрытым тэкстам ужо заяўляе, што здольнае абараніць сваіх чальцоў ад любых пагроз.

"Літва і іншыя краіны Балтыі - сябры NATO. Альянс настроены рашуча. NATO - моцны альянс, здольны абараніць сваіх чальцоў ад любых пагроз", - адзначыў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг.

Так, за адзін толькі год NATO узмацніў авіягрупоўку ў краінах Балтыі ў пяць разоў, што стала адказам на правакацыйныя палёты Расеі.

"Цяпер самалётаў у пяць разоў больш, чым год таму. Мы захаваем нашу прысутнасць у рэгіёне столькі, колькі будзе трэба", - заявіў Столтэнберг.

Падрыхтоўка ў Расеі

Крамлём апошнія гады праводзіцца палітыка маштабных уліванняў сродкаў у вайсковую сферу.

Так, у Расеі на войска ў апошнія гады марнуецца каля 3% ад ВУП або ад 14% усіх агульных расходаў бюджэту. А на 2015 год Пуцін павялічыў выдаткі на войска на траціну, у грашовым эквіваленце выдзеленая сума складзе каля $80 мільярдаў даляраў. Адзначым, што паводле праекту бюджэту Украіны на 2015 год, уся расходная частка склала каля $31 мільярда згодна з сённяшнім курсам даляра.

Дзякуючы такім буйным уліванням на працягу некалькіх гадоў войска Расеі змагло пачаць пераход на новыя ўзоры тэхнікі ад новых самалётаў і танкаў, да сістэм сувязі і пяхотнага ўзбраення.

Пры гэтым вялікая частка навінак ужо актыўна праходзіць палявыя выпрабаванні на Данбасе, куды рэгулярна прыходзяць паведамленні аб новых "Іскандэрах", "Панцырах" і іншых вырабах расейскага ваенкама.

На перадавых авіябазах разгортваецца ўдарная авіяцыя, перакідваюцца новыя знішчальнікі, на новых кірунках ствараюцца паўнавартасныя баявыя групоўкі, напрыклад, у Крыме і Арктыцы, а летнія вучэнні ў Расеі сталі самымі маштабнымі з часоў СССР.

Акрамя таго, расейскія рэгулярныя часткі атрымліваюць бясцэнны досвед баявых дзеянняў, змагаючыся супраць Украіны ў Данбасе. Адпрацоўваючы не толькі артылерыйскія ўдары, але і выкарыстанне беспілотнікаў, танкаў і наземных аперацый.

І пакуль ЗША і Еўропа ўсё яшчэ не можа вызначыць, ці пастаўляць зброю Украіне і як развязваць пытанне аб сяброўстве ў NATO, сама Украіна, фактычна ў адзіночку стрымлівае ўсю агрэсію Расеі, рызыкуючы апынуцца ўдзельніцай ужо не гібрыднай, а поўнамаштабнай вайны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках