4 траўня 2024, Субота, 23:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрась Беленькі: Масква выкарыстоўвае інфармацыйную зброю супраць беларусаў

15
Юрась Беленькі: Масква выкарыстоўвае інфармацыйную зброю супраць беларусаў

Лідары Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ заклікалі беларусаў абараняць сваю родную мову.

У пачатку мітынгу ў Курапатах пасля заканчэння шэсця, прысвечанага Дню памяці продкаў, кіраўнік інфармацыйна-прапагандысцкай камісіі партыі Валерый Буйвал зачытаў зварот лідара КХП БНФ Зянона Пазняка, піша БелаПАН.

Пазняк заклікаў суайчыннікаў абараняць сваю мову, якая, з ягоных слоў, з'яўляецца зброяй супраць імперскай пагрозы Расеі. Пазняк адзначыў, што ўсе ахвяры, якія панесла Беларусь, - гэта вынік вайны з «варварскім усходам». І сёння, перакананы лідэр партыі, Расея ставіць задачу знішчыць беларускую мову. Зянон Пазняк заклікаў моладзь звяртацца да нацыянальнай культуры, мовы, гісторыі ў імя адраджэння Беларусі.

Намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі, у сваю чаргу, заявіў: «Расея сёння выкарыстоўвае інфармацыйную зброю ў дачыненні да Беларусі, каб «забіць беларусаў як нацыю». «Ва Украіне Расея вядзе вайну адкрытую, у Беларусі - інфармацыйную. Сёння ідзе русіфікацыя нашай свядомасці. Гэта адбываецца з дапамогай расейскай тэлевізіі, якая насаджае нам рускую мову, знішчаючы беларускую», - заявіў Беленькі. Ён таксама дадаў: бяда рускага народа заключаецца ў тым, што «ён так і не зразумеў, што такое дабро і зло».

Мітынг у Курапатах завяршыўся а 15:00, у ім бралі ўдзел блізу 400 чалавек. Пасля выступленняў удзельнікі акцыі ўсталявалі драўляныя крыжы, якія неслі з сабой ад Менскага гадзіннікавага завода, і запалілі свечкі.

За ходам мітынгу назіралі супрацоўнікі міліцыі ў форме і людзі ў цывільным. Падчас акцыі інцыдэнтаў не было, але пасля мітынгу журналісты сталі сведкам затрымання мужчыны сярэдніх гадоў. Яго пад рукі завялі ў мікрааўтобус два чалавека ў цывільным.

Паводле інфармацыі відавочцаў, падчас шэсця па горадзе таксама былі затрыманыя грамадскі актывіст Сяргей Бахун і яшчэ адзін удзельнік акцыі. Іх затрымалі пасля таго, як абодва адышлі ад калоны і накіраваліся ў метро. Неўзабаве затрыманых адпусцілі.

Нагадаем, шэсце і мітынг былі традыцыйна арганізаваны КХП-БНФ і санкцыянаваныя ўладамі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках