1 траўня 2024, Серада, 1:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Міністэрстве аховы здароўя не чакалі такой лютасці пацыентаў

49
У Міністэрстве аховы здароўя не чакалі такой лютасці пацыентаў

Ужо некалькі дзён беларусы абмяркоўваюць навіну пра тое, што згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя рэцэпты цяпер забіраюць у аптэцы.

Таму хворым, каб атрымаць лекі на прадаўжэнне лячэння, прыходзіцца кожны раз ісці да лекара.

У паліклініцы №17, якую ўжо тыдзень наведвае карэспандэнт «Еўрарадыё», шмат людзей каля рэгістратуры. Чэргі былі і раней, але ніколі не здаралася сустрэць у ліфце адразу трох пацыентаў з кучай рэцэптаў «ад ціску»! У працэдурнай людзі бурчаць: дактарам няма іншай працы, акрамя як займацца пісанінай.

Доктар Вольга з Верхнядзвінска па-свойму імкнецца зразумець міністэрства: нельга прымаць лекі проста так. Але заўважае, што ў лекараў сапраўды павысілася колькасць «пісаніны».

«Папяровай працы вельмі шмат, нагрузка на медсясцёр каласальная! Але ж у Еўропе ніхто ніколі не прадасць вам лекі проста так. Калі ў чалавека артэрыяльная гіпертэнзія, ён абавязаны прыходзіць да лекара раз у паўгода. Чалавеку ж можна выпісаць рэцэпт на паўгода адразу! Атрымліваецца, не сам чалавек зацікаўлены ў сваім здароўі, а медыкі павінны яго цягнуць?» - стрымліваецца ад лішніх эмоцый доктар.

Больш, чым паліклінікі, пакутуюць ад змен аптэкары, якім прыходзіцца тлумачыць новаўвядзенні раздражнёным пацыентам. Каб не ганяць хранічна хворых да лекара, яны пастанавілі капіяваць рэцэпты.

«Крычаць, абражаюць, матам абкладваюць, - скардзяцца аптэкары на вуліцы Рафіева ў Менску. - Мы робім ксеракопіі рэцэптаў для хронікаў. Але вы зразумейце, некаторыя інваліды ледзь ходзяць, куды ім з паперкамі цягацца».

Радыё ўжо расказвала аб праблемах, якія ўзніклі ў хранічна хворых людзей: яны павінны былі наведаць лекара, каб выпісаць новыя рэцэпты. Медыкі папярэджваюць: можна выпісаць рэцэпт на шэсць месяцаў адразу. І раз хранічны пацыент ўсё роўна абавязаны з'яўляцца да лекара раз у паўгода, тады яму і выпішуць лекі.

Начальнік аддзела арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Наталля Мурашка кажа, што пра скаргі ў ведамстве ведаюць: штодня ім тэлефануюць і нават прыходзяць, каб выказаць прэтэнзіі. Пацыентам не падабаецца, што абмежавалі іх свабоду ў выбары лекаў, кажуць: «Гэта маё здароўе і мае грошы, я хачу купіць тое, што хачу».

Са слоў Наталлі Мурашкі, у міністэрстве не чакалі такой лютасці, таму што нічога, акрамя таго, што рэцэпты забіраюцца, не змянілася. Праблема, на яе думку, у тым, што народ не хоча ісці да лекараў.

«Самі лячыліся, самі прызначалі сабе лекі, самі паміралі. Вось гэтыя дні, як вы кажаце, напружаныя ў рэцэптах, паказалі, што асноўныя прэтэнзіі былі па аральным кантрацэптывам. Ні антыбіётыкі, ні якія іншыя лекі, а па гарманальныя! Нашы жанчыны самі сабе прызначалі і пілі. Людзі іх столькі з'елі, вы сабе не ўяўляеце! Вы ўспомніце, калі вам канкрэтна выпісвалі! Дзяўчаты ў нас пачынаюць іх піць з ранняга ўзросту, а потым такія дзікія праблемы!».

Супрацоўніца міністэрства дадае, што да наплыву хранічных хворых за новымі рэцэптамі падрыхтаваліся - трапіць да лекара можна без запісу, і паўсюль у паліклініках вісяць аб'явы.

У Міністэрстве прыводзяць прыклад, што блізу 60% лекаў прадаецца без рэцэпту, у тым ліку і некаторыя антыбіётыкі.

«Чаму людзі не абураюцца тым, што, каб ездзіць на машыне, трэба атрымліваць правы? Чаму ў нас без правоў ездзіць нельга, хоць сусед навучыў і ты добра ездзіш? А калі зайшла гаворка пра здароўе, пайшло абурэнне. У нас прывыклі вельмі лёгка ставіцца да свайго здароўя. Вы паглядзіце, кожны ўмее лячыць гіпертанію! А ў выніку што? На першым месцы па смяротнасці ў нас гіпертонікі! Мы забыліся, што лекі - гэта і яд. Выбачайце, уколам інсуліну можна забіць чалавека!» - кажа Наталля Мурашка.

Наталля Мурашка кажа, што з часам з'явіцца і электронны рэцэпт. Над гэтым працуюць ва ўстанове. Першым да гэтай навінкі падключаць ўвесь Менск, а потым такую практыку увядуць па ўсёй краіне.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках