1 траўня 2024, Серада, 11:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прапагандыст Новікаў застаўся працаваць на БТ

19
Прапагандыст Новікаў застаўся працаваць на БТ

Яўген Новікаў застаецца штатным супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі

Закрыццё праграмы «Правы чалавека: погляд у свет» ніяк не звязанае з яго стаўленнем да падзеяў ва Украіне, а сам прапагандыст застаецца супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі. Пра гэта ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявіла кіраўніца прэс-службы Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская.

«Тая інфармацыя, якую сёння паспяшаліся распаўсюдзіць некаторыя СМІ пра тое, што «Новікава выгналі з БТ», яна, мякка кажучы, абсурдная і не адпавядае рэчаіснасці. На сёння Яўген Новікаў працягвае заставацца супрацоўнікам Белтэлерадыёкампаніі і працуе ў штаце нашага медыяхолдынгу.

Праграма «Правы чалавека: погляд у свет» не выходзіць у эфір на тэлеканале «Беларусь-24», і гэта абсалютна нармальная практыка, бо любы тэлевізійны праект рана ці позна зачыняецца і спыняе сваё існаванне, калі гаворка не ідзе пра інфармацыйную праграму. А ў гэтым выпадку мы кажам пра праграму, якая выходзіла на беларускім тэлебачанні больш за 10 гадоў - для тэлевізійнага праекта гэта досыць вялікі тэрмін.

Яўгену Новікаву, у сваю чаргу, прапанавана распрацаваць і прадставіць новую канцэпцыю арыгінальнай праграмы любога фармату і жанру.

Што тычыцца тэлеканала «Беларусь 24», то на сёння наш міжнародны тэлеканал працягвае сваё вяшчанне ва Украіне, сігнал даступны праз спадарожнікавыя антэны, абвесткі ад кабельных аператараў пра разрыў стасункаў у Белтэлерадыёкампанію не паступала», - адзначыла яна.

На просьбу пракаментаваць заяву Новікава, што закрыццё праграмы звязана з яго «прынцыповай пазіцыяй» з нагоды падзей ва Украіне, Смалонская-Краскоўская адзначыла, што «гэта аўтарская пазіцыя Яўгена Новікава».

Вядомы прапагандыст Яўген Новікаў, вядучы праграмы «Правы чалавека: погляд у свет», заявіў, што яе зачынілі. З ягоных слоў, прычынай стала яго пазіцыя што да ўкраінскіх падзей. Цяпер яго праграма выходзіць на расейскім радыкальным нацыяналістычным рэсурсе «Крамола».

15 кастрычніка Нацыянальная рада Украіны ў пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання прызнала тэлеканал «Беларусь-24» неадпаведным патрабаванням Еўрапейскай канвенцыі аб трансгранічным тэлебачанні, а таксама з заканадаўствам Украіны, і звярнулася ў суд з пазовам аб забароне вяшчання на сваёй тэрыторыі.

Падставай для гэтай пастановы сталі скаргі тэлегледачоў, а таксама выбарачны маніторынг, які правялі ўкраінскія чыноўнікі, адказныя за медыйную палітыку.

У праграме «Правы чалавека. Погляд у свет» на тэлеканале «Беларусь 24» гледачы выявілі антыўкраінскую прапаганду і скажэнне інфармацыі пра падзеі ва Украіне.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках