Генеральны сакратар Рады Еўропы: Смяротнае пакаранне не з'яўляецца правасуддзем
11- 5.11.2014, 16:37
- 6,361
Генеральны сакратар Рады Еўропы Турб'ерн Ягланд заклікаў беларускія ўлады ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.
Адпаведную заяву ён зрабіў у сувязі з інфармацыяй аб прывядзенні ў выкананне прысуду аб вышэйшай меры пакарання ў дачыненні да 26-гадовага гамельчука Аляксандра Грунова, піша БелаПАН.
Турб'ерн Ягланд падкрэслівае, што глыбока занепакоены інфармацыяй аб трэцім смяротным пакаранні ў Беларусі.
«Смяротнае пакаранне - гэта не правасуддзе. Яно супярэчыць усім еўрапейскім каштоўнасцям, - адзначыў ён. - Я заклікаю ўлады Беларусі неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне і замяніць [на пажыццёвае зняволенне] ужо вынесеныя смяротныя прысуды».
Пра тое, што прысуд у дачыненні да 26-гадовага гамельчука Аляксандра Грунова, асуджанага на смяротнае пакаранне, прыведзены ў выкананне, паведамілі напярэдадні беларускія праваабаронцы. Гэта ўжо трэцяе з пачатку года пакаранне ў Беларусі. Між тым, афіцыйнага пацверджання таго, што прысуд прыведзены ў выкананне, пакуль няма.
Напярэдадні таксама стала вядома аб тым, што Лукашэнка адмовіў Аляксандру Грунову ў памілаванні - справа Грунова з адпаведнай паметкай вярнулася ў Гомельскі абласны суд. Паведамлялася таксама, што ўсе працэсуальныя дзеянні ў абскарджанні смяротнага прысуду выкарыстаныя.
Аляксандр Груня прызнаны вінаватым у забойстве гомельскай студэнткі Наталлі Емельянчыкавай. Дзяўчына загінула ў верасні 2012 года - ёй было нанесена больш за 100 нажавых раненняў. Гэта забойства Груня здзейсніў праз год пасля адбыцця пакарання за жорсткае збіццё сужыцеля сваёй маці, у выніку якога той сканаў.