28 красавiка 2024, Нядзеля, 2:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец запрашае на курсы «духоўнага спецназа»

2
Павел Севярынец запрашае на курсы «духоўнага спецназа»

11 лістапада ў Мінску а 18.00 на Чарнышэўскага, 3 пачнуцца курсы «Ды-джэяў Адраджэнне».

У інтэрв'ю прэс-службе БХД заснавальнік курсаў, сустаршыня БХД Павел Севярынец распавёў пра гісторыю стварэння і мэты гэтай адукацыйнай лідарскай праграмы.

- Гэта праграма для моладзі, якая павінна рыхтаваць актыўных грамадскіх лідараў у галіне беларусізацыі на хрысціянскіх прынцыпах. Рыхтуюцца людзі, якія могуць праводзіць яркія мерапрыемствы, канцэрты, арганізоўваць разнастайныя шоў, быць грамадскімі лідарамі, крэатывіць ў галіне PR - і пры гэтым закладваць каштоўнасны падмурак для маладога пакалення.

- Якія напрамкі распрацоўваюцца на курсах?

- Падрыхтоўка вядзецца адразу ў некалькіх накірунках: інфармацыйныя тэхналогіі, псіхалогія масавая і індывідуальная, практычныя выпрабаванні. Будучыя ды-джэі адпраўляюцца, так бы мовіць, «з парашутам» у беларускія мястэчкі, каб праводзіць там «шоў Беларушчыны», камандна праводзіць акцыі, якія павінны трапіць у нацыянальныя СМІ, арганізуюць віктарыны і гэтак далей.

- У чым «разыначка» навучання?

- Увесь працэс заснаваны на тым, што за кожнае хатняе заданне, за кожнае выпрабаванне, за кожны выступ ды-джэям налічваюцца балы. Пачатковы рэйтынг даецца пасля тэсту. І 12 лепшых - паводле гэтага рэйтынгу - нарэшце становяцца пераможцамі курсаў.

- Як гэта ўсё пачыналася?

- Пачыналася ўсё ў 1999-м у легендарным «Маладым фронце». За ўсю гісторыю курсаў было падрыхтавана блізу 100 ды-джэяў. Сярод іх - кіраўніца «Маладога Фронту» Наста Палажанка, лідары «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч і «Альтэрнатывы» Алег Корбан, пераможца міжнароднай алімпіяды ў гісторыі Сяргей Васільеў, адзін з кіраўнікоў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Дзяніс Садоўскі, прэс-сакратар Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Барыс Гарэцкі, чэмпіён Беларусі ў пажарным спорце Мікалай Тамашэвіч, міжнароднік Сяргей Лісічонак, грамадскія актывісты Андрэй Кім, Алёна Валынец, Ірына Губская, Наталля Васілевіч, Кірыл Шык, журналісты Канстанцін Шыталь, Віталь Зыблюк, Аксана Рудовіч... Гэтыя курсы ў нас назвалі падрыхтоўкай «духоўнага спецназа».

- Для чаго маладому беларусу марнаваць свой час на такую падрыхтоўку?

- Курсы «Ды-джэяў Адраджэньне» - гэта элітная праграма экстрым-удасканалення. Расея, Лукашэнка, людская млявасць і абыякавасць да жыцця так проста нам Беларусь не аддадуць. Тут патрэбен духоўны гарт, топавыя напрацоўкі ў галіне лідарскіх і інфармацыйных тэхналогій, выпрабаванні з кансультацыйнай падтрымкай ды-джэяў «са стажам». Дыджэйскі курсы - гэта 12 тыдняў, якія дапамогуць зэканоміць некалькі гадоў самастойных намаганняў, умацаваць падмурак свайго паклікання, сфармаваць сваё бачанне і аб'яднацца з аднадумцамі і паплечнікамі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках