27 красавiка 2024, Субота, 17:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алвіс Херманіс: Пуцін павёў сябе не па-мужчынску (Відэа)

16

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін наведаў спектакль "Апавяданні Шукшына", пастаноўшчыкам якога з'яўляецца латвійскі рэжысёр Алвіс Херманіс, унесены Расеяй у "чорны спіс".

Пуцін пахваліў спектакль і рэжысёра, тады як Херманіс выступіў з заявай, у якой абвінаваціў прэзідэнта Расеі ў тым, што той паступіў не па-мужчынску.

Як паведамляе DELFI, рэжысёр распаўсюдзіў заяву, у якой сцвярджаецца, што прэзідэнт Расеі непаважліва павёў сябе ў грамадскім месцы - пасля спектакля выйшаў на сцэну і сказаў "прапагандысцкую прамову, у якой паспрабаваў зрабіць сваім ідэалагічным саюзнікам пісьменніка Васіля Шукшына, якога даўно ўжо няма ў жывых і ў якога няма магчымасці супраціўляцца гэтай маніпуляцыі".

"Добра ведаючы біяграфію і творчасць Шукшына, моцна сумняваюся ў тым, што пісьменнік стаў бы саюзнікам Пуціна, калі б ён дажыў да падзей нашых дзён. Пачнем з таго, што ягонага бацьку ў 1933 спачатку арыштавалі, а затым расстралялі чэкісты. У ягоных літаратурных працах паміж радкамі адчуваецца даволі негатыўнае стаўленне да савецкай улады (наколькі гэта дазваляла цэнзура таго часу)", - піша Херманіс.

"Шукшын увасабляў самыя лепшыя рысы рускага чалавека. (..) Ніколі не паверу, што ён падтрымаў бы і далучыўся б да савецкай люмпенізаванай псіхадэліі, якая цяпер дамінуе ў расейскім грамадстве, і якую Пуцін спрабуе спакаваць як адраджэнне рускай духоўнасці. У апошні час ідэолагі Пуціна ў сваіх публікацыях рэгулярна спрабуюць выставіць сваімі саюзнікамі ўжо даўно памерлых класікаў рускай культуры, пачынаючы з Пушкіна і заканчваючы Высоцкім. Гэта ганебныя тактыка, і дакладна гэтак жа не па-мужчынску дзейнічаў Пуцін у дачыненні да Шукшына 4 лістапада", - мяркуе рэжысёр.

"Ніхто ў свеце не адмаўляе таго, што ў расейскай культуры вялікая гісторыя, але гэтыя даўно памерлыя людзі не маюць ніякай сувязі з антырускай ідэалогіяй Пуціна. Тое, што прэзідэнт Расеі наведвае спектакль, рэжысёр якога роўна месяц таму быў уключаны ў чорны спіс гэтай краіны, вядома, толькі даказвае тое, што ў Крамлі зараз правая рука не ведае, што робіць левая. Гэта сведчыць аб няўзгодненых паводзінах, якія небяспечныя менавіта таму, што ўжо не лагічныя. Як зламаная цацка, рух якой ужо нельга прагназаваць", - піша Херманіс.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках