27 красавiка 2024, Субота, 18:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Старшыня Еўракамісіі быў замяшаны ў скандале з ухіленнем фірмаў ад падаткаў

5
Старшыня Еўракамісіі быў замяшаны ў скандале з ухіленнем фірмаў ад падаткаў

У Еўропе разгараецца скандал вакол некаторых найбуйнейшых сусветных кампаній, у які стаў замяшаны Юнкер.

У Еўропе разгараецца скандал вакол журналісцкага расследавання, якое атрымала назву "Luxembourg Leaks" (або скарочана "LuxLeaks"). Паводле звестак, апублікаваных Міжнародным кансорцыумам журналісцкіх расследаванняў (ICIJ), некаторыя найбуйнейшыя сусветныя кампаніі, такія як Apple, IKEA, Pepsi, а таксама шэраг найбагацейшых сем'яў у Люксембургу хавалі ад падаткаў прыбыткі, атрыманыя ў краінах свайго базіравання. Расследаванне закранае і лёс старшыні Еўракамісіі Жан-Клода Юнкера, які лічыцца адным з "архітэктараў" прывабнай падатковай сістэмы Люксембурга, паведамляе бельгійская газета Libre Belgique.

Намеснік старшыні фракцыі Левай партыі ў нямецкім парламенце (бундэстагу) Сара Вагенкнехт абвінаваціла старшыню Юнкера ў аказанні садзейнічання буйным канцэрнам ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, паведамляе ТАСС.

На яе думку, улады Люксембурга пад кіраўніцтвам Юнкера доўгія гады дапамагалі карпарацыям знізіць іх падатковую нагрузку. Прычым гэтыя дзеянні, на думку Вагенкнехт, "мелі мэтай прызначэнні на самыя высокія пасады ў Еўропе".

Эксперт у фінансавых пытаннях фракцыі Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны ў бундэстагу Карстэн Шнайдэр запатрабаваў ад Юнкера неадкладнага тлумачэння ў сувязі з апублікаваным расследаваннем.

У сваю чаргу лідар французскай ультраправай партыі Марын Ле Пен заклікала люксембуржца Жан-Клода Юнкера сысці ў адстаўку ў сувязі з "LuxLeaks", паведамляе "Інтэрфакс". "З улікам гэтага міжнароднага скандалу, які прадстаўляе як маральна-этычныя, так і палітычныя праблемы "Нацыянальны фронт" патрабуе адстаўкі спадара Юнкера", - заявіла яна.

У расследаванні гаворыцца, што ў Люксембурга існуюць таемныя падатковыя пагадненні з 340 найбуйнейшымі карпарацыямі свету, у прыватнасці, Apple, IKEA, Amazon, Pepsi, банк Crédit agricole, 26 прадпрыемстваў і сем'яў з Бельгіі. На падставе пагадненняў ад 2002 і 2010 гадоў гэтыя найбуйнейшыя падаткаплацельшчыкі атрымалі з боку падатковых службаў Люксембурга спецыяльныя дазволы, якія дазваляюць, паводле слоў журналістаў, эканоміць мільярды еўра на фіскальных зборах, страчаных для тых дзяржаў, у якіх даходы былі атрыманыя. Гэта ажыццяўлялася, у прыватнасці, праз стварэнне ў Люксембургу філіялаў прадпрыемстваў або перанос туды іх штаб-кватэр.

Дадамо, што Юнкер доўгія гады займаў пасады прэм'ера і міністра фінансаў Люксембурга. У цяперашні час, узначальваючы выканаўчы орган ЕЗ, палітык павінен каардынаваць расследаванні адносна фіскальных прэферэнцый, якія прадстаўляюцца шэрагам краін, у тым ліку Люксембургам. Кіраўнік Еўракамісіі заявіў, што не мае намеру ўмешвацца ў расследаванні, якімі будзе кіраваць член ЕК у пытаннях канкурэнцыі Маргрэт Вестагер.

Цяперашні прэм'ер-міністр Люксембурга Ксавье Бэтэль запэўніў, што падатковая практыка герцагства адпавядае міжнароднаму заканадаўству. Паводле сцвярджэння міністра фінансаў герцагства П'ера Граменья, фіскальныя пастановы люксембургскай падатковай службы, якія дазвалялі мульцінацыянальным кампаніям мінімізаваць свае падаткі на шкоду іншым дзяржавам, "не з'яўляюцца спецыяльнай асаблівасцю Люксембурга, іх практыкуюць многія еўрапейскія краіны".

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках