27 красавiка 2024, Субота, 13:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Каталоніі пачалося апытанне наконт незалежнасці

4
У Каталоніі пачалося апытанне наконт незалежнасці

У Каталоніі роўна а 9 раніцы паводле мясцовага часу адкрыліся ўчасткі, на якіх усе жадаючыя могуць узяць удзел у апытанні наконт незалежнасці аўтаноміі ад Гішпаніі.

Кожнаму выдадуць канверт з бюлетэнем, дзе значацца два пытанні: «Ці жадаеце Вы, каб Каталонія стала дзяржавай?» і «Калі так, то ці жадаеце Вы, каб Каталонія стала незалежнай дзяржавай?»

Арганізатары апытання, хоць і прызнаюць, што пытанні сфармуляваныя не найлепшым чынам, але ўсё ж мяркуюць, што яны даюць магчымасць выказацца ўсім - і апанентам незалежнасці, і прыхільнікам федэральнага ўладкавання Гішпаніі, і прыхільнікам захавання цяперашняга статусу аўтаноміі, паведамляе РІА Новости.

Усяго ў Каталоніі будуць адкрытыя ўчасткі ў 1317 установах аўтаноміі - у асноўным у школах і мэрыях. Позна ўвечары ў суботу ўрад аўтаноміі ў тэрміновым парадку выпусціў прэс-рэліз, у якім патлумачыў, што «адказнасць за доступ ва ўсе грамадскія будынкі» нясе ён. Так урад адказаў на дзеянні гішпанскіх уладаў, якія распачалі ў апошні момант чарговую спробу перашкодзіць правядзенню апытання.

Генпракуратура Каталоніі паводле загада Мінюста Гішпаніі пачада следчыя дзеянні, мэта якіх - усталяваць, ці ўтрымліваецца склад злачынства ў выкарыстанні памяшканняў дзяржаўных школ і мэрый для правядзення апытання 9 лістапада. Прынамсі, пракуратура запатрабавала ад праваахоўных органаў праінфармаваць пра тых людзей, якія далі дазвол на правядзенне апытання ў кожным з будынкаў.

Акрамя таго, пракуратура запатрабавала ад дэпартамента адукацыі ўрада паведаміць, «ці існуюць загады» каталонскіх уладаў з нагоды перадачы памяшканняў школ для апытання. Пракуратура таксама звярнулася да паштовай службы Unipost з просьбай прадставіць поўную інфармацыю аб рэкламе і агітацыйнай прадукцыі, якую яна адпраўляла, у тым ліку прозвішчы людзей і назвы арганізацый, якія далі кампаніі спісы атрымальнікаў.

Афіцыйных «выбарчых» спісаў няма, узяць удзел можа кожны жыхар Каталоніі, старэйшы за 16 гадоў - у тым ліку і замежнікі, якія пастаянна жывуць тут. Першы ўчастак адкрыўся яшчэ 8 лістапада - калі ў Гішпаніі было 23.00, пачалі галасаваць каталонцы, якія жывуць у Сіднэі.

У агульнай складанасці за межамі Гішпаніі працуюць 18 участкаў - у Брусэлі, Берліне, Лондане, Парыжы і Нью-Ёрку, там, дзе ёсць прадстаўніцтва Каталоніі, а таксама ў шэрагу гарадоў, дзе існуюць цэнтры развіцця бізнэсу Каталоніі, - Мілане, Капенгагене, Манрэалі, Сан-Хасэ (Каліфорнія), Мехіка, Сан-Паўлу, Багаце, Буэнас-Айрэсе, Сант'яга-дэ-Чылі, Сіднэі, Токіё, Ганконгу і Андоры. Галасаванне 9 лістапада не скончыцца - калі хтосьці не змог узяць удзел у апытанні у гэты дзень, то ў яго будзе магчымасць зрабіць гэта да 25 лістапада на пэўных участках.

Сачыць за ходам апытання будуць міжнародныя назіральнікі. У Каталонію прыехалі восем дэпутатаў з розных еўрапейскіх краін - Бельгіі, Францыі, Нямеччыны, Славеніі, Швецыі, Вялікай Брытаніі. У дзень апытання яны маюць намер наведаць каля 30 участкаў, размешчаных у розных частках аўтаноміі. Узначальвае дэлегацыю шатландзец Іан Дункан, чалец кансерватыўнай партыі Еўрапарламента. На прэс-канферэнцыі, якая адбылася напярэдадні, ён заявіў, што «абараняў ідэю уніянізму падчас рэферэндуму ў Шатландыі». «Але перш чым я уніяніст, я дэмакрат. Галасаваць гэта не злачынства», - заявіў ён.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках