27 красавiка 2024, Субота, 12:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітычны турызм Лукашэнкі: прыемнае з бескарысным

45

Лукашэнка са світай прабыў у ААЭ больш за тыдзень.

Чацвёртае па ліку наведванне Лукашэнкам Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, сціпла ахарактарызаванае як «працоўны візіт», некалькі нечакана апынулася вельмі працяглым.

Шматлікая беларуская дэлегацыя знаходзілася там як мінімум з 25 кастрычніка да 2 лістапада, піша аглядальнік Андрэй Фёдараў на сайце «Беларускія навіны».

Што, праўда, зусім не гарантуе даўно абяцанага прарыву ў стасунках з Абу-Дабі. Ды і з астатнімі манархіямі Персідскага заліва справы ідуць не найлепш.

Традыцыйна намечаная прыгожая лічба - 500 млн даляраў

Паводле афіцыйнай інфармацыі, дзелавых кантактаў у беларускага дыктатара было няшмат. Да таго ж кідаецца ў вочы амаль поўная адсутнасць канкрэтыкі.

Прынамсі, на сустрэчы з наследным прынцам эмірата Абу-Дабі шэйхам Мухамедам бен Заідам аль-Нахаянам суразмоўцы толькі далі даручэнні вызначыць 3-4 ключавых праекты, рэалізацыя якіх дазволіла б вывесці стасункі паміж дзвюма краінамі на якасна новы ўзровень.

У мінулым годзе Беларусь і ААЭ нагандлявалі на 49 млн даляраў. Калі ўзгадаць, што ў 2006-м гэты паказчык складаў 26 млн даляраў, то варта прызнаць наяўнасць росту, хоць і не занадта значнага для такога перыяду. У той жа час пры такіх невялікіх абсалютных лічбах цяжка казаць пра ўстойлівую тэндэнцыю.

Нягледзячы на гэта, беларускім бокам было абяцана даць указанне ўраду неадкладна сфармаваць групу тавараў, у якіх маюць патрэбу ААЭ, каб абавязкова ў будучым годзе выйсці на аб'ём тавараабароту ў 500 мільёнаў даляраў.

Але падобныя мэты даўно ставяцца практычна на ўсіх перамовах з замежнымі прадстаўнікамі. Вось толькі пра дасягненні іх пакуль казаць складана.

Даўнія, але няпростыя партнёры

Цяжка пагадзіцца з меркаваннем некаторых айчынных аналітыкаў, што Беларусь на арабскім Усходзе шукае замену згубленаму супрацоўніцтву з Венесуэлай. Хоць бы таму, што кантакты з манархіямі Персідскага заліва пачаліся задоўга да дружбы афіцыйнага Менска з Уга Чавесам.

Пачынаючы з 2001 года, візіты адбыліся ў пяць з іх - па не цалкам зразумелых прычынах выключэнне склала Саудаўская Аравія.

Пры гэтым галоўнымі меркаваннямі заўсёды былі менавіта эканамічныя: спробы пашырыць гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне, а таксама пошук новых крыніц інвестыцый і крэдытаў, паколькі гэтыя дзяржавы валодаюць велізарнымі свабоднымі фінансавымі рэсурсамі.

Можна, напэўна, пагадзіцца са сцвярджэннем, што ў краінах Усходу асабістыя кантакты маюць адно з ключавых значэнняў для паспяховага супрацоўніцтва. Але гэта толькі неабходная, а не дастатковая ўмова.

Пры самых найлепшых персанальных стасунках шэйхі наўрад пагодзяцца ўкладваць грошы туды, дзе адсутнічаюць надзейныя гарантыі іх вяртання альбо досыць высокі ўзровень прыбытку. У адваротным выпадку колькасць паездак на Блізкі Усход ужо даўно перарасло б у якасць...

Аднак яшчэ ў сакавіку 2008 года паводле вынікаў візітаў на вышэйшым узроўні ў краіны Персідскага заліва была праведзеная адмысловая нарада. На ёй Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў увасабленне дасягнутых дамоўленасцей і запатрабаваў нарошчваць тэмпы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з рэгіёнам.

Падобна на тое, гэта не дапамагло, бо ў 2012 годзе сумарны тавараабарот з Кувейтам, ААЭ, Аманам і Саудаўскай Аравіяй склаў 145 млн даляраў з адмоўным для Беларусі сальда звыш 67 млн. Годам пазней з ліку партнёраў выбыў Кувейт, сальда скарацілася да - 26 млн, а таваразварот - да 136.

«Вы ведаеце мае патрабаванні: ніякіх турыстычных паездак»

Мяркуючы па ўсім, прычыны няўдач носяць аб'ектыўны характар. З тавараў беларускай вытворчасці на сусветным рынку канкуруюць на роўных толькі нафтапрадукты ды калійныя ўгнаенні, гэта значыць, перапрацаваныя прыродныя рэсурсы, уласныя ці расійскія...

Пераважная ж большасць астатняй прадукцыі карыстаецца попытам толькі ў сілу больш ці менш прымальных суадносін кошту і якасці.

Але ў найбагацейшых арабскіх дзяржаў няма ні неабходнасці браць танна, ні патрэбы ў беларускім бензіне. Таму купляць у шырокіх маштабах ім у Беларусі, па вялікім рахунку, няма чаго. Як следства, цяперашні таваразварот з'яўляецца, відаць, блізкім да аптымальнага, і разлічваць на яго значны прырост малаверагодна.

Што ж тычыцца інвестыцый і крэдытаў, то эканамічную сітуацыю ў нашай краіне патэнцыйныя партнёры напэўна ўяўляюць сабе досыць адэкватна, а таму асабліва рызыкаваць грашыма не хочуць. Наглядным прыкладам стала скасаванне Аманам інвестыцыйнай дамовы аб забудове квартала ў цэнтры Менска.

Гэта, зразумела, не азначае, што так жа абавязкова паступяць астатнія, тым больш што інвестару і заказчыку прадстаўляецца шэраг істотных ільгот і прэферэнцый. Так, у Менску заканчваецца будаўніцтва шмат функцыянальнага гасцінічна-спартыўнага комплексу коштам 100 млн даляраў за кошт інвестыцыйнага фонду Узброеных сіл Катара.

Не выключана, што аналагічныя праекты будуць з'яўляцца і ў далейшым, але гандлёвыя цэнтры, пяцізоркавыя гатэлі і іншыя аб'екты такога роду наўрад ці развяжуць у глабальным плане праблемы беларускай эканомікі.

Сапраўды ж ёсць вялікія сумневы, што гэтаму паспрыяе шматлікая світа, якая прыцягнула шырокую грамадскую ўвагу сваім пярэстым складам, што суправаджала першую асобу падчас чарговага наведвання ААЭ.

На фоне каларытных кадраў з Эміратаў успамінаецца заява, што прагучала на згаданай нарадзе 2008 года: «Вы ведаеце мае патрабаванні: ніякіх турыстычных паездак. Калі праводзяцца візіты, а тым больш візіты на вышэйшым узроўні, яны павінны прыносіць краіне канкрэтныя вынікі».

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках