24 траўня 2024, Пятніца, 9:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мытны камітэт абвінаваціў расейскія СМІ ў хлусні

Мытны камітэт абвінаваціў расейскія СМІ ў хлусні

Установа заяўляе аб адсутнасці мытнага кантролю на мяжы з Расеяй.

Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі.

«Размешчаная ў расейскіх СМІ, інфармацыя пра «аднаўленне мытнага кантролю на мяжы з Расейскай Федэрацыяй» не адпавядае рэчаіснасці, - гаворыцца ў заяве. - Мытныя органы Рэспублікі Беларусь выконваюць задачы, звязаныя з забеспячэннем захавання мытнай працэдуры мытнага транзіту тавараў, якія ідуць праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, у строгай адпаведнасці з мытным заканадаўствам Мытнага саюза і заканадаўствам Рэспублікі Беларусь аб мытным рэгуляванні.

Дзяржаўным мытным камітэтам Рэспублікі Беларусь сумесна з Федэральнай мытнай службай Расейскай Федэрацыі выпрацаваны падыходы, якія прымяняюцца пры мытным адміністраванні тавараў, забароненых да ўвозу ў Расейскую Федэрацыю, пры іх перамяшчэнні праз беларускі ўчастак граніцы Мытнага саюза».

У Мытным камітэце паведамілі, што ў выніку правядзення планавых кантрольных мерапрыемстваў мытнымі органамі Рэспублікі Беларусь ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі і кантралюючымі органамі была зафіксаваная невялікая колькасць спробаў ўвозу на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі тавараў санкцыйных групаў.

«Разам з тым, мытныя органы ў адпаведнасці з кампетэнцыяй вядуць мытны кантроль як на знешнім участку мяжы Рэспублікі Беларусь, так і на астатняй яе тэрыторыі, - гаворыцца ў паведамленні. Аператыўнымі групамі ва ўзаемадзеянні з іншымі кантрольнымі органамі праводзіцца маніторынг транспартных сродкаў, якія ідуць з Расейскай Федэрацыі ў Рэспубліку Беларусь. У выніку такога маніторынгу неаднаразова выяўляліся выпадкі поўнай адсутнасці ў перавозчыкаў дакументаў у дачыненні да тавараў, што перавозяцца, а таксама парушэнні правілаў ветэрынарных, фітасанітарных і іншых патрабаванняў».

Нагадаем, згодна са сведчаннямі відавочцаў, праверкі на беларускіх дарогах у прыгранічных з Расеяй раёнах сталі масавымі менавіта апошнім часам. Міліцыя правярае аўтаперавозчыкаў і кіроўцаў-аматараў, якія пасля абвалу расейскага рубля кінуліся ў суседнюю краіну купляць паліва. Узмацненне праверак - гэта сіметрычны адказ на ўвядзенне Расеяй кантролю транзітных харчовых грузаў, якія ідуць з Беларусі ў той жа Казахстан. Падобна на тое, што і забарона на ўвоз беларускіх прадуктаў непасрэдна ў Расею тут адыграла не апошнюю ролю.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках