18 траўня 2024, Субота, 15:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дамы коштам 500 тысяч даляраў патрапілі ў Менску пад знос

12

Прыватны сектар на скрыжаванні праспектаў Жукава і Дзяржынскага спрабуюць прадаць інвестарам пад забудову.

Менскі гарвыканкам прапануе інвестарам забудаваць жылымі дамамі павышанай камфортнасці прыватны сектар у раёне развязкі праспектаў Жукава і Дзяржынскага, перадае «Еўрарадыё».

Квартал даўно меркаваўся пад знос, яго жыхарам забаранялі займацца будаўніцтвам і рэканструкцыяй. У той жа час знос адкладалі дзесяцігоддзямі, і ў выніку людзі дзесяцігоддзямі жылі без вадаправода і каналізацыі.

Участак у раёне праспектаў Жукава і Дзяржынскага, які ў чарговы раз выстаўляюць на аўкцыён, займае плошчу 3,7 гектара. Тут пад знос трапляе 37 жылых і нежылых будынкаў. На вуліцы Шчорса плануецца знесці дом №43, на 2-й вуліцы Шчорса - дома № 20А, 33, 39, 41, на 1-й каморніцкай - № 21, 23, 25, 27, 30/41, 32, 34, 36 , 38, 40, 42, 44, 46, 48, 50, 52, 31, 33, 35, 37, 39, 41/26; на 2-й каморніцкай - № 27, 29, 31, 33, 35, 37, 43, 47, 49, 51.

На 2-й каморніцкай вуліцы з драўлянымі дамамі суседнічаюць вялікія сучасныя катэджы, якія прадстаўнікі «Белгіпразема» ацанілі ў сумы блізу 500 тысяч даляраў кожны.

Зрэшты. іх гаспадары спадзяюцца, што новая спроба зносу скончыцца нічым, як і папярэднія.

«Калі прыходзілі ацэншчыкі, яны сказалі, што пакуль праводзяць толькі ацэнку гэтага квартала, каб знайсці патэнцыйнага інвестара, - распавядае архітэктар, які пабудаваў двухпавярховы дом з утульным унутраным панадворкам і невялікай сажалкай з залатымі рыбкамі яшчэ ў канцы 1990-х. - Чатыры інвестары ўжо адмовіліся, бо занадта дарагое задавальненне тут будаваць. Таму пакуль гаворка ідзе толькі пра спробу знайсці інвестара, які, ацаніўшы свае рызыкі, вырашыць забудоўваць. Тады ўжо з ім можна будзе судзіцца з нагоды кошта. Так што, у прынцыпе, усё цывілізавана... на жаль».

Сумарная сума выдаткаў на знос, адсяленне людзей і матэрыяльную кампенсацыю складае амаль 56 мільярдаў ($5,1 млн). Але практыка паказвае, што гэта заніжаныя сумы, у рэальнасці людзі адсудзяць больш.

«Пажыўшы тут 16 гадоў, я ўжо адвык ад гэтых пад'ездаў, распісаных ліфтаў і ўсёй гэтай брыды, - кажа адзін з жыхароў гэтага раёна. - Хоць у новых дамах быццам бы нічога, але мы ўжо прывыклі жыць асобна: машыну загнаў пад навес, яна стаіць, сабаку ў панадворак выпусціў і не трэба з 20 паверху яе на павадку выводзіць. Таму буду шукаць участак і будавацца на новым месцы».

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках