18 траўня 2024, Субота, 12:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці дадуць сямейны капітал мамам, у якіх ёсць дзеці ад розных бацькоў?

29
Ці дадуць сямейны капітал мамам, у якіх ёсць дзеці ад розных бацькоў?

Ужо з 1 студзеня запрацуе праграма мацярынскага капіталу - аднаразовай выплаты сем'ям, у якіх нараджаецца трэцяе, чацвёртае і гэтак далей дзіця.

Суму дзяржава выдзеліць немаленькую - 10 тысяч даляраў, якія будуць ляжаць у банку да паўналецця дзіцяці і збіраць адсоткі. А сёння на афіцыйным сайце дыктатара з'явіўся тэкст указа, у якім больш падрабязна напісана аб тым, як будзе працаваць гэтая праграма. Дарэчы, ва ўказе гэтую выплату называюць не матчыным капіталам, а сямейным, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

На каго запішуць сямейны капітал?

На маму ці мачыху ў поўнай сям'і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям'і, у сем’ях з прыёмнымі дзецьмі. Калі ў сям'і мама з нейкіх прычын не можа атрымаць сямейны капітал (напрыклад, яе пазбавілі бацькоўскіх правоў), то тады атрымаць яго можа тата.

Хто зможа распараджацца сямейным капіталам?

Той, на каго ён быў прызначаны: напрыклад, мама. Але ўсе астатнія сямейнікі павінны быць згодныя з яе жаданнем. Калі, скажам, мама хоча ўкласціся ў куплю новай кватэры, а дзіця, якое вырасла - аплаціць вучобу ва ўніверсітэце, і дамовіцца яны так і не змаглі, то сямейны капітал падзеляць паміж усімі ў роўных частках. Улічвацца будуць і тыя дзеці, якія з'явіліся ў сям'і ўжо пазней. Калі, дапусцім, у сям'і ёсць мама, тата і трое дзяцей, то кожны атрымае па 2 тысячы даляраў разам з накопленымі адсоткамі і зможа распараджацца імі як хоча (а за непаўналетніх, калі яны ёсць, грошы будуць траціць іх законныя прадстаўнікі).

Дзе можна выдаткаваць сямейны капітал?

Ва ўказе напісана, што сродкі сямейнага капіталу можна выкарыстоўваць толькі на тэрыторыі Беларусі. Гэта значыць, выдаткаваць іх на вучобу за мяжой або куплю лецішча дзе-небудзь на гішпанскім узбярэжжы не выйдзе.

Калі ў мамы ці таты ўжо ёсць дзеці ў іншай сям'і, ці дадуць ім сямейны капітал?

Атрымаць гэтую дапамогу ад дзяржавы могуць толькі тыя сем'і, у якіх выхоўваюцца трое дзяцей. Выкажам здагадку, мужчына развёўся з жонкай, з якой у іх ёсць двое дзяцей, і дзеці засталіся жыць з мамай. Потым ён ажаніўся ў другі раз, і ў новай сям'і ў яго з'явілася яшчэ адно дзіця. На яго сямейны капітал не дадуць, нягледзячы на тое, што дзіця ў гэтага мужчыны ўжо трэцяе. А вось калі яго былая жонка выйдзе яшчэ раз замуж і народзіць трэцяга, то яна сямейны капітал атрымае, бо выхоўвае дзяцей ад папярэдняга шлюбу.

Ці змогуць бацькі патрымаць у руках 14-15 тысяч даляраў, якія налічылі як сямейны капітал?

Не, сямейны капітал можна будзе выдаткаваць толькі гатоўкай. Гэта значыць, Беларусбанк, у якім усе 18 гадоў захоўваюцца выдзеленыя дзяржавай грошы, сам пералічыць іх у патрэбныя арганізацыі: напрыклад, кампаніі, якая будуе сям'і новае жыллё, ці ў лякарню, дзе трэба палячыцца аднаму з сямейнікаў. Усе свае траты сям'я павінна пацвердзіць дакументамі. Нагадваем, што выдаткаваць сямейны капітал можна толькі на паляпшэнне жыллёвых умоў, адукацыю, паслугі ў ахове здароўя і сферы сацыяльнага абслугоўвання, а таксама на пенсійныя назапашванні для мамы.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках