28 красавiка 2024, Нядзеля, 19:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктар «Барысаўскага ДАК» - рабочым, што страйкуюць: «Каму не падабаецца - звальняйцеся»

29
Дырэктар «Барысаўскага ДАК» - рабочым, што страйкуюць: «Каму не падабаецца - звальняйцеся»

Барысаўскія рабочыя, што страйкавалі ўчора, напісалі заявы аб звальненні.

Некаторыя працоўныя Барысаўскага дрэваапрацоўчага камбіната рыхтуюць патрабаванні да адміністрацыі ў сувязі са зніжэннем заробкаў, паведаміў БелаПАН кіраўнік рэгіянальнага аддзялення прафсаюза РЭП Менскай вобласці Мікалай Пахабаў.

З яго слоў, рабочыя цэха перапрацоўкі 11 снежня правялі «італьянскі» страйк - выйшлі на працоўныя месцы, але не працавалі. «Яны выканалі заданне, але ім чамусьці паменшылі прэміяльныя на мільён рублёў. Рабочыя напісалі калектыўную заяву аб выхадзе з афіцыйнага прафсаюзу. Старшыня прафкама іх выклікаў, выказаўшы незадаволенасць, запатрабаваў ісці працаваць», - сказаў Пахабаў.

Ён паведаміў, што кіраўніцтва прафсаюза РЭП выехала на гэта прадпрыемства і дапамагае рыхтаваць заяву з патрабаваннямі да адміністрацыі прадпрыемства. «Учора прыехаў дырэктар, выклікаў рабочых, якія страйкавалі, і замест таго, каб палюбоўна вырашыць пытанне, сказаў: «Каму не падабаецца, можаце звальняцца». Сем чалавек, цэлая брыгада высокакваліфікаваных рабочых, учора напісалі заяву аб звальненні. Замест таго каб разабрацца ў прычынах, дырэктарскі корпус звычайна кажа аб звальненні, нягледзячы на тое што ў людзей ёсць сем'і і Новы год на носе», - адзначыў прафлідэр.

Намеснік дырэктара ААТ «Барысаўскі дрэваапрацоўчы камбінат» Юры Ністратаў заявіў, што «ніякага страйку не было». «Проста сем чалавек не прыступілі да працы без паважных прычын. Прэмію не выплацілі не толькі ім, але і ўсім работнікам, таму што завод не выканаў план, таму што з падзеннем расейскага рубля мы недаатрымалі чвэрць выручкі. Грошы з паветра не бяруцца. Тым больш гэта самыя высокааплатныя працоўныя, у іх заробкі - да 8 млн і вышэй», - адзначыў Ністратаў.

З яго слоў, гэтыя сем рабочых сапраўды напісалі заяву аб звальненні. «Але яны проста не выканалі план. Прэмію недаатрымалі усё на заводзе, у тым ліку дырэктар», - падкрэсліў яго намеснік.

Нагадаем, у 2012 годзе пры наведванні «Барысаўдрэва» беларускі дыктатар загадаў да заканчэння мадэрнізацыі і рэканструкцыі ўсіх дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў забараніць звальненне работнікаў.

У выніку быў прыняты дэкрэт № 9 «Аб дадатковых мерах у развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці». Згодна з дэкрэтам, работнік не можа звольніцца з гэтага прадпрыемства без дазволу кіраўніка. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракту можа быць абскарджаная старшынём абласнога выканаўчага камітэта. У сувязі з гэтым работнікі гэтых прадпрыемстваў, акрамя прадугледжанага кантрактам заробку, павінны атрымліваць штомесячныя грашовыя выплаты. Іх суму прадпрыемствы вызначаюць самастойна, зыходзячы са сваіх фінансавых магчымасцяў. У выпадку парушэння работнікамі сваіх працоўных абавязкаў і звальнення за вінаватыя дзеянні сума атрыманай імі за перыяд работы штомесячнай грашовай выплаты падлягае вяртанню.

Як адзначаецца ў дэкрэце, пры незвароце гэтых выплат былымі работнікамі спагнанне гэтых сродкаў будзе ажыццяўляцца паводле пастановы суда з іх працоўнага заробку па новым месцы працы. Асобы, што не працуюць, падлягаюць працаўладкаванню на ранейшае месца працы з наступным утрыманнем раней выплачаных грашовых сродкаў з іх заробку.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках