5 траўня 2024, Нядзеля, 2:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кангрэс ЗША ўхваліў санкцыі супраць энэргетычнага сектара РФ

21
Кангрэс ЗША ўхваліў санкцыі супраць энэргетычнага сектара РФ

Кангрэс ЗША прагаласаваў за ўзмацненне жорсткасці санкцый, якія караюць Расею за яе ўмяшанне ва Украіну.

Пра гэта паведамляе Bloomberg, паведамляе Инопресса.ру.

«Акт аб падтрымцы свабоды ва Украіне 2014», які прыняты аднагалосна Сенатам і Палатай прадстаўнікоў, дазваляе - але не патрабуе - аказанне ўкраінскаму войску дапамогі сродкамі знішчэння, а таксама мае на ўвазе маштабныя санкцыі супраць расейскага энэргетычнага сектара», - гаворыцца ў артыкуле.

Дакумент прадпісвае ўвядзенне санкцый супраць Расабаронэкспарта, а таксама кажа пра ўвядзенне санкцый супраць Газпрома, у выпадку калі падкантрольны дзяржаве канцэрн будзе перакрываць газ еўрапейскім краінам.

Канчатковая пастанова была больш мяккай у параўнанні з зыходным тэкстам, які прадугледжваў санкцыі супраць расейскай энэргетычнай прамысловасці і рабіў Украіну, Малдову і Грузію галоўнымі саюзнікамі ЗША па-за НАТА, піша выданне.

«Адзін амерыканскі чыноўнік заявіў прыватным чынам, што выпраўлены тэкст прапаноўвае прэзідэнту сродкі, якія ён можа выкарыстоўваць на сваё меркаванне, не звязваючы яму пры гэтым рукі», - гаворыцца ў артыкуле.

Адміністрацыя Абамы і бізнэс-супольнасць выступалі супраць зыходных фармулёвак законапраекта на тых падставах, што гэтыя меры нанеслі б шкоду амерыканскім і еўрапейскім энэргетычным кампаніям. Белы дом больш за ўсё баяўся падарваць адзіны фронт з ЕЗ, адзначае выданне. Прэзідэнт Абама заявіў: «У канчатковым выніку, Расея прыйдзе да прыняцця стратэгічнай пастановы, калі ўсведамляе, што Еўропа падтрымлівае нас, што гэта надоўга, але мы на самай справе маем цярпенне. І калі яна зразумее, што наша кааліцыя не дае расколін, рана ці позна яна скажа, што шкода для яе эканомікі перасільвае любыя стратэгічныя перавагі, якія яна атрымлівае».

У адпаведнасці з прынятай мерай украінскаму ўраду будзе прадстаўлена $510 млн, у тым ліку 160 млн - у рамках вайсковай дапамогі. «Астатняе пойдзе на развіццё эфектыўнага энэргакарыстання, грамадзянскай супольнасці і тэле- і радыёвяшчання, якое супрацьстаіць расейскай прапагандзе», - гаворыцца ў матэрыяле.

«Законапраект патрабуе, каб любыя ўведзеныя санкцыі заставаліся ў дзеянні да той пары, пакуль прэзідэнт не зможа пацвердзіць тое, што Расея спыніла спробы дэстабілізаваць Украіну», - адзначае выданне.

«Еўрапейскі дыпламат, які меў дачыненне да санкцыйнай палітыкі, заявіў, што на гэты момант у ЕЗ пераважаюць настроі, якія не ўхваляюць новыя санкцыі, калі Расея не будзе ўзмацняць ваеннае ўмяшанне ва Украіне», - гаворыцца ў артыкуле. На ягоную думку, ЕЗ хоча пазбегнуць якіх-небудзь разыходжанняў з ЗША, але наўрад ці паўторыць цяпер дзеянні, ухваленыя Кангрэсам.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках