5 траўня 2024, Нядзеля, 0:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шорац забараніў прадаваць піва ў шапіках «Хутка-Смачна»

23
Шорац забараніў прадаваць піва ў шапіках «Хутка-Смачна»

У сетцы кіёскаў хуткага харчавання «Хутка-Смачна» менскія ўлады забароняць гандляваць спіртным, у тым ліку півам і слабаалкагольнымі напоямі.

Пра гэта сёння ішла размова на аператыўнай нарадзе ў Менскім гарадскім выканаўчым камітэце, пішуць «Менск - навіны».

Начальнік ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Барсукоў далажыў, што, згодна з даручэннем старшыні Менгарвыканкама на мінулым тыдні супрацоўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў прааналізавалі сітуацыю ў кропках грамадскага харчавання «Хутка-Смачна».

Было выяўлена некалькі парушэнняў, якія тычацца рэалізацыі спіртных напояў у начны час. На думку начальніка ГУУС, неабходна цалкам забараніць продаж спіртных напояў у гэтых установах. Як правіла, гэтыя кропкі грамадскага харчавання знаходзяцца побач з прыпынкамі грамадскага транспарту, у тым ліку канчатковымі. Усяго ў горадзе іх налічваецца 13.

- Мы неаднаразова пісалі дакладныя запіскі яшчэ папярэдняму кіраўніку Менгарвыканкама што да працы гэтай сеткі хуткага харчавання, але атрымалася толькі абмежаваць рэжым іх працы, - адзначыў Барсукоў. - На жаль, гандаль спіртным, у тым ліку продаж яго непаўналетнім, тут працягваецца. Нягледзячы на ўсе прыкладзеныя намаганні, істотных зменаў сітуацыі не відаць.

З ягоных слоў, гэтыя кропкі, як магніт, прыцягваюць грамадзян, схільных да здзяйснення як адміністрацыйных, так і крымінальна каральных дзеянняў. Так, у гэтым годзе побач з названымі кіёскамі зарэгістравана тры факты нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Як правіла, пасля сумеснага распівання прададзенага тут спіртнога сабутэльнікі пачынаюць высвятляць адносіны паміж сабой альбо прыставаць да мінакоў.

- Гэтыя кіёскі як бяльмо ў воку горада. Гэта вяртанне ў пачатак 1990-х. Наша прапанова - прыбраць з продажу сеткі «Хутка-Смачна» ўсякае спіртное, пакінуўшы толькі прадукты харчавання і безалкагольныя напоі, - рэзюмаваў Барсукоў.

Старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац пагадзіўся з прыведзенымі довадамі начальніка ГУУС і даручыў падрыхтаваць пастанову Менгарвыканкама аб абмежаванні продажу ў кіёсках «Хутка-Смачна» піва і слабаалкагольных напояў. У выпадку невыканання патрабаванняў гарадскіх уладаў будуць прыняты больш жорсткія меры, аж да прыпынення працы гэтай сеткі хуткага харчавання.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках