5 траўня 2024, Нядзеля, 4:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Астане пачаўся суд над казахстанцам, які ваяваў за луганскіх баевікоў

18
У Астане пачаўся суд над казахстанцам, які ваяваў за луганскіх баевікоў

У сталіцы Казахстана пачалося разбіральніцтва ў дачыненні да Яўгена Удовенкі, які ваяваў на баку луганскіх сепаратыстаў.

У сталіцы Казахстана Сарыаркінскі раённы суд №2 пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 30-гадовага грамадзяніна Казахстана Яўгена Удовенку, які ваяваў на баку луганскіх сепаратыстаў на ўсходзе Украіны, паведамляе ў пятніцу, 12 снежня, tvrain.ru са спасылкай на казахстанскі партал Nur.kz.

Паводле абвінаваўчага прысуду, Удовенка ўдзельнічаў у баях на ўсходзе Украіны, ужываў зброю, ахоўваў блокпасты, патруляваў Луганск і выконваў іншыя даручэнні. Такім чынам абвінавачваны, які з'яўляецца грамадзянінам Казахстана, «наўмысна і неправамерна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы», што з'яўляецца злачынствам паводле казахстанскага Крымінальнага кодэксу.

Паводле слоў пракурора Даурэна Ашымава, пасля падзей у Адэсе ў траўні 2014 года Удовенка вырашыў паехаць ва Украіну і ваяваць на баку сепаратыстаў. З дапамогай «Вконтакте» ён звязаўся з асобамі, не выяўленымі следствам, і 25 траўня выехаў цягніком з Астаны ва Уральск. Пасля гэтага Удовенка перасек мяжу, даехаў да Самары, а адтуль да Растова-на-Доне.

Далей Удовенка далучыўся да групы, якая складалася прыкладна з 30 чалавек, і разам з ёй наўмысна і незаконна перасек мяжу Расеі і Украіны, пасля чаго адправіўся ў Луганск для праходжання курсу першапачатковай вайсковай падрыхтоўкі.

Абвінавачаны часткова прызнаў сваю віну. Пры гэтым на пасяджэнні суда ён адмаўляў які-небудзь намер ва ўчыненні злачынства.

«Не забіваў, не падрываў. Перастрэлкі былі, але я далёкі ад гэтага, нават у войску не служыў. Мне страшна было», - заявіў ён. Удовенка адзначыў, што рашэнне ваяваць за сепаратыстаў прыняў самастойна і нікому пра гэта не паведаміў.

«Нам тлумачылі, тым, хто не служыў у войску, як бы тэхніку бяспекі, каб мы не высоўвалі галовы, не наступалі на міны, паказвалі, як выглядаюць міны. Пасля чаго паехалі ў горад Луганск. Там я быў недзе месяц. Горад быў акружаны з трох бакоў. У самым Луганску разносілі пару разоў гуманітарку, тушылі пажар, лавілі дыверсантаў», - распавёў абвінавачаны.

Са слоў Удовенкі, ён знаходзіўся ва Украіне прыкладна 70 дзён, пасля чаго захварэў на бранхіт і вырашыў вярнуцца дадому. З кастрычніка ён знаходзіцца пад арыштам.

Паводле артыкулу 163 Крымінальнага кодэкса Казахстана, за найміцтва можна атрымаць турэмны тэрмін аж да пажыццёвага. Таксама, згодна з гэтым артыкулам, злачынствам з'яўляецца неправамерны ўдзел ва ўзброеных канфліктах або ваенных дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы, нават калі прыкмет наёмніцтва не было. За гэта злачынства можна атрымаць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да сямі гадоў.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках