4 траўня 2024, Субота, 19:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ян Маліцкі: Украіне патрэбная міжнародная праграма дапамогі

1
Ян Маліцкі: Украіне патрэбная міжнародная праграма дапамогі

Польшча можа стаць лабістам інтарэсаў Украіны на міжнароднай арэне.

Пра гэта заявіў у інтэрв'ю PAP (пераклад - charter97.org) прафесар Ян Маліцкі, дырэктар Інстытута Усходняй Еўропы Варшаўскага універсітэта.

Украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка прыедзе ў Польшчу ў сераду з двухдзённым візітам, падчас якога сустрэнецца з прэзідэнтам Польшчы, выступіць у парламенце і прыме ўдзел у эканамічным форуме.

Падчас урачыстага мерапрыемства ў Прэзідэнцкім палацы Браніслаў Камароўскі падпіша Пагадненне аб асацыяцыі Украіны з Еўрасзвязам.

Прафесар Ян Маліцкі сказаў, што Парашэнка прыедзе не толькі як прэзідэнт новай Украіны, якая хоча мяняцца і ісці ў бок Захаду, але і як кіраўнік дзяржавы, якая сёння знаходзіцца ў вельмі цяжкай сітуацыі. Ва ўмовах вайны Украіне трэба праводзіць новыя рэформы.

«У сувязі з гэтым ён можа прасіць разумення, сімпатыі і дапамогі. Можа таксама прыехаць са словамі падзякі ў адрас палякаў, якія дэманструюць разуменне, сімпатыю і дапамогу, - ацаніў Маліцкі. - Мне здаецца, што ён прыедзе менавіта з гэтымі трыма лозунгамі, але як будзе на самой справе, паглядзім».

На ягоную думку, Польшча можа дапамагчы Украіне ў двух кірунках: падтрымліваючы на міжнародным узроўні яе намаганні ў атрыманні больш шырокай эканамічнай дапамогі і аказваючы падтрымку правядзенню рэформаў. Прафесар Маліцкі падкрэсліў таксама, што ў Польшчы ёсць магчымасці, каб рашуча падтрымліваць Украіну на міжнароднай арэне.

«Частка польскіх палітыкаў і многія эксперты кажуць нават аб комплекснай праграме дапамогі, пра нешта накшталт новага плана Маршала для Украіны, таму што без гэтага не атрымаецца вывесці Украіну з крызісу. І мы не гаворым толькі пра эканамічны крызіс, але і пра тое, што Украіне пагражае доўгая эканамічная блакада з боку Расеі. У сувязі з гэтым патрэбныя надзвычайныя меры з боку краін усяго свету.

Ясна, што такой праграмы трэба было б чакаць ад дэмакратычных краін заходняга свету, уключаючы і Польшчу», - дадаў Маліцкі і падкрэсліў, што Польшча, як сусед Украіны, іграла б істотную ролю сярод гэтых краін.

Ён звярнуў таксама ўвагу на факт, што ўкраінскую эканоміку не ўдасца ахоўваць без глыбокіх рэформаў, праведзеных украінскімі ўладамі. А калі не атрымаецца захаваць эканоміку, то і стабільнасць краіны ўстане пад пагрозай.

Ён нагадаў таксама, што Украіна вымушаная сёння большую частку свайго бюджэту перадаваць на абарону. «Украіна ў стане вайны. І ў гэты момант ключавая задача - гэта абарона дзяржавы, яе межаў і стабільнасці перад агрэсіяй з Усходу. Украіна павінная адначасова абараняць сябе і праводзіць рэформы. Без сур'ёзнай міжнароднай праграмы, мы не выцягнем Украіну з крызісу і не наблізім яе да Еўропы», - падсумаваў прафесар Маліцкі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках