28 красавiка 2024, Нядзеля, 4:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бухгалтар з Гомеля атрымліваў заробак за 16 чалавек і адпачываў на Канарах

16
Бухгалтар з Гомеля атрымліваў заробак за 16 чалавек і адпачываў на Канарах

Прысуд па незвычайнай крымінальнай справе абвясцілі ў Гомелі.

41-гадовы галоўны бухгалтар прадпрыемстваў «Мультыпак» і «Алкапак» сем гадоў атрымліваў заробак за 16 чалавек! Як ён сам казаў на судзе, ягоная схема была элементарнай, таму быў упэўнены, што яго не выкрыюць, таму што на прадпрыемстве працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія не звяртаюць увагі на дробязі. І таму так доўга падман не маглі раскрыць, пакуль у гэтым не дапамагла выпадковасць, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

А механізм быў такі. Бухгалтар займаўся налічэннем заробку. У праграме «1С: Бухгалтэрыя» з раздзела «звольненыя» пераносіў прозвішчы людзей у раздзел «якія працуюць». Прама перад налічэннем заробку бухгалтар мяняў нумары карт звольненых работнікаў на нумар сваёй карткі, у апошні момант перадаваў гэтыя дакумент іншаму работніку, які, у сваю чаргу, тэрмінова накіроўваў яго ў банк, так што часу праверыць звесткі ў дакуменце не было.

- Дапытаныя сведкі - калегі абвінавачанага - казалі ў судзе, што цалкам давяралі яму, бо ён так доўга працаваў і добра зарэкамендаваў сябе, - распавядае старшы памочнік пракурора Гомеля Дзмітрый Русакоў. - Тым не менш, кіраўніцтва прадпрыемстваў на судзе патрабавала для абвінавачанага строгае пакаранне.

У выніку радавы гомельскі бухгалтар атрымаў «лішніх» амаль 700 мільёнаў рублёў. Куды ж ён іх марнаваў? Проста жыў на шырокую нагу! Купляў фірмовую вопратку, дарагую ежу і элітны алкаголь, у тым ліку той, што, з ягоных слоў, любіць ангельская каралева. Але клапаціўся не толькі пра сябе, але і пра сям'ю - жонку і дачку.

- Некалькі разоў у год мужчына ездзіў за мяжу: у Латвію, Польшчу і на дарагія курорты ў Арабскія Эміраты, на Канарскія выспы, у Турцыю, Іспанію, Грэцыю. Прычым заўсёды з сям'ёй. Жонцы ён казаў, што пуцёўкі - заахвочванне ад прадпрыемства як лепшаму работніку, - кажа дзяржабвінаваўца.

Калі б не выпадковасць, вяровачка вілася б і далей. Неяк жанчына - калега знаходлівага мужчыны, таксама бухгалтар, сабралася ў адпачынак і папрасіла начальства даць ёй аванс. Каб паглядзець, ці налічылі грошы, жанчына адкрыла дакумент, і гэта адбылося як раз у той момант, калі калега ўжо паставіў пад 16 прозвішчамі нумар сваёй карткі. Убачыўшы суму, якая ў шмат разоў перавышае сапраўдную зарплату калегі, жанчына вырашыла расказаць пра гэта начальству.

Сваю віну бухгалтар цалкам прызнаў, патлумачыўшы злачынства проста: чорт паблытаў! Расплата - шэсць гадоў пазбаўлення волі і, вядома, пакрыццё шкоды. З 700 мільёнаў рублёў абвінавачваны паспеў пакуль вярнуць блізу 60 мільёнаў.

Ды і ўмацаванню сям'і, як апынулася, частыя паездкі на дарагія курорты не дапамаглі. Яшчэ да суду муж і жонка рассталіся праз тое, што «не сышліся характарамі». Жонка прыходзіла на суд і давала паказанні, не абвінавачваючы, але і не апраўдваючы мужа. Распавядала, што дзівілася, калі бачыла, як муж купляў сабе дарагія джынсы ў фірмовай краме за мільён, у той час як сама яна брала джынсы на рынку за 200 - 300 тысяч.

Дарэчы, падчас следства і суда абвінавачаны знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе і жыў асобна ад жонкі і дочкі. Кайданкі на бухгалтара надзелі адразу пасля абвяшчэння прысуду ў залі суда.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках