28 красавiка 2024, Нядзеля, 11:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польшча хоча дапытаць экспертаў РФ, якія расследавалі катастрофу пад Смаленскам

8
Польшча хоча дапытаць экспертаў РФ, якія расследавалі катастрофу пад Смаленскам

Польшча хоча дапытаць 25 расейскіх экспертаў, якія ўдзельнічалі ў роспалаці цел ахвяр катастрофы прэзідэнцкага Ту-154 пад Смаленскам.

Польская пракуратура звярнулася да расейскага боку з просьбай дапытаць у якасці сведак 25 экспертаў, якія прымалі ўдзел у роспалаці цел ахвяр авіякатастрофы прэзідэнцкага самалёта Ту-154М пад Смаленскам. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Акруговай пракуратуры ў Варшаве Пшэмыслаў Новак, піша NEWSru.com.

"У рамках следства аб непраўдзівых звестках у медыцынскай дакументацыі паводле вынікаў роспалаці ахвяр смаленскай катастрофы і здзеку над парэшткамі Акруговая пракуратура ў Варшаве накіравала ў Генеральную пракуратуру заяўку аб звароце ў адпаведныя органы РФ з просьбай аб прававой дапамозе", - цытуе Новака агенцтва ТАСС.

Паводле ягоных слоў, дакумент змяшчае "дэталёвы спіс пытанняў і прозвішчаў 25 расейскіх экспертаў". Названыя асобы павінныя быць апытаныя на прадмет "усіх абставін, звязаных з праведзенымі роспалацямі, у тым ліку асобных дзеяннях, працэдурах, абавязках персаналу і спосабах дакументацыі".

Новак растлумачыў, што гаворка ідзе пра 29 ахвяр трагедыі. У польскай пракуратуры ёсць падазрэнні, што ў дакументацыі паводле выніках роспалацяў змяшчалася інфармацыя пра пашкоджанні, якіх не было, і наадварот.

У 2011-2012 гадах польская пракуратура эксгумавала дзевяць ахвяр авіякатастрофы праз выяўленыя ў дакументах судмедэкспертаў памылкі і недакладнасці. Як выявілася, некалькі цел былі пераблытаныя і пахаваныя не пад сваімі імёнамі.

Авіякатастрофа пад Смаленскам адбылася 10 красавіка 2010. У выніку трагедыі загінулі ўсе 96 чалавек, якія знаходзіліся на борце, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі. Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт (МАК) у студзені 2011 года апублікаваў канчатковую справаздачу аб выніках тэхнічнага расследавання, згодна з якім непасрэднай прычынай крушэння прызнанае рашэнне экіпажа не сыходзіць на запасны аэрадром, а сістэмнымі прычынамі - недахопамі ў забеспячэнні палёту і падрыхтоўцы экіпажа.

Нягледзячы на гэта, расследаванне прычын крушэння працягвалася як у Польшчы, так і ў Расеі. Пасля авіякатастрофы пракуратура Польшчы распачала справу паводле факту магчымага невыканання службовых абавязкаў чыноўнікамі з канцылярыі прэзідэнта, прэм'ера, МЗС, міністэрства абароны, польскай амбасады ў Маскве. Супрацоўнікі гэтых устаноў і ведамстваў удзельнічалі ў падрыхтоўцы палётаў урадавых дэлегацый у Смаленск 7 красавіка, калі на мясцовым аэрадроме прызямлілася дэлегацыя на чале з прэм'ер-міністрам Дональдам Тускам, і 10 красавіка 2010 года, калі самалёт з прэзідэнтам Лехам Качыньскім на борце разбіўся пры заходзе на пасадку .

У лістападзе 2014 паведамлялася, што польская пракуратура завяршыла расследаванне справы аб падрыхтоўцы палёту прэзідэнцкага самалёта. Паводле слоў прэс-сакратара акруговай пракуратуры Варшавы Рэнаты Мазур, ведамства закрыла гэтую справу ўжо ў трэці раз "у сувязі з адсутнасцю прыкмет злачынства".

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках