19 сакавiка 2024, aўторак, 10:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея можа папрасіць Лукашэнку пакінуць пасаду

18
Расея можа папрасіць Лукашэнку пакінуць пасаду

У Кіеве прайшоў круглы стол «Украіна і Беларусь ва ўмовах расейскай агрэсіі».

Арганізатарам круглага стала стаў Майдан замежных спраў - унікальная арганізацыя, у якую ўвайшлі былыя ўкраінскія дыпламаты, аналітыкі і эксперты ў галіне бяспекі і міжнародных стасункаў. Гэтая арганізацыя робіць экспертныя ацэнкі для ўладных структур Украіны.

У канферэнцыі бралі ўдзел з украінскага боку увесь кіруючы склад Майдана замежных спраў - Багдан Ярэменка, Аляксандр Хара, Алег Белаколас, Андрэй Кліменка, Юрый Смялянскі, Аляксей Курапятнік, Дзмітрый Новак, прадстаўнікі міністэрства замежных спраў і сілавых структур Украіны, эксперты розных аналітычных цэнтраў.

Нашу краіну прадстаўлялі лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка, галоўны рэдактар сайта charter97.org Наталля Радзіна, шэраг экспертаў у галіне эканомікі і бяспекі.

Сайт charter97.org папрасіў удзельнікаў круглага стала распавесці, чаму сёння паўстала неабходнасць абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі і Украіне ў такім кантэксце:

Андрэй Саннікаў, лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

- Удзячны арганізатарам, што гэты круглы стол адбыўся. Доўгі час я ўспрымаў логіку ўкраінцаў, што падчас вайны неабходна думаць толькі аб абароне дзяржавы, пра тое, як выстаяць. Гэта так, але калі сёння не закладваць асновы будучыні дзяржавы, то адбудзецца тое ж, што адбылося пасля аранжавай рэвалюцыі. Нельга сёння казаць пра тое, што мы спачатку даваюем, а потым будзе займацца сваім месцам у свеце. Гэта не так, і мы, беларусы, гэта вельмі добра адчуваем.

Да Украіны сёння прыкаваная ўвага ўсяго свету не толькі праз вайну, якую развязала Расея, а праз тое, што ўкраінскі народ пайшоў на ахвяры для таго, каб адстаяць сваю свабоду. Таму і не павінна быць сёння падвойных стандартаў: дэмакратычная Украіна для Еўропы з аднаго боку і бізнэс-падыходы і рэале-палітык для постсавецкай прасторы з другога.

Вельмі добра сфармуляваў адказ на маё пытанне арганізатар нашай канферэнцыі Багдан Ярэменка. Я яго спытаў, ці мяняецца дзяржава, і ён адказаў: «Дзяржава не, а грамадства змянілася, а гэта залог таго, што і дзяржава будзе змяняцца».

Ва Украіну цяпер цікава ездзіць, размаўляць з рознымі людзьмі, і Багдан Ярэменка мае рацыю ў тым, што сёння можа быць больш карысна размаўляць з грамадскімі арганізацыямі, валанцёрамі, грамадзянскімі актывістамі, чым з афіцыйнымі асобамі. Украіна павінна як мага хутчэй усвядоміць сваё месца менавіта ў дэмакратычным свеце, у свабоднай Еўропе, а не боўтацца ў таталітарным савецкім мінулым. Гэта вельмі важна для нас у Беларусі, але для самой Украіны - проста жыццёвая неабходнасць.

Багдан Ярэменка, старшыня праўлення фонду «Майдан замежных спраў»:

- Поўнае неразуменне своеасаблівасці моманту і рэгіянальнага акружэння з боку ўкраінскіх уладаў і няздольнасць ўкраінскай дыпламатыі пазіцыянаваць Украіну як новага ўдзельніка міжнародных стасункаў, як краіну, якая перажыла рэвалюцыю годнасці і якая развівае новую палітыку, якая базуецца на каштоўнасцях, прымусілі нас правесці гэтую канферэнцыю. Праз гэтую няздольнасць Украіна перажывае шмат іншых праблем, значна больш глабальных, у тым ліку, немагчымасць знайсці правільны алгарытм размовы з Расейскай Федэрацыяй, які прывёў бы да больш пазітыўных для Украіны вынікаў.

У дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ўкраінская дыпламатыя робіць няправільныя ацэнкі, адмаўляецца або няздольная ўбачыць не толькі ягоную злачынную сутнасць у сферы правоў чалавека, але і недаацэньваюць пагрозу бяспекі Украіны, у тым ліку і вайсковай, паколькі вельмі несамастойны ў эканамічным плане Аляксандр Лукашэнка не зможа перашкаджаць агрэсіўным дзеянням Расейскай Федэрацыі з тэрыторыі сваёй краіны. У гэтым асаблівасць сённяшняга моманту ва Украіне, і таму мы спрабуем акцэнтаваць увагу на неабходнасці правільна ацаніць рэжым Лукашэнкі і знайсці верны спосаб працы з ім.

З'яўляючыся бліжэйшым саюзнікам Масквы, Лукашэнка павінен стаць адной з асноўных мэт для ўкраінскай інфармацыйнай палітыкі, у тым плане, што беларускае грамадства павінна быць добра і правільна інфармаванае аб стане спраў ва Украіне, як развіваюцца працэсы дэмакратыі, што на самой справе стала прычынай рэвалюцыі. Нашы мэты блізкія і зразумелыя беларусам - патрабаванне жыць у сістэме, пазбаўленай карупцыі, якая справядліва размяркоўвае нацыянальнае багацце, стварае роўныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў рынку і грамадства. Як грамадская арганізацыя і альтэрнатыўная замежнапалітычнае асяроддзе, мы ўважаем сваёй задачай звяртаць увагі на падобныя важныя стратэгічныя пралікі ўкраінскай замежнай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Аляксандр Хара, аналітык фонду «Майдан замежных спраў»:

- Тое, што адбылося на Майдане, мы называем «рэвалюцыяй годнасці». Яна паказала, што для ўкраінскага народа з'яўляецца самым важным: першае - свабода, другое - годнасць, трэцяе - дабрабыт. Адпаведна, калі мы гаворым пра гэтыя рэчы і глядзім на нашых суседзяў праз прызму расейскай агрэсіі, то Беларусь натуральна трапляе ў поле зроку.

Беларусь нам блізкая ментальна і па мове. Але сёння мы абавязаны звярнуць увагу на рэжым, які кіруе гэтай краінай, на тое, якую пагрозу ён нясе не толькі свайму народу, але і нам, нягледзячы на ўсе запэўніванні ў адваротным. Беларусь і Расея ўваходзяць у «саюзную дзяржаву», усе сілавыя структуры - ад міністэрства абароны да КДБ - фактычна адно цэлае з расейскай сістэмай, агрэсія якой не спыніцца на тэрыторыі Крыма і Данбаса, а будзе распаўсюджвацца далей. Таму мы павінны разумець, па-першае, пагрозу з боку рэжыму Лукашэнкі, а, па-другое, усведамляць, што праз нейкі час беларускі народ вызваліцца ад дагматаў чалавеканенавісніцкай ідэалогіі. І з пункту гледжання грамадскіх настрояў, і з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі Беларусь з'яўляецца важным аб'ектам, на які трэба звярнуць увагу.

Лукашэнка, трэба сказаць, майстар тактыкі, і ёсць тры цэнтры, паміж якімі ён лавіруе для таго, каб захаваць уладу і атрымаць нейкія прэферэнцыі. Гэта Украіна, Расея і калектыўны Захад. Паглядзіце, як толькі расейцы пачынаюць прыкручваць гайкі, уводзіць нейкія харчовыя эмбарга, ён знаходзіць саюзнікаў і ва Украіне, і ў Еўрапейскім звязе. На днях прайшло пасяджэнне Савета бяспекі Беларусі, на якім абмяркоўвалася пытанне абарончых планаў, гэта значыць Лукашэнка адчувае сябе не зусім упэўнена ў кантэксце расейскай агрэсіі рыторыкі, што змянілася ў дачыненні да яго. Але на самой справе, яго рэжым не зменіцца, структура эканомікі не зменіцца, структура і стасункі сілавых ведамстваў да свайго народу і да нас - таксама не зменяцца.

Наша ўлада спрабуе знайсці ў ім, калі не саюзніка (саюзнік занадта гучна сказана), то па меншай меры чалавека, які будзе паводзіць сябе неагрэсіўныя. Але нельга спадзявацца на тырана. Ёсць добрае выказванне Салона: «Тыранія - гэта добрая крэпасць, але выйсця з яе няма». Яна дакладная, як для Пуціна, які загнаў сябе ў такі цяжкі стан (і, хутчэй за ўсё, у яго не атрымаецца выйсці адтуль), так і для Лукашэнкі. Зробленыя ім крокі загналі яго ў тупік і, на вялікі рахунак, набліжаецца гадзіна развязкі.

Калі структура ягонай ўлады кантралюемая спецслужбамі і ўзброенымі сіламі Расейскай Федэрацыі, то магчымы варыянт, калі яго проста папросяць вызваліць пасаду. Ва Украіне гэты сцэнар не прайшоў, нягледзячы на тое, што ва ўладу былі ўкаранёныя прадстаўнікі ФСБ, ГРУ і іншых спецслужбаў. Наколькі больш сумна справы ідуць у Беларусі, якая ўважае сябе саюзнай з Расеяй дзяржавай, я не ведаю. Гэта пытанне да экспертаў у пытаннях бяспекі і да саміх беларусаў, часткай чаго яны сябе ўважаюць: так званага рускага свету ці яны ўважаюць за каштоўнасць незалежнасць у свабоднай Беларусі.

Зміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

- Хочам мы гэтага ці не хочам, лёс Беларусі ў бліжэйшыя 10 гадоў будзе звязаны з развіццём сітуацыі ва Украіне. Мы з'яўляемся не толькі бліжэйшымі суседзямі, бліжэйшымі этнічнымі і гістарычнымі сваякамі, але і часткай адзінага цэлага. Мы - Усходняя Еўропа, мы - Балтыйска-Чарнаморскае міжмор’е, мы - УЛБ, тэрыторыя трох незалежных дзяржаў - Украіны, Літвы і Беларусі.

Беларусы ўскладалі вялікія надзеі на Аранжавую рэвалюцыю. Яна правалілася. Галоўная прычына гэтага правалу - местачковае мысленне кіраўнікоў «аранжавых» сілаў. Яно прывяло не толькі да падзення ўлады Юшчанкі і Цімашэнкі і вяртання Януковіча, але і да страты Крыма і вайны ва ўсходняй частцы Украіны. Таму мы з калегамі ўжо некалькі разоў прыязджалі ва Украіну, сустракаліся з украінскімі палітыкамі, дыпламатамі, грамадзянскімі актывістамі, журналістамі, спрабуючы данесці да ўкраінскага боку важнасць беларускага пытання. Без Беларусі развязаць украінскую сітуацыю немагчыма. Адна з галоўных праблем, што сёння палітыку ўзаемадзеяння з Беларуссю і адначасова з рэжымам Лукашэнкі рэалізоўваюць тыя ж людзі, якія праводзілі «аранжавую» палітыку.

Вельмі пазітыўным момантам з'яўляецца тое, што ва Украіне існуе такая арганізацыя як Майдан замежных спраў, у якую ўваходзяць многія былыя дыпламаты, вядучыя аналітыкі, эксперты ў галіне бяспекі і міжнароднай палітыкі. Прычым гэта людзі, якія першымі, знаходзячыся яшчэ на дзяржаўнай службе, падтрымалі «рэвалюцыю годнасці», якія былі звольненыя рэжымам Януковіча за падтрымку Майдана і з'яўляюцца маральнымі аўтарытэтамі. Мы змаглі знайсці агульную мову і правесці круглы стол «Украіна і Беларусь ва ўмовах расейскай агрэсіі».

Мы выступаем сёння за неабходнасць нармальных стасункаў паміж Беларуссю і Украінай, разумеем, што важным з'яўляецца эканамічнае супрацоўніцтва. Адзінае, мы супраць таго, каб украінскія ўлады рабілі стаўку толькі на рэжым Лукашэнкі, таму што гэта не ў нацыянальных інтарэсах Украіны.

Дыктатар сёння падвёў Беларусь да эканамічнай катастрофы, таму што дэвальвацыя беларускага рубля будзе значна мацнейшай, чым тое, што мы сёння назіраем у Расеі. Лукашэнка, які крычаў пра неабходнасць пераходу ў Мытным саюзе на нацыянальныя валюты, сёння патрабуе абсалютна зваротнага і заклікае весці разлікі з пуцінскай Расеяй толькі ў далярах і еўра. Мы тлумачым украінцам: вы не можаце выбудоўваць стасункі з Лукашэнкам. Гэта чалавек з нестабільнай псіхікай, які дрэнна разбіраецца ў эканоміцы і які вядзе палітыку толькі на ўтрыманне ўлады.

Мы з украінскімі калегамі разумеем, наколькі хутка цяпер развіваюцца падзеі. Неабходна рыхтаваць прапановы і для ўкраінскіх уладаў, і для Еўразвязу, і для ЗША па дзеяннях у нашым рэгіёне. Такое ўзаемадзеянне неабходнае. Гэта дае нам надзеі на перспектыўнае супрацоўніцтва новай дэмакратычнай Украіны з новай дэмакратычнай Беларуссю, якой наша краіна стане, я ўпэўнены, у найбліжэйшай будучыні.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках