6 траўня 2024, панядзелак, 3:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія хірургі дасталі нажніцы з дзіцячага сэрца

14
Беларускія хірургі дасталі нажніцы з дзіцячага сэрца

Хлопчыку цудам і дзякуючы своечасовай дапамозе ўдалося выжыць.

Трохгадовы Саша бег з манікюрнымі нажніцамі, не ўпісаўся ў дзвярны праём, урэзаўся ў сцяну. Нажніцы ўпіліся яму ў грудзі і праніклі ў сэрца. Хлопчыку цудам і дзякуючы своечасовай дапамозе ўдалося выжыць, пішуць «Беларускія навіны».

Саша - малодшае дзіця ў сям'і Бальцюкевічаў з вёскі Пашковічы Воранаўскага раёна Гарадзенскай вобласці, у яго ёсць яшчэ чатыры сястры. У той дзень, калі з ім здарылася няшчасце, дома былі толькі дзеці. Іх мама Наталля Бальцюкевіч паехала да мужа, у якога ў поле здарылася паломка.

Калі Саша параніў сябе, старэйшая дачка 15-гадовая Дыяна на руках аднесла яго ў дом суседкі - фельчара Любові Міхальчык. Дачка і фельчар першыя, каму кажа дзякуй Наталля за выратаванне сына.

Любоў Міхальчык са сваім сынам адвезла на машыне хлопчыка ў лякарню пасёлка Радунь, адтуль хуткая даставіла яго ў Воранава.

«Мы з мужам дагналі хуткую на машыне, - распавяла Наталля Бальцюкевіч, - І на хвілінку ўбачылі Сашу, калі яго завозілі ў лякарню. Было вельмі страшна. Вялікі дзякуй за выратаванне нашага сына лекарам і асабіста загадчыку кафедры дзіцячай хірургіі Гарадзенскага медыцынскага універсітэта Віктару Кавальчуку, які рабіў аперацыю».

Віктар Кавальчук быў у Воранаве праз пару гадзін пасля званка калег.

Як распавёў лекар, калі ён ехаў да хворага, то не ўяўляў маштабаў пашкоджання і не мог ацаніць ступень рызыкі. А калі б уяўляў, то, хутчэй за ўсё, палічыў бы неабходным звярнуцца па дапамогу да калег-кардыяхірургаў. Аднак у гэтым выпадку ў хлопчыка заставалася б усё менш часу. Спыненне сэрца магло здарыцца ў любую хвіліну.

У брыгадзе быў таксама лекар-анестэзіёлаг Гарадзенскай абласной бальніцы Андрэй Вільчук, а таксама анестэзіёлагі Воранаўскай бальніцы.

«Такіх аперацый, - распавёў Віктар Кавальчук, - Не робяць у экстранай хірургіі. Яны праводзяцца толькі ў планавай з нармальным доступам, са складаннем плана аперацыі. Я падобных раненняў сэрца не памятаю, публікацый аб падобных аперацыях не сустракаў. Калі ўбачыў хлопчыка і тое, як нажніцы трапяталі ў рытме сардэчных скарачэнняў, зразумеў, што яны знаходзяцца ў міякардзе. Дарогі назад не было: у дзіцяці пачалі з'яўляцца прыкметы парушэння сардэчнага рытму».

Як высветлілася падчас аперацыі, нажніцы былі ўтыркнутыя ў мышачную сценку правага шлуначка сэрца. З перыкарда выдалілі каля 20 мл крыві.

Нестандартнасць сітуацыі была яшчэ і ў тым, што аперацыю трэба было рабіць у месцах, далёкіх ад ўстановы, якая дазваляе аказаць спецыялізаваную дапамогу пры раненні сэрца. Паводле слоў галоўнага пазаштатнага спецыяліста Міністэрства аховы здароўя дзіцячай хірургіі Васіля Аверына, за апошнія 20 гадоў падобнага выпадку ў краіне не было.

Хірург Віктар Кавальчук апынуўся перад дылемай: ці ісці на рызыку і рабіць аперацыю без адпаведных умоў - альбо везці дзіця ў абласную ўстанову (за 130 км) з вялікай верагоднасцю неспрыяльнага зыходу.

Аперацыя прайшла паспяхова. Ужо праз два дні Сашу перавезлі з Воранава ў Гарадзенскую абласную бальніцу, дзе ў аддзяленні рэанімацыі ён знаходзіўся яшчэ сем дзён. 2 снежня - на 16-ты дзень з моманту атрымання траўмы - выпісалі.

Прагноз для хлопчыка вельмі добры. «І ён, і бацькі забудуцца пра траўму», - лічыць Віктар Кавальчук.

Пакуль жа сям'я Бальцюкевічаў усё вельмі добра памятае і не стамляецца паўтараць словы падзякі лекарам. А вось Саша, распавяла Наталля Бальцюкевіч, адчувае сябе так, як і да аперацыі: «Есць, бегае, добра спіць, як быццам нічога не адбылося. Праўда, кажа, што нажніцы ў рукі браць не будзе».

Віктар Кавальчук распавёў яшчэ аб адным падобным выпадку. Зусім нядаўна 15-гадовы хлопчык з Гародні ўпаў на нож - гэта можна параўнаць з ударам нажом у сэрца. Яму была праведзеная аперацыя. Праваахоўныя органы праводзяць разбіральніцтва з нагоды таго, як мог адбыцца гэты няшчасны выпадак.

«У старэйшым узросце, - дадаў Віктар Кавальчук, - Дзеці павінныя ведаць правілы бяспекі пры выкарыстанні патэнцыйна небяспечных прадметаў».

Нярэдка дзеці становяцца ахвярамі не толькі ўласнай неасцярожнасці, але і бацькоўскай бестурботнасці.

Нядаўна ў Гарадзенскую абласную бальніцу трапіла дзіця з апёкам стрававода, прычынай якога стаў элемент сілкавання, які знаходзіўся там цягам паўтара месяца: «Батарэйка прапаліла ўсю сценку стрававода, з'явілася ягоная непраходнасць. Мы вынялі са стрававода груднога дзіцяці жменю семак, арэхаў, якімі яго карміла старэйшая сястра».

«У большасці выпадкаў, калі маленькія дзеці пакутуюць ад траўмаў - гэта недагляд дарослых», - падкрэсліў Віктар Кавальчук.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках