6 траўня 2024, панядзелак, 7:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Я ведаю, як выратаваць эканоміку

12
Леанід Злотнікаў: Я ведаю, як выратаваць эканоміку

Вядомы беларускі эканаміст, грамадскі дзеяч і навуковец адзначыў 75-годдзе.

14 снежня Леаніду Злотнікаву споўнілася 75 гадоў. Ён нарадзіўся ў 1939 годзе ў Гомелі, прайшоў службу ў Савецкай арміі, працаваў слесарам на «Гомсельмашы», з лёгкасцю паступіў у МДУ на факультэт эканамічнай кібернетыкі і ўсё жыццё спрабаваў разабрацца, як функцыянуе свет у цэлым і дзяржава ў прыватнасці.

Злотнікаў заўсёды ўдзельнічаў у грамадска-палітычнай дзейнасці Беларусі, спрабаваў змяніць эканамічны курс уладаў, але праз свае ліберальныя погляды рэжымам запатрабаваны не быў, хоць працаваць у сферы эканомікі ніколі не пераставаў.

Леанід Канстанцінавіч з'яўляецца аўтарам шматлікіх артыкулаў, навуковых прац і кніг, лаўрэатам прэміі Фонду Сораса ў намінацыі «Лепшы эканамічны аглядальнік Беларусі», удзельнічаў у распрацоўцы альтэрнатыўных праграм і мадэляў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, выступаў на міжнародных канферэнцыях і выкладаў у ВНУ краіны.

Эканаміст распавёў charter97.org, чаму ён звязаў сваё жыццё з эканомікай і палітыкай і якая будучыня чакае Беларусь:

- Мяне заўсёды цікавілі сацыяльныя пытанні, яшчэ са школы. З дзяцінства мне было цікава, як усё функцыянуе, чаму адны бедныя, а іншыя багатыя. Пасля школы я трапіў у вайсковае вучылішча, але сышоў на першым курсе, заявіўшы, што ў мяне няма паклікання быць афіцэрам Савецкай арміі. Мяне адправілі на тэрміновую службу. Служыў тры гады ў Краснаярскім краі.

Пасля войска паступаў у МДУ, і першапачаткова мае інтарэсы былі хутчэй у галіне палітычнай эканоміі. Там была аднайменная спецыяльнасць. Але калі я прыехаў туды паступаць, мяне пасялілі на Ленінскіх гарах у інтэрнат з чалавекам, які скончыў механіка-матэматычны факультэт і паступаў у аспірантуру. Трэба сказаць, што я гэтаму чалавеку вельмі ўдзячны, ён аказаў на мяне ўплыў, спытаўшы: хлопец, куды ты паступаеш? Палітэканоміка ў СССР - гэта самая тупая справа, гэта схаластыка, нічога ты там ведаць не будзеш. У іх на мехмате казалі, што палітэканомію як агульны прадмет нармальныя студэнты здаюць з трэцяга разу на тры балы - тады гэта значыць, што чалавек у групе паважаны. А калі чалавек здае на пяць - значыць, нешта з ім не тое. Ён і мне прышчапіў такое стаўленне.

Я ў яго пытаюся: як жа мне цяпер быць? А ён кажа: на факультэце з'явілася аддзяленне эканамічнай кібернетыкі. Там будзе і матэматыка, і кібернетыка, і эканоміка. Вось так я трапіў у кібернетыку, гэта значыць я не зусім эканаміст. Хоць і там кафедра палітэканоміі мяне не адпускала. Мы вучылі і сацыялізм, і капіталізм, вывучалі Маркса - не толькі ягоныя эканамічныя працы, але і іншыя.

Мне хацелася разабрацца да канца ў тым, як працуюць грамадства, эканоміка. Побач з нашым факультэтам была бібліятэка МДУ. Там была велізарная колькасць кніг - і я любіў у гэтай бібліятэцы сядзець, для сябе сёе-тое чытаць і паволі пачаў ва ўсім разбірацца.

- А як вы зразумелі, што вашае пакліканне эканоміка, а не ваенная справа?

- Калі я паступіў у вайсковую афіцэрскую вучэльню, то па раніцах і вечарах мы пачалі маршыраваць ротай і спяваць песні. Чаканілі крок - а потым ішлі спаць. Раніцай падымаліся, яшчэ цёмна, а мы ўжо вучымся хадзіць страявым крокам. А было гэта пад Краснаярскам, за горадам, старыя казармы, пляц як люстэрка... І так мне гэта надакучыла! Гэта было не маё. Я адразу напісаў заяву, што ў мяне паклікання быць савецкім афіцэрам няма. Так мяне адтуль яшчэ цэлы месяц не адпускалі. Я ўжо ні канспекты не пісаў, ні адказваў выкладчыкам... І пасля шматлікіх размоў мяне адправілі на тэрміновую службу на тры гады.

Ва універсітэце я вучыўся ў перыяд палітычнай «адлігі». Быў чальцом камітэта камсамола ўніверсітэта і памятаю, як мы разбіралі справу аднаго студэнта, якога павінны былі выключыць за антысавецкую прапаганду. Я заступіўся, арганізаваў яму падтрымку і яго не выгналі. Ужо тады я стаў цікавіцца палітыкай. Гэта таксама быў паваротны момант. Але такіх момантаў было шмат, бо жыццё вялікае.

- Дарэчы, пра палітыку. Вы былі галоўным спецыялістам Пастаяннай камісіі эканамічнай палітыкі і рэформаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання (1995-1996 гады). Такія людзі як вы і павінныя былі будаваць новую Беларусь пасля дэмакратычных выбараў. Вы бачыце сябе ў гэтай ролі?

- Я ўяўляю, што трэба рабіць, і праграмных артыкулаў напісаў нямала. Таксама я ўдзельнічаў у падрыхтоўцы праграмы кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, выразна разумеючы, як працуе эканоміка і як у цэлым працуе сусветная гаспадарка, у тым ліку таму што ў мяне былі азнаямленчыя камандзіроўкі і візіты ў іншыя краіны. Напрыклад, некалькі гадоў я працаваў эканамічным дарадцам ў групе Сусветнага банка, у менскім офісе Міжнароднай фінансавай карпарацыі, займаўся праблемамі развіцця малога бізнесу.

Прадоўжыў працу і на пенсіі. За тое, што я кансультаваў японскіх бізнесменаў, мяне запрасілі ў індывідуальны тур у Японію праз запрашэнне аддзела СНД МЗС Японіі і асабіста амбасадара Японіі ў Беларусі. Там я азнаёміўся з тым, як ўзаемадзейнічае малы і буйны бізнес, даведаўся, як прайшоў віток спецыялізацыі кааперацыі, які за апошнія 50 гадоў ператварыў усю сусветную эканоміку. Гэта было вельмі карысна. Я ўбачыў тое, пра што чытаў. Потым я шмат пісаў пра тое, што Беларусь «праспала» гэты віток, і што нашыя прадпрыемствы тыпу Трактарнага завода ўжо ніколі не паднімуцца.

- Чаму ўлады «губяць» эканоміку краіны?

- Наш рэжым перакананы ў вернасці сацыялізму і зрушыць яго немагчыма. Таму гэта ўсё проста абваліцца. Я бачыў з усіх бакоў усё, што адбываецца ў краіне. Больш за тое, калі абралі Лукашэнку, я пісаў у кнізе «У пятлі папулізму» пра такую мадэль і пра тое, чым гэта скончыцца. Яно гэтым і канчаецца.

У Беларусі глеба для ліберальных ідэй яшчэ няспелая. Тут краіна асаблівая. Яе не параўнаць ні з Украінай, ні з краінамі Балтыі, і нават ні з Расеяй. Тут не было такога пласта ліберальнай інтэлігенцыі, яе ў Беларусі наогул было мала. І тое, што Беларусь была адзінай краінай, якая пачала пераход да рынкавай эканомікі і павярнула назад - гэта і было нашай галоўнай асаблівасцю.

Зараз я перакананы ў тым, што мы асаблівыя ў сілу таго, што адзін час былі адсталай ускраінай царскай Расеі, тут не была развітая эканоміка, не было індустрыяльных цэнтраў, прамысловай эліты. Затое было шмат сялян, патрыярхальны дух.

- Але ў нас ёсць патэнцыял для перамен. Над чым трэба будзе працаваць?

- Мы знаходзімся ў асяроддзі краін, якія так ці інакш змяняюцца. Застацца нерэфармаванай, ператварыцца ў Кубу ў цэнтры Еўропы ці ў Паўночную Карэю, напэўна, не атрымаецца. Будзе замена палітычных эліт ва ўладзе, будзе іншая мадэль.

Зараз надыходзіць момант ісціны. Гэтая камандная мадэль сябе вычарпала - і даўгі нарасцілі, і прамысловасць праелі, і расейскія субсідыі ўжо дапамагаюць мала... Гэтая сістэма падышла да канца.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках