5 траўня 2024, Нядзеля, 6:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракаповіч: Год прайшоў добра, дэвальвацыі не будзе

80
Пракаповіч: Год прайшоў добра, дэвальвацыі не будзе

Віцэ-прэм'ер паўтарыў фразу, сказаную ім напярэдадні крызісу 2011 года.

Сёння на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат «нацыянальнага сходу» віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч заявіў, што бліжэйшыя 2-3 гады ні ў якім разе нельга павышаць падатковую нагрузку на прадпрыемствы: «Мы павінны спыніцца і зафіксаваць тое, што ёсць сёння».

Агулам чыноўнік адзначыў, што, нягледзячы на складаныя ўмовы 2014 года, у Беларусі ўдалося дасягнуць адноснай збалансаванасці эканомікі, паведамляе БелТА.

«На жаль, сёлета нам даводзілася працаваць ва ўмовах, якія не маглі прадбачыць пры працы над прагнознымі паказчыкамі. Гэта, па-першае, падзеі ва Украіне. Не маглі мы прадбачыць і тое, што адбудзецца ў нашага галоўнага партнёра - Расеі», - сказаў Пракаповіч.

Зрэшты, дадаў ён, не толькі замежныя фактары не дазволілі выканаць прагнозныя паказчыкі:

«Паўплывалі і ўнутраныя фактары - што мы не ў дастатковай ступені змаглі павысіць канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі на ўнутраным і замежным рынках».

Тым не менш, мяркуе віцэ-прэм'ер, галоўная задача ў 2014 годзе выкананая: рост рэальных даходаў насельніцтва за 11 месяцаў склаў 101,7%.

Адмоўным фактарам Пракаповіч назваў тое, што пытанні стабілізацыі развязаліся не толькі за кошт унутраных рэсурсаў, але і з дапамогай рэструктурызацыі замежнага доўгу.

Агулам жа вынікі гэтага года, на думку віцэ-прэм'ера, можна ўважаць станоўчымі.

Журналіст «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук спытаў у Пятра Пракаповіча, ці будзе дэвальвацыя.

Ён прывёў свой дыялог з віцэ-прэм'ерам у «Фэйсбуку»:

«- Скажыце коратка, будзе дэвальвацыя ці не?

- Пытанне гэтае не да мяне...

- Але мы ж толькі вам аднаму верым!

- Ну, калі толькі мне верыце... Не, не будзе!

- А які курс даляра будзе ў налета?

- Той, што запісаны ў «Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі!» - бо я гэта сказаў ужо два разы»

Нагадаем, Пётр Пракаповіч ужо выступаў з такой заявай напярэдадні крызісу 2011 года, калі беларускі рубель абясцэніўся ў тры разы.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках