6 траўня 2024, панядзелак, 15:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віза ў Еўропу: перастане гэта быць праблемай для беларусаў?

2
Віза ў Еўропу: перастане гэта быць праблемай для беларусаў?

Беларусь - адзіная ўсходнееўрапейская краіна, якая не мае спрошчанага візавага рэжыму з ЕЗ.

А таму для беларусаў віза каштуе вялікіх высілкаў і грошай. Ці зменіцца сітуацыя бліжэйшым часам?

Пару дзён таму завяршыўся другі раунд перамоваў аб заключэнні РБ і ЕЗ пагаднення аб спрашчэнні візавых фармальнасцей. Плануецца, што трэці раунд перамоваў пройдзе ў Менску ў пачатку 2015. Пакуль МЗС не выдае падрабязнасцяў перамоваў, але, на думку экспертаў, у Беларусі ёсць усе шанцы дамагчыся спрошчанага візавага рэжыму з ЕЗ да прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, піша «Штодзённік».

Мяркуецца, што гэта дасць нашым грамадзянам не толькі магчымасць плаціць за візу 35 еўра замест 60, але і істотна спросціць працэдуру атрымання віз. Колькасць шматразовых віз павялічыцца, а для некаторых катэгорый грамадзян (дзеці, навукоўцы, спартоўцы і г.д.) візавы збор наогул спаганяцца не будзе.

Звычайна падпісанне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму вядзе за сабой пагадненне аб яго скасаванні. Ці можна беларусам спадзявацца на свабодны ўезд у Еўропу, абмяркоўвалася на прэс-канферэнцыі, якую правяла ў Кіеве грамадская арганізацыя «Без візы».

Па пратаптанай дарожцы

Для адказу на пытанне арганізатары прапанавалі звярнуцца да досведу краін, якія з'яўляюцца нашымі калегамі па «Усходнім партнёрстве» (а гэта Украіна, Малдова, Грузія, Арменія і Азербайджан).

Першай удзельніцай «Партнэрства», якая дамаглася бязвізавага рэжыму з Еўрапейскім Звязам, стала Малдова. Перамовы аб скасаванні віз доўжыліся блізу трох гадоў. За гэты час афіцыйны Кішынёў прывёў у адпаведнасць з еўрапейскімі стандартамі прававое поле ў сферы барацьбы з дыскрымінацыяй і забяспечыў міграцыйны кантроль на прыднястроўскім сегменце малдаўска-ўкраінскай мяжы. І толькі вясной 2014 пачаў дзейнічаць візавы рэжым Малдовы з ЕЗ. Ён дазваляе уладальнікам біяметрычных пашпартоў свабодна перасоўвацца па краінах Шэнгенскай зоны цягам 90 дзён на працягу паўгода.

На фоне Малдовы ўкраінскія перамовы ў візавым пытанні выглядаюць даволі зацяжнымі. І гэта ўлічваючы той факт, што Украіна сама калісьці зрабіла першы крок насустрач Еўропе - у 2005 годзе дазволіла бязвізавы ўезд для грамадзян Еўразвязу.

Дыялог аб заключэнні Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ пачаўся толькі з 2007 года, і толькі ў верасні 2014 Вярхоўная рада ўхваліла законапраект. Афіцыйны Кіеў заявіў, што з пачатку наступнага года Украіна разлічвае далучыцца да бязвізавага рэжыму з ЕЗ.

Дзе ўзяць біяметрычны пашпарт?

Галоўнай праблемай у канцы гэтага доўгага шляху можа стаць неабходнасць для ўсіх, хто ўязджае ў ЕЗ мець біяметрычны пашпарт.

МЗС Украіны заяўляе, што запуск працэдуры выдачы біяметрычных замежпаспартоў запланаваны на 1 студзеня 2015 года. Але скасаванне візавага рэжыму немагчымая, пакуль ЕЗ не ацэніць, як менавіта адбываецца выдача, як працуе сістэма, наколькі абароненыя пашпарты серыйнага выпуску. Таму, паводле ацэнак замежнапалітычнай установы, бязвізавы рэжым стартуе толькі пасля саміту Усходняга партнёрства ў Рызе ў траўні 2015 года.

Эксперт Інстытута еўраатлантычнага супрацоўніцтва Аляксандр Сушко мяркуе, што Украіне спатрэбіцца некалькі гадоў, каб выдаць біяметрычныя пашпарты ўсім ахвотным.

Але пашпарт - гэта толькі фармальнасць, падкрэслілі выступоўцы. Ці гатовая Еўропа да бязвізавага рэжыму з Украінай, калі на паўднёвым усходзе краіны праходзяць вайсковыя дзеянні? Ці не пабаіцца ЕЗ патоку бежанцаў з Луганскай і Данецкай абласцей? Ці зацягнуцца перамовы з ЕЗ у чарговы раз ці ж новы ўрад зможа ў сціснутыя тэрміны выканаць свае абяцанні ў рэалізацыі праекта бязвізавага рэжыму?

Беларусь - толькі ў пачатку шляху

Беларусі пра бязвізавы рэжым з Еўразвязам пакуль казаць занадта рана. Прыходзіцца спадзявацца хаця б на тыя паслабленні, якіх сёння дамагаецца беларускі МЗС. Напрыклад, грамадзянам з «добрай візавай гісторыяй» наступныя візы выдаваліся б на год, далей на два і г.д. Ніякіх перадумоў, каб Брусэль не падтрымаў падобныя прапановы, няма, і станоўчая тэндэнцыя выдачы шматразовых шэнгенскіх віз, хутчэй за ўсё, захаваецца.

Для працягу дыялогу па візавай тэматыцы Беларусі не перашкодзіла б самой зрабіць першы крок. Да прыкладу, перагледзець працэс атрымання ўязных віз у нашу краіну для еўрапейцаў. Падчас правядзення ЧС у хакеі Беларусь ужо зрабіла падобны добры жэст - шкада, толькі часовы.

Калі Беларусь усё ж саспее для стварэння бязвізавага рэжыму, то, упэўненыя эксперты, ёй будзе прасцей, чым Украіне. Украіна была піянерам у працэсе падрыхтоўкі дакументаў аб спрашчэнні візавага рэжыму і набіла ў гэтым працэсе шмат гузоў. Малдова ж перахапіла напрацоўкі, падрыхтаваныя ўкраінскімі спецыялістамі, - для яе падрыхтоўка была больш лёгкай. Сапраўды гэтак жа падхапіць іх можа і Беларусь.

Украінскі бок адзначыў неабходнасць удзелу грамадзянскай супольнасці ў дыялогу паміж беларускім бокам і ЕЗ. Кампанія «Без візы» з'яўляецца далёка не адзінай арганізацыяй, якая падтрымлівае ідэю бязвізавага ўезду ў Беларусь і Еўразвяз, але ў цэлым наша грамадзянская супольнасць не дэманструе сваёй актыўнай пазіцыі ў візавым пытанні.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках