7 траўня 2024, aўторак, 4:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінэканамразвіцця Расеі чакае рэцэсію ў 2015 годзе

2
Мінэканамразвіцця Расеі чакае рэцэсію ў 2015 годзе

Мінэканамразвіцця мяркуе, што ў 2015 годзе Расея скаціцца ў рэцэсію. Паводле вынікаў 2015 ВУП Расеі скароціцца на 0,8%.

«Мінэканамразвіцця перагледзела прагноз праз шэраг паказчыкаў, якія рэзка змяніліся ў верасні-кастрычніку. Пагоршыць ацэнку прыйшлося праз больш нізкія кошты на нафту, паслабленне рубля, што дало інфляцыйны эфект», - сказаў намеснік міністра эканамічнага развіцця Аляксей Ведзеў, які прадстаўляў удакладнены прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця РФ на 2015- 2017 гады.

Страты бюджэту на гэтым фоне ў 2015 годзе складуць 50-90 млрд рублёў, або 0,1%, як прагназуе эканамічнае ведамства, піша NEWSru.com. «Магчыма, такая вялікая розніца ў ацэнках тлумачыцца тым, што Мінфін лічыў зыходзячы з іншага курсу рубля, які, паводле нашых ацэнак, складзе ў сярэднім 49 рублёў за даляр у 2015 годзе», - адзначыў Ведзеў.

З ягоных слоў, МЭР чакае, што эканоміка Расеі скароціцца на 0,8% супраць прагназуемага раней росту ў 1,2%. Пры гэтым быў скарэктаваны прагноз што да 2014 - ВУП скароціцца не на 0,5, а на 0,6%.

У Мінэканамразвіцця, зрэшты, мяркуюць, што ў сярэдзіне 2015 расейская эканоміка можа знайсці дно і «адштурхнуцца». «Магчыма, наступны год стане паваротным і будзе ніжняй кропкай бізнэс-цыклу» - растлумачыў кіраўнік дэпартамента зводнага макраэканамічнага прагназавання МЭР Кірыл Трэмасаў. - Мы не чакаем, што сыходны трэнд, у якім мы знаходзімся ўжо тры гады, будзе працяглым».

Раней Bloomberg са спасылкай на экспэртаў пісала, што ў Расеі пачнецца рэцэсія пры цане на нафту Urals ў 80 даляраў. У прагнозе МЭР цана на нафту на 2015 год зніжана са 100 да 80 даляраў, на 2014 год - з 104 да 99 даляраў за барэль, паведаміў Ведзеў. «У сувязі з тым, што цяпер цэны на нафту ў нас падаюць», - растлумачыў ён.

МЭР змяніла прагноз курсу рубля да даляра да 37,4 рубля ў 2014 годзе і да 49 рублёў у 2015 годзе, паведаміў Ведзеў.

«Сярэднегадавы курс даляра ЗША на наступны год - 49 рублёў за даляр, - удакладніў Ведзеў. - У 2014 годзе павысілі сярэднегадавы курс да 37,4». Раней МЭР прагназавала курс даляра ў 2015 годзе на ўзроўні 37,7 рубля, у 2014 годзе - 35,7 рубля.

«У рэальным выражэнні эфектыўны курс рубля аслабне ў 2014 годзе на 6,8%, у 2015 годзе - на 13,5%», - распавёў намеснік міністра.

Як паведамляе «Прайм», экспэртная ацэнка раўнаважкага курсу рубля на наступны год - у дыяпазоне 48-51 рубель за даляр пры цане на нафту 80 даляраў за барэль і адтоку капіталу 90 млрд даляраў.

Нагадаем, Цэнтрабанк РФ таксама мяркуе, што зніжэнне коштаў на нафту будзе зацяжным. Першая намесніца старшыні ЦБ Ксенія Юдаева дала ўласны прагноз: зніжэнне коштаў на нафту будзе доўгім, інфляцыя ў пачатку 2015 года - 10%

Сярэдняя цана на нафту Urals у лістападзе знізілася на 27%. Цэнтрабанк мяркуе, што з высокай верагоднасцю зніжэнне коштаў на нафту будзе доўгім. Нават паводле сціплых падлікаў Мінфіна, зніжэнне нафтавых коштаў адбярэ з бюджэту ў будучым годзе мінімум 1 трлн рублёў. Незалежныя экспэрты налічылі ўдвая больш.

МЭР рэзка пагоршыла прагноз адтоку капіталу з Расеі. «Рэзкае зніжэнне кошту на нафту прывяло і да зніжэння курсу рубля і да павелічэння адтоку капіталу. У гэтым годзе мы чакаем адток 125 млрд даляраў, у 2015 годзе адзнака падвышаная з 50 млрд да 90 млрд даляраў», - сказаў намеснік міністра.

Прагноз што да інфляцыі таксама змяніўся да горшага: у 2014 годзе ён вырас з 7,5% да 9%. Унёсак дэвальвацыі ў інфляцыю ў 2014 годзе складзе 2,4%. У 2015 годзе, паводле прагнозаў МЭР, інфляцыя складзе 7,5%. У вераснёвым прагнозе міністэрства інфляцыя паводле вынікаў 2015 чакалася на ўзроўні 5,5%.

Рэальныя зарплаты ў Расеі ў 2015 годзе знізяцца на 3,9%, прагноз што да іх росту ў 2014 годзе зніжаны да 1,3% (ранейшы прагноз - рост рэальных заробкаў на 1,5% у 2014 і 0,5% у 2015 гадах) .

Прагноз што да росту рэальных наяўных даходаў насельніцтва на гэты год павышаны з 0,3 да 0,6%, у 2015 годзе гэты паказчык, як чакаецца, знізіцца на 2,8% супраць ранейшага прагнозу што да росту гэтага паказчыка на 0,4. Ведзеў абвясціў, што ўзровень фонду аплаты працы сёння «на гістарычным максімуме знаходзіцца», што правакуе высокія выдаткі.

У плюс Мінэканамразвіцця палепшыла прагноз у росце прамысловай вытворчасці ў Расеі на 2014 год - да 2% з 1,7%. Прагноз на 2015 год зніжаны да 1,1% з 1,6%. Станоўчы ўнёсак у прамысловасць зробяць патэнцыйнае імпартазамяшчэнне, вялікі аб'ём дзяржзаказу і меры ў стымуляванні дзяржзакупак расейскага абсталявання, растлумачыў Ведзеў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках