7 траўня 2024, aўторак, 5:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандра Герасіменя прапусціць ЧС-2014 на кароткай вадзе

Аляксандра Герасіменя прапусціць ЧС-2014 на кароткай вадзе

Лідар нацыянальнай каманды Беларусі ў плаванні Аляксандра Герасіменя планава прапусціць чэмпіянат свету на кароткай вадзе.

Ён стартуе 3 снежня ў сталіцы Катара Досе. Пра гэта паведаміў галоўны трэнер айчыннай зборнай Дзмітрый Манцэвіч, піша БелТА.

"У Аляксандры індывідуальны план падрыхтоўкі. Спаборніцтвы ў Катары не ўваходзілі ў яго, аднак яна трэніруецца, нядаўна выступала на міжнародных спаборніцтвах у Літве, а цяпер рыхтуецца да паездкі ў Берасце на рэспубліканскую ўніверсіяду. Пасля гэтага спартсменка адправіцца на тэставанне ў Нідэрланды і, прайшоўшы яго, возьме ўдзел у буйных міжнародных спаборніцтвах на Кубак Уладзіміра Сальнікава ў Санкт-Пецярбургу. Усе старты, дзе плануецца з'яўленне Герасімені, будуць праходзіць у 25-метровых басейнах", - сказаў Дзмітрый Манцэвіч.

Тлумачачы прычыны такіх спаборніцкіх прыярытэтаў сваёй падапечнай, настаўнік падкрэсліў, што плыўчыха планамерна павялічвае нагрузку і, магчыма, вясной наступнага года выйдзе на максімальныя значэнні. Цяпер жа праходзіць працэс аднаўлення спартсменкі. Галоўны трэнер нацкаманды распавёў, што за некалькі дзён да пачатку жнівеньскага чэмпіянату Еўропы-2014 у Берліне (Нямеччына) у Аляксандры з'явіліся вострыя болі практычна ва ўсіх суставах. Тады яна была вымушаная спыніць трэніроўкі і прыбыла на кантынентальны турнір у не аптымальнай форме, што і стала прычынай нізкіх вынікаў. "Яна атрымала шэраг кансультацый у аднаго з дасведчаных фізіятэрапеўтаў Нямеччыны, а таксама праграму аднаўленчых мерапрыемстваў у прадухіленні боляў. Цяпер спартсменка і трэнеры разам займаюцца рэалізацыяй гэтага плана", - падкрэсліў Дзмітрый Манцэвіч.

У склад беларускай зборнай на будучы чэмпіянат свету-2014 на кароткай вадзе ўвайшлі тры атлеты. Яўген Цуркін будзе выступаць на дыстанцыях 50 м і 100 м батэрфляем, а таксама 50 м вольным стылем. Віктар Стаселовіч паўдзельнічае ў спаборніцтвах на 50 м і 100 м на спіне. Выступленне Святланы Хахловай плануецца на 50 м вольным стылем, 50 м батэрфляем і 100 м комплексным плаваннем.

У час будучага чэмпіянату ўзнагароды будуць разыграныя ў 46 відах праграмы. Спаборніцтвы ў Досе пройдуць з 3 да 7 снежня.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках