Васіль Парфянкоў з'ехаў з Беларусі
4- 20.12.2014, 16:02
- 14,469
Экс-палітвязень Васіль Парфянкоў, які знаходзіцца ў Беларусі пад прэвентыўным наглядам, з'ехаў 19 снежня ва Украіну.
Пра гэта паведаміў БелаПАН намеснік старшыні грамадскага аб'яднання "Альтэрнатыва" Ілля Дабратвор.
Паводле ягоных слоў, Васіль Парфянкоў вяртацца ў Беларусь не мае намеру.
Неабходна адзначыць, што ў Львоўскай вобласці знаходзіцца жонка былога палітвязня з 11-месячным дзіцём. У 2011 годзе Парфянкоў быў асуджаны паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года. Яго прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, але ў жніўні таго ж года асуджаны выйшаў на волю на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні. Пасля гэтага былы палітвязень неаднаразова падвяргаўся пераследам з боку ўладаў, што праваабаронцы разглядаюць як помсту ўладаў і спробу ціску на грамадскіх актывістаў.
Парфянкоў быў узяты пад варту 5 снежня 2013 падчас апублікавання прысуду паводле арт. 421 КК (невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду). Прысуджаны да года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Некалькі апошніх месяцаў Парфянкоў даседжваў тэрмін у адзіночнай камеры. Актывіст быў вызвалены 5 снежня, год прэвентыўнага нагляду быў яму прызначаны яшчэ ў калоніі ў Горках.