Прэм'ер Фінляндыі: Сяброўства ў НАТА не залежыць ад меркавання Расеі
- 20.12.2014, 16:53
- 5,540
Сяброўства Фінляндыі ў НАТА не з'яўляецца актуальным пытаннем і яго будзе вырашаць ужо наступны ўрад.
Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр краіны Аляксандр Стуб, паведамляе Yle.
Чыноўнік падкрэсліў, што прыняцце рашэння аб уступленні ў НАТА - гэта ўнутранае пытанне краіны і Фінляндыя не будзе прыслухоўвацца да чужога меркавання, у прыватнасці, і Расеі, паведамляе "Еўрапейская праўда".
"Мы не глядзім на ўсход, на захад, на поўдзень ці поўнач - мы прымем гэтае рашэнне самастойна", - сказаў ён.
На ягоную думку, эканамічная сітуацыя цяпер вельмі цяжкая. На дадзены момант адносіны паміж Расеяй і Захадам напружаныя. Такога не было ў час эканамічнага крызісу 1998 года, і таму сітуацыя цяпер непрадказальная.
Паводле ацэнак прэм'ера, сітуацыя ў Крыме і ва Усходняй Украіне можа ператварыцца ў замарожаны канфлікт.
"Я не думаю, што мы павінныя змяніць нашую палітыку ў дачыненні да Расеі. Я думаю, што мы павінныя клапаціцца аб нашай бяспецы, тут, у Фінляндыі. Але з эканамічнага пункту гледжання, сітуацыя ў Расеі, вядома, падстава для турботы", - дадаў ён.
Стуб адзначыў, што лінія Кааліцыйнай партыі відавочная: народны рэферэндум аб уступленні Фінляндыі ў НАТА задаволяць ў тым выпадку, калі партыі не знойдуць узаемнай згоды ў гэтым пытанні.
Нагадаем, раней паведамлялася, што за апошні год падтрымка ўступлення ў НАТА ў Фінляндыі вырасла на 9%.