27 красавiка 2024, Субота, 17:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія мультыплікатары дапамаглі перавесці «Чабурашку» на японскую мову

5
Беларускія мультыплікатары дапамаглі перавесці «Чабурашку» на японскую мову

У той час як па ўсім свеце здымаюць 3D-фільмы з разнастайнымі тэхнічнымі прымочкамі, у Японіі вырашылі вярнуцца да старой добрай анімацыі.

У 2003 годзе фірма SP International набыла ў «Саюзмультфільма» правы на распаўсюджванне фільмаў пра Чабурашку да 2023 года. І з дазволу пісьменніка Эдуарда Успенскага, які прыдумаў легендарнага персанажа, а таксама Леаніда Шварцмана, мастака-пастаноўшчыка першага мультфільма пра «дзіўную цацку безымянную», у Краіне ўзыходзячага сонца перазнялі старыя і прыдумалі новыя прыгоды Чабурашкі, піша «Менск-навіны».

У траўні 2010 году ў Японіі прэзентавалі лялечны мультфільм «Кракадзіл Гена», які ў дакладнасці паўтараў савецкі арыгінал 1969. Пазней былі знятыя новыя серыі - «Чабурашка і цырк», «Чабурашка ідзе ў заапарк», «Саветы Шапакляк". Гэтая трылогія крыху больш за месяц таму з'явілася ў кінатэатрах Расеі. У камерцыйным пракаце і на DVD яна выйшла ў Японіі, Бельгіі і ў Францыі. Нажаль, у Менск японская версія культавага мультфільма не патрапіла. Тым не менш гледачы змаглі ўбачыць «Чабурашку» на вялікім экране ў дні кінафестывалю "Лістапад".

Міжнародная каманда аніматараў імкнулася захаваць дух легендарнага савецкага мультфільма, таму ўсе лялькі і дэкарацыі адноўленыя максімальна дакладна. Мастакамі-пастаноўшчыкамі фільма сталі расеец Міхаіл Алдашын і наш зямляк Міхаіл Тумеля.

- Узнавіць «Чабурашку» - ідэя японскай каманды, якая звярнулася да Юрыя Нарштэйна. Той пераадрасаваў іх майму таварышу Міхаілу Алдашыну, - распавядае Міхаіл Тумеля. - Ён здымаў розныя фільмы, акрамя лялечных, таму прыцягнуў мяне, а я - сваіх калегаў. Так і атрымалася, што значная частка здымачнай групы - беларусы. Рэжысёр Макота Накамура і ягоны асістэнт - з Японіі, астатнія чальцы каманды - з Карэі.

- Над сцэнарам працавалі японскія аўтары на чале з Макота Накамурай. Цалкам натуральна, што не ўсе савецкія і расейскія рэаліі ім былі зразумелыя, таму шмат чаго давялося мяняць, - кажа аніматар.

Дызайн прадумвалі расейскія і беларускія мастакі, а вырабілі лялек карэйскія спецыялісты.

- Перад намі стаяла задача перазняць ў фармаце HD першую серыю. Трэба было перакампанаваць ўсе кадры, намаляваць эскізы новых лялек і дэкарацый, якіх не было раней. Напрыклад, цырка, - тлумачыць Міхаіл Тумеля. - Новыя лялькі разы ў паўтара больш за ранейшыя. Чабурашка ў савецкім мультфільме быў ростам сантыметраў дзесяць, у японскім - прыкладна пятнаццаць. Гэта дазволіла не толькі палепшыць якасць малюнка, але і часцей выкарыстоўваць буйныя планы.

Расейская пракатная версія трохі адрозніваецца ад той, што дэманстравалася ў Японіі, ЗША, Нямеччыне і ў Францыі.

- Усе надпісы зробленыя на рускай мове, - кажа мультыплікатар. - Напрыклад, слова «заапарк» ніяк не перакладаецца для японскіх гледачоў. Першапачаткова фільм агучвалі рускія акцёры, і толькі пасля гэтага яго перавялі на японскую мову.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках