Кітайцы масава скупляюць жыллё ў Сібіры пасля абрынання рубля
10- 22.12.2014, 17:42
- 22,832
У расейскім горадзе Чыта, які знаходзіцца ва Усходняй частцы Сібіры, значна павысіўся попыт на кватэры і дамы.
Жыллё ў горадзе ў актыўна скупляюць у тым ліку і грамадзяне Кітая. Пра гэта паведамляюць у агенцтвах па продажы нерухомасці, паведамляе мясцовы партал Забmedia.
Супрацоўніца аднаго з рыэлтарскіх агенцтваў Вольга Размахніна адзначыла, што людзі імкнуцца тэрмінова ўкласці свабодныя грошы. На рынак выстаўляецца нават тая нерухомасць, якую не маглі прадаць гадамі.
«У сувязі з тым, што павышаюцца працэнтныя стаўкі на іпатэку і на крэдыты, людзі хочуць тэрмінова ўкласці грошы. Прадаюцца нават тыя кватэры, якія «стаялі» гадамі. Напрыклад, у чалавека ёсць мільён рублёў, і ён не ведае, куды яго ўкласці. купляе жыллё ў раёне аэрапорта або ў Кадале», - распавяла Размахніна.
З яе слоў, рыэлтары і іх кліенты цяпер з раніцы займаюць чэргі ў рэгістрацыйнай палаце і то не заўсёды паспяваюць да канца працоўнага дня аформіць угоду. «Яны прымаюць не больш 450 чалавек у дзень», - дадала рыэлтар.
Але дырэктар краявога шматфункцыянальнага цэнтра Юрый Шапяленка не пацвярджае інфармацыю пра ажыятаж. «Да канца кожнага года ідзе павышэнне інтэнсіўнасці зваротаў. Гэта сезонныя абставіны. У гэтым годзе, можа быць, ледзь-ледзь больш зваротаў», - сказаў Шапяленка.