6 траўня 2024, панядзелак, 6:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Беларусы плацяць за сваю геапалітычную нясмеласць

3
Зміцер Бандарэнка: Беларусы плацяць за сваю геапалітычную нясмеласць

Эканамічныя праблемы Беларусі - следства няправільнага геапалітычнага выбару.

Пра гэта заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка ў інтэрв'ю «Радыё Рацыя». Так палітык пракаментаваў візіты Аляксандра Лукашэнкі і Нурсултана Назарбаева ў Кіеў.

- Безумоўна, тут мы бачым пэўную гульню ўкраінскага боку ў адносінах з Расеяй, гэта самае галоўнае. І Лукашэнка адначасова з Назарбаевым таксама спрабуюць выгандляваць для сябе найбольш спрыяльныя ўмовы дзейнасці ў Мытным саюзе ў Пуціна.

- А ў чым заключаецца гульня ўкраінскага боку?

- Ва Украіне пра гэта кажуць - пра тое, што трэба паспрабаваць пасварыць Пуціна з ягонымі хаўруснікамі. Гэта гучыць і ад журналістаў, і ў СМІ, і ад аналітыкаў. І мы бачым гэта на практычных кроках. Украіне патрэбныя нейкія перамогі, хоць бы лакальныя. І вось такая палітыка, якая адпавядае той сітуацыі, якая склалася, уяўляецца ўладам Украіны паспяховай.

- На сайце charter97.org з'явіўся ваш каментар, дзе вы адзначаеце, што галоўнымі тэмамі падчас візіту Лукашэнкі ў Кіеў былі пытанні паставак беларускіх нафтапрадуктаў...

- Так, я сваю версію агучыў, а потым мы фактычна атрымалі пацверджанне. Лукашэнка абмовіўся, што не толькі з гандлёвым абаротам гэта звязана, а потым проста ў прэс-рэлізе прэс-службы Пятра Парашэнкі было адзначана, што самае галоўнае, чаго тычылася абмеркаванне, - гэта пытанні ў энергетычнай сферы. І проста вядома, што Украіне патрэбныя беларускія нафтапрадукты, але кошты - занадта высокія. У дадатак мы назіраем падзенне коштаў на нафту на сусветных рынках. Таму, безумоўна, гэтая тэма - вядучая, таму што 75%, а можа нават і 80% беларускага экспарту ва Украіну складаюць нафтапрадукты. Гэтыя пастаўкі маглі быць і павялічаныя, але там паўсталі праблемы з плацяжамі.

- У той жа час Лукашэнка ўчора дамаўляўся ў Кіеве, заўтра будзе ў Маскве. Наколькі паспяховая такая палітыка?

- Ён круціцца як ваўчок, каб знайсці грошы, таму што мара аб тым, што ён зможа зарабіць на кантрабандзе паміж Захадам і Усходам, паміж Украінай і Расеяй, прывяла да катастрофы. Не ўлічанае было падзенне расейскага рубля і ўкраінскай грыўны. Тавары былі закупленыя на Захадзе ў вельмі вялікіх аб'ёмах, мы ведаем, што пастаўкі сухога малака, мяса, садавіны і агародніны з Польшчы былі павялічаныя ў разы. Гэтыя тавары былі закупленыя, а Расея паставіла мытны бар'ер, і, як агучыў Мясніковіч, гандаль у лепшым выпадку ішоў у нуль, а ў большасці пазіцый - у мінус. У дадатак разбураецца фінансавая піраміда, якую Лукашэнка будаваў некалькі гадоў. З рэгіёнаў сыходзяць інвестары, банкі, сусветныя фірмы. Таму зараз Лукашэнка, я прагназую, яшчэ да Аліева паедзе. Сітуацыя знаёмая па 2009, 2011 гадах, але цяпер яна больш складаная.

- Найбольш складаная для саміх беларусаў...

- Беларусы плацяць за сваю баязлівасць у вызначэнні геапалітычнага выбару. Калі беларусы не пазначылі свой геапалітычны выбар, не жадалі за яго змагацца, то цяпер трэба плаціць як дзяржаве, так і народу. Ёсць ланцужок: прычына - вынік.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках