5 траўня 2024, Нядзеля, 21:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ААН: 2014 можа стаць самым цёплым годам у гісторыі

1
ААН: 2014 можа стаць самым цёплым годам у гісторыі

Экспэрты ААН мяркуюць, што 2014 можа з 75% імавернасцю стаць самым цёплым або адным з самых цёплых гадоў за ўсю гісторыю назіранняў.

Гэта, на іх думку, паказвае на змяненне клімату ў бок падвышэння тэмпературы.

За першыя 10 месяцаў гэтага года, кажуць экспэрты, сярэдняя тэмпература паветра перавысіла на 0,57 градуса Цэльсія сярэднюю шматгадовую тэмпературу з 1961 да 1990 году, паведамляе расейская служба BBC.

Аднак, спасылаюцца яны, у гэтым годзе значная частка перавышэння тэмпературы над сярэднімі значэннямі абумоўленая больш цёплай вадой у павярхоўным пласце Сусветнага акіяна.

У дакладзе Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі (СМА) гаворыцца, што рэкордная тэмпература вады ў Сусветным акіяне прычынілася да ліўняў у Марока, Турцыі і на Балканах.

У іншых месцах гэта, наадварот, выклікала моцныя засухі.

Са слоў кіраўніка СМА Мішэля Жаро, канцэнтрацыя парніковых газаў у атмасферы і падвышэнне кіслотнасці сусветнага акіяна ў 2014 годзе ізноў дасягнулі рэкордных паказнікаў. Як мяркуе чыноўнік, няма сумневаў, што вінаватая ў гэтым прамысловая дзейнасць чалавека, і што калі не зрабіць экстраных захадаў, наступствы могуць быць жахлівымі.

У выпадку, калі снежань будзе цёплым і агульны трэнд папярэдніх 11 месяцаў захаваецца, то цяперашні год можа быць на 0,01 градуса цяплейшы, чым рэкордна цёплы 2010 год.

«Гэтыя звесткі паказваюць, што ніякай паўзы ў глабальным пацяпленні няма», - сказаў Жаро, спасылаючыся на аргумент кліматычных скептыкаў аб тым, што сярэдняя гадавая тэмпература паветра на планеце спыніла рост у 1998 годзе, і захоўваецца на практычна нязменным узроўні апошнія 16 гадоў.

Даклад быў прадстаўлены на міжнароднай канферэнцыі ААН аб праблемах змены клімату, што праходзіць у Перу. На канферэнцыі разглядаецца пытанне аб абмежавальных захадах выпрацоўкі парніковых газаў і аб зборы сродкаў на барацьбу з глабальным пацяпленнем.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках