2 траўня 2024, Чацвер, 23:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус у Падмаскоўі: Мяне не хацелі забіраць у бальніцу, таму што я іншаземец

41
Беларус у Падмаскоўі: Мяне не хацелі забіраць у бальніцу, таму што я іншаземец

Каб трапіць у бальніцу, хлопцу з дыягназам «мікраінсульт» давялося даць хабар лекарам «хуткай»

Іркін Штукар пераехаў у горад Чыгуначны, што пад Масквой, некалькі гадоў таму назад. Працуе 29-гадовы хлопец у свайго сябра на фірме і мае часовую рэгістрацыю, піша «Комсомольская правда в Беларуси».

- Даслоўна два тыдні таму мне стала рэзка дрэнна. Я сядзеў-сядзеў, і тут як быццам па галаве малатком ударылі - і я выключыўся, - распавёў ён. - У мяне такі стан упершыню. Я сам не п'ю і не палю, раней займаўся спортам. Прыйшлося выклікаць «хуткую». Яны паставілі мне дыягназ «мікраінсульт». Калі лекары даведаліся, што я беларус і ў мяне няма страхавога поліса, то наадрэз адмовіліся везці ў бальніцу. Маўляў, няма поліса, і справа з канцом. Добра, што са мной былі сябры. Яны далі лекарам па 1000 расейскіх рублёў (каля 20 даляраў) і яшчэ кіроўцу 500 (блізу $10), каб хаця б кудысьці мяне прызначылі. Вельмі дрэнна мне было. Спачатку лекары хацелі адвезці мяне ў Маскву, але там адмовілі. У іншых таксама адмаўляліся мяне прымаць. Маўляў, замежнік, няма страхавога поліса, да пабачэння!

Хуткая медыцынская дапамога аказваецца ўсім замежнікам у Расеі бясплатна, але наконт тэрмінаў аказання гэтай дапамогі жорсткіх інструкцый няма.

У выніку хлопца адвезлі ў цэнтральную гарадскую бальніцу горада Чыгуначны.

- У бальніцы ўдакладнілі дыягназ. Аказваецца, узняўся ўнутраначарапны ціск. Справа ў тым, што пяць гадоў таму ў мяне была чэрапна-мазгавая траўма. Я з-за яе, уласна, са спорту сышоў. І праз нервы ўсё так здарылася, - працягвае Іркін. - Мне сказалі, што лячыць мяне будуць толькі за грошы. Запатрабавалі 940 рублёў (крыху менш за 20 даляраў) за дзень. А я падняцца не магу, ляжу, галава баліць, усё кружыцца. Паспрабаваў ім растлумачыць, што неадкладная медыцынская дапамога ў Расеі для любога замежніка бясплатная. Першыя пару дзён так дакладна. А калі далей спатрэбіцца шпіталізацыя, то тады я гатовы плаціць. Мне адказалі, маўляў, у вас адны законы, а тут у нас - іншыя. Я спрачацца з імі не стаў. Мне было так дрэнна, што я ледзь на ногі мог стаць.

Са слоў хлопца, ён гатовы быў і заплаціць. Але сіл на тое, каб устаць і зняць грошы з карткі, у яго не было. І пакуль яго наведалі, каб зняць грошы, прайшло два дні.

- Увесь гэты час я ляжаў на калідоры. Да мяне ніхто не падыходзіў. Ні уколаў, ні лекаў - нічога, - дзеліцца хлопец. - Яны, мабыць, падумалі, што я наогул не збіраюся нічога плаціць. Мне сказалі ў неўралогіі, што калі я не заплачу, то з рэчамі мяне проста выкінуць на вуліцу. У выніку грошы мне знялі, і я пачаў плаціць. Стаўленне рэзка змянілася. Асабліва пасля таго, як я медсястры 500 рублёў даў. Дарэчы, там гэта хабарам не ўважаецца. Мне зрабілі пракол хрыбетніка, потым уколы калолі, прыходзілі па першым клічы.

- Колькі вы ў выніку заплацілі?

- Я праляжаў у шпіталі 9 дзён. І мне абышлося гэта ў раёне 16 тысяч рублёў (320 даляраў). Я выпісаўся раней за тэрмін. Таблеткі і вітаміны прымаў ужо дома. Мяне абурае, што быццам бы мы як у Мытным саюзе, у нас ёсць «саюзная дзяржава». Падпісана вельмі шмат пагадненняў на паперы. А на практыцы ўсё выходзіць вось так. Нават за выклік «хуткай» даводзіцца плаціць.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках