3 траўня 2024, Пятніца, 4:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь стала рэкардсмэнам фестывалю Tallinn Music Week

Беларусь стала рэкардсмэнам фестывалю Tallinn Music Week

Завяршыўся прыём заявак ад артыстаў на буйны еўрапейскі шоукейс-фестываль Tallinn Music Week 2015, які пройдзе з 25 да 29 сакавіка.

Арганізатары атрымалі з Беларусі 160 заявак - гэта абсалютны рэкорд сярод замежных дзяржаваў за ўсе 7 гадоў правядзення мерапрыемства.

Усяго на будучы фестываль было атрымана блізу 1000 заявак - гэта таксама абсалютны рэкорд Tallinn Music Week. Большая за Беларусь у гэтым годзе падалі толькі артысты з Эстоніі - блізу 300. Следам за намі размясціліся Фінляндыя (90), Данія (72), Латвія (59) і Расея (40). Для ўдзелу ў фестывалі аргкамітэтам будзе адабрана 250 артыстаў, паведамілі charter97.org арганізатары мерапрыемства.

Спіс выступоўцаў будзе абвешчаны ў лютым. Партнёрам фестывалю ў Беларусі выступае сайт Experty.by.

- Мы рады бачыць такія вынікі ўжо на другім годзе актыўнага ўдзелу Беларусі ў Tallinn Music Week, - адзначае кіраўнік фестывалю Хэлен Сілдна. - Мінулым разам мы былі радыя адкрыць для сябе і міжнародную аўдыторыю беларускага гурта Super Besse і «Петля прыхільнасці», якія з тых часоў сталі рэгулярнымі гасцямі ў Эстоніі і суседніх краінах. Думаю, што і будучай вясной у Таліне ў беларускіх музыкаў ёсць усе шанцы праявіць сябе.

Tallinn Music Week - адзін з найбуйнейшых музычных фестываляў краін Балтыі і Скандынавіі. Летась мерапрыемства сабрала 227 артыстаў з 21 краіны, якія выступілі на 34 сцэнах. Большасць канцэртаў праходзіць у шматлікіх клубах, размешчаных на маляўнічых вулачках гістарычнага цэнтра Таліна. Гэтай восенню Tallinn Music Week быў уключаны ў топ-5 лепшых «зімовых» фестываляў паводле версіі адразу двух буйных брытанскіх газет - Guardian і The Observer.

Але ў Таліне чакаюць не толькі артыстаў. Спецыялісты (менеджэры, прамоўтары, арганізатары фестываляў) могуць атрымаць платную дэлегатскую акрэдытацыю для ўдзелу ў канферэнцыі, што праходзіць паралельна. На ёй кожны год збіраецца некалькі сотняў музычных прафесіяналаў з Еўропы і ЗША, якія дзеляцца сваім досведам і вечарамі разам з усімі глядзяць канцэрты.

Чакаюць у Таліне і гледачоў. Усе аматары добрай музыкі і цудоўнага настрою могуць набыць адзіны білет на ўсе дні, пляцоўкі і канцэрты. Яго кошт да 3 лютага складае ўсяго 510 тысячаў беларускіх рублёў, продаж праз касы і сайт Bileti.by. Білет таксама дае права на зніжку ў рэстаранах, удзельніках праграмы TMW Tastes.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках