2 траўня 2024, Чацвер, 22:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы масава скупляюць паліва ў Расеі

24
Беларусы масава скупляюць паліва ў Расеі

Пад Гомелем затрымалі беларусаў, якія перавозілі з Расеі паліва звыш меры.

У ноч з 4 на 5 снежня аператыўнікі ДАІ Гомельскай вобласці і супрацоўнікі дэпартамента аховы ля мяжы выявілі чатыры факты незаконнага абароту спажывецкага імпарту, паведамляе БелаПАН.

У трох выпадках жыхары Гомельскай вобласці перавозілі паліва звыш нормы. Праз розніцу ў коштах на паліва многія жыхары памежных тэрыторый аддаюць перавагу цяпер запраўляцца ў Расеі.

У дзевяць гадзін вечара 4 снежня ў вёсцы Малыя Немкі Веткаўскага раёна быў спынены жыхар Кармянскага раёна, які на аўтамабілі «Фольксваген-Каравэла» перавозіў у тары звыш нормы 100 літраў дызельнага паліва, набытага ў Расеі.

Праз дзве гадзіны ў вёсцы Янава Веткаўскага раёна для праверкі дакументаў быў спынены аўтамабіль «Фальксваген-Транспарцёр». Яго кіроўца перавозіў звыш нормы 360 літраў паліва.

А ў тры гадзіны ночы на аўтадарозе мяжа РФ - Гомель - Кобрын пры праверцы дакументаў кіроўцы BMW, жыхара Рэчыцы, супрацоўнікі міліцыі ў аўтамабілі выявілі лішкі дызельнага паліва (90 літраў).

Кіроўцы і аўтамабілі з незаконным грузам былі дастаўленыя ў органы ўнутраных спраў паводле тэрытарыяльнасці. Па ўсіх гэтых фактах цяпер мясцовымі падатковымі службамі праводзіцца праверка.

На аўтадарозе мяжа РФ - Гомель - Кобрын у аўтамабілі «Фольксваген-Мультыван», што рухаўся з боку Расеі, за стырном якога знаходзіўся гамяльчук, былі выяўленыя 150 поліэтыленавых бутэлек ёмістасцю па 5 літраў са шкламыйнай вадкасцю. Кіроўца ніякіх суправаджальных дакументаў не прад'явіў. З аўтамабілем і грузам быў дастаўлены ў Навабеліцкі РАУС для далейшага разгляду.

Дзяржаўтаінспекцыя звяртае ўвагу жыхароў Гомельскай вобласці, што згодна з дзеючым заканадаўствам дазволена перавозіць аўтатранспартам у каністрах ці ў іншай якой-небудзь тары да 100 літраў аўтамабільнага паліва, пры перавозцы звыш нормы да перавозчыка прымяняюцца штрафныя санкцыі, а паліва звыш ліміту падлягае канфіскацыі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках