2 траўня 2024, Чацвер, 17:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У цэнтры Менска пабудуюць новы дзелавы цэнтр

25

Будынак, дзе першапачаткова размяшчалася фабрыка-кухня, адновяць, а побач пабудуюць дзелавы і культурны цэнтр.

Новы дзелавы і культурны цэнтр з'явіцца ў Менску, паведамляе «Менскі кур'ер». Побач з былой фабрыкай-кухняй ў раёне плошчы Незалежнасці плануюць узвесці два новых корпусы вышынёй у 7 і 8 паверхаў, дзе размесцяцца офісныя памяшканні, выставачная зала і арт-кафэ. Пры гэтым самому будынку фабрыкі-кухні, які з'яўляецца помнікам архітэктуры, будзе вернутае арыгінальнае аблічча 1930-х гадоў.

Першапачатковы выгляд фабрыкі-кухні, дзе пазней размясціўся рэстаран «Папараць-кветка» і ірландскі паб «Дрожджы United», у 1970-я гады часткова змяніўся праз прыбудовы і рэканструкцыю, піша Onliner.by. У нашыя дні дзякуючы агульнай канцэпцыі забудовы прылеглай тэрыторыі, распрацаванай кампаніяй «Вараб'ёў і партнёры» пад кіраўніцтвам заслужанага архітэктара Рэспублікі Беларусь Алега Вараб'ёва, плануецца аднавіць гістарычныя экстэр'еры і інтэр'ер цэнтральнай уваходнай групы. Побач з фабрыкай-кухняй вырашана ўзвесці дзелавой і культурна-забаўляльны цэнтр.

Так выглядала былая фабрыка-кухня летам мінулага года.

Паводле праекту новы будынак нібы апярэзвае гістарычную пабудову. Фактычна гэта два корпусы - па 7 і 8 паверхаў - па абодва бакі фабрыкі-кухні. Іх аб'ядноўвае ўваход у выглядзе мнагасветлай прасторы - атрыума.

- Канструктывізм - гэта частка нашай гісторыі, якую мы хочам адрадзіць у гэтым праекце, - распавядае Алег Вараб'ёў. - Канструктывізм у архітэктуры выйшаў з супрэматызму ў жывапісе. Яркія прадстаўнікі гэтага кірунку - Малевіч, Шагал. Мы прапанавалі стварыць культурны цэнтр на пляцоўцы, дзе размешчаная фабрыка-кухня і запланаваны новы будынак. Тут могуць з'явіцца выставачныя залы, дзе часткай экспазіцыі стануць копіі карцін Малевіча, Кандзінскага, Шагала. Ёсць тэхналогія нанясення малюнка на шкло, і такім чынам нават звыклыя працы паўстануць у незвычайным выглядзе. У комплекс увойдзе і арт-кафэ з адпаведным інтэр'ерам, якое можна назваць, напрыклад, «У Казіміра» або «У Марка».

Што тычыцца кампазіцыі цэнтра, мы адштурхваліся ад навакольнай забудовы і паспрабавалі стварыць нешта ў той жа стылістыцы, сыходзячы ад чыстага хай-тэка, які ўжо надакучыў. Калі зірнуць на аблічча новага аб'екта, то ўбачыце элементы фасада гасцініцы «Менск» або Дома ўрада. Асаблівую ўвагу надалі маштабу будынка, каб новабудоўля не дысанавала з асяроддзем. Бо побач плошча Незалежнасці, а на ёй галоўныя краявідныя месцы - Чырвоны касцёл і Дом ураду. Па суседству помнікі архітэктуры - дамы №17 і 19 на вуліцы Савецкай, Музей гісторыі беларускага кіно (Свярдлова, 4). Трэба было тактоўна ўпісацца ў гістарычнае асяроддзе.

У новым будынку акрамя офісных памяшканняў, выставачнай залы і арт-кафэ запланаваны прэс-цэнтр, аўдыторыі, аддзяленне банка, а таксама падземны двухузроўневы паркінг на 210 машын.

Для гэтага праекта спецыялісты БНТУ пралічылі транспартныя патокі на вуліцы Берсана, і было вырашана на пэўным адрэзку пашырыць праезную частку на адну паласу. Уезд на тэрыторыю новага комплексу зробяць з вуліцы Мяснікова, выезд - на Валадарскага.

Фота: Аляксей Мацюшкоў/Onliner

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках