6 траўня 2024, панядзелак, 6:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Ярашук: Наўрад ці рэжым Лукашэнкі перажыве бліжэйшыя гады

56
Аляксандр Ярашук: Наўрад ці рэжым Лукашэнкі перажыве бліжэйшыя гады

Рэчаіснасць будзе нашмат горшай, чым абяцаюць улады.

Аляксандр Ярашук пераабраны старшынём Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў на чацвёрты тэрмін. Гэта адбылося 5 снежня на справаздачна-выбарным з'ездзе БКДП: 54 дэлегаты прагаласавалі «за» абранне Ярашука, 40 - супраць. Што цікава, выбары прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове.

Як незалежныя прафсаюзы збіраюцца выбудоўваць стратэгію і дзейнічаць у бліжэйшай перспектыве? Пра гэта старшыня БКДП Аляксандр Ярашук распавёў eurobelarus.info.

- Аляксандр Ільіч, вы ўзначальваеце БКДП ужо з 2002 года і пераабраныя на чарговы трохгадовы тэрмін. Вас яшчэ не абвінавачваюць ва ўзурпацыі ўлады ў Кангрэсе?

- Калі шчыра, то абвінавачваюць мяне ў іншым страшным граху - што я пенсіянер. Таму і прыкра мне, што беларуская ўлада так і не наважылася на павелічэнне пенсійнага ўзросту, тады са сваімі 63-ма гадамі я цалкам упісаўся б ва ўзроставыя крытэрыі тых, хто судзіць пра людзей паводле пашпарту. А што тычыцца ўзурпацыі ўлады, то БКДП з'яўляецца арганізацыяй, якая жыве паводле дэмакратычных правілаў, і выбары ў ёй кiраўнiка, у адрозненне ад тых жа выбараў кіраўніка дзяржавы, носяць непрадказальны характар. І тры гады таму, і сёння мне цалкам маглі адмовіць у даверы. Якая ўжо тут узурпацыя?

- Як вы ацэньваеце сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў краіне напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі? Лукашэнка ўжо абвясціў, што беларусам прыйдзецца забыцца пра рост дабрабыту і тужэй зацягнуць паясы.

- Правільна абвясціў. Не сказаў толькі таго, што рэчаіснасць будзе горшай, чым ён абяцае. Рана ці позна надыходзіць момант, калі за ўсё трэба плаціць. Беларускі народ заплаціць высокую цану за страчаныя ўладай два дзесяцігоддзі. Спадзяванне на камандна-адміністрацыйныя метады кіравання эканомікай, ігнараванне рынкавых дачыненняў у сукупнасці са спадзяваннем на расейскія субсідыі і прэферэнцыі прывялі да фарміравання неэфектыўнасці і неканкурэнтаздольнасці эканомікі. Наступныя гады будуць самымі складанымі ў найноўшай беларускай гісторыі, і я не адважыўся б прадказаць, што кіруючаму рэжыму ўдасца пражыць іх бязбольна. Маючы на ўвазе таксама і замежныя выклікі, можа так здарыцца, што наўрад ці ён перажыве іх наогул.

- Паводле паведамленняў СМІ, да канца года на «Гомсельмашы» плануецца звольніць 5000 рабочых. Відавочна, што гэта не адзінкавы выпадак масавага звальнення рабочых у Беларусі - проста пра іншых мы нічога не ведаем. Наколькі пагрозлівы размах можа набыць беспрацоўе, і да якіх наступстваў можа прывесці?

- Вызваленне працоўнай сілы - непазбежная плата за пераход ад камандна-адміністрацыйнай да рынкавай эканомікі. Праз гэта прайшлі з розным поспехам усе нашы суседзі - найлепш Польшча і Літва, горш - Расея і Украіна. Мы да яго, магчыма, нарэшце, прыступім. І самае дрэннае палягае ў тым, што працэс скарачэння працоўных месцаў пачынаецца («Белшына», «Гомсельмаш»), а рынкам і не пахне, эканоміка па-ранейшаму кіруецца архаічнымі камандна-адміністрацыйнымі метадамі. Такім чынам, не выпадае разлічваць на прыход інвестыцый, развіццё малога і сярэдняга бізнэсу. А гэта ўсё азначае, што вызваленыя працоўныя рукі падзець будзе няма куды, новыя працоўныя месцы стварацца не будуць. Таму перспектывы для беларускіх працоўных выглядаюць змрочна.

- Напярэдадні з'езду Лукашэнка надзяліў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі функцыямі наглядчыка і стукача. Што гэта азначае ва ўмовах падзення жыццёвага ўзроўню насельніцтва?

- Я думаю, што гэта хоць і вельмі паказальная, але, ўсё ж, не больш чым рыторыка - надзяленне ФПБ функцыямі кантролю за дзеяннямі кіраўнікоў і вынікаючыя адсюль даносы на іх. Парадокс палягае ў тым, што цяперашняя ФПБ не здольная наогул на якія-небудзь дзеянні - атрафаваліся ўсе рэфлексы і мышцы. Гэта з аднаго боку. З іншага - уявіце сабе, што які-небудзь старшыня прафкама на прадпрыемстве арганізаваў сачэнне і стаў стукаць на свайго кіраўніка, які сам гэтага прафсаюзнага важака і вызначыў на гэтую пасаду. Выглядае проста недарэчна. Будзе з выкананнем указа шмат траскатні, справаздач і дакладаў, паганяюць вецер, на гэтым усё і заціхне.

- БКДП прыйдзецца дзейнічаць у новых умовах. Паколькі 4 мільённая ФПБ выпадае з працэсу абароны працоўных, гэты груз кладзецца на плечы 10 тысячнага калектыву БКДП. Як незалежныя прафсаюзы будуць выбудоўваць сваю стратэгію?

- Не хачу здавацца несур'ёзным і не збіраюся рабіць нейкіх амбіцыйных заяў тыпу таго, што перад тварам новых выклікаў мы возьмем на сябе ўсю адказнасць за лёс беларускіх працоўных. Магу ўпэўнена заяўляць толькі адно - мы не будзем моўчкі назіраць, як нарастаюць сацыяльна-эканамічныя праблемы, замарожваюцца і зніжаюцца зарплаты, падае жыццёвы ўзровень працоўных. І пакідаем за сабой права на дзеянні, адэкватныя сітуацыі, якая ўзнікае.

Напісаць каментар 56

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках