19 траўня 2024, Нядзеля, 9:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Ідзе другая хваля вызвалення Еўропы

36
Андрэй Саннікаў: Ідзе другая хваля вызвалення Еўропы

Змена ўлады чакаецца і ў Беларусі.

Дыскусія на тэму «Беларусь - бліжэй да Еўропы ці да Расеі?» прайшла 5 снежня ў рамках Дзён Беларусі ў Лодзінскім універсітэце - адной з найбуйнейшых вышэйшых навучальных устаноў Польшчы. У дыскусіі бралі ўдзел лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, вядомы польскі палітолаг, эксперт па Усходняй Еўропе доктар Пшэмыслаў Жураўскі Вель Граеўскі, палітолаг і публіцыст Лешэк Яжджэўскі і галоўны рэдактар charter97.org Наталля Радзіна.

Дыскусія была арганізаваная Лодзінскім універсітэтам і грамадзянскай кампаніяй «Еўрапейская Беларусь».

У Беларусі не еўрапейскі рэжым і не расейскі, а хутчэй лацінаамерыканскі. Гэта мадэль ўтрымання ўлады, калі або скасоўваюць выбары, або фальсіфікуюць, умацоўваюць свой клан і «сям'ю» шляхам жорсткіх рэпрэсій, мяркуе Андрэй Саннікаў.

- Безумоўна, сёння ў цэнтры ўвагі сітуацыя ва Украіне, і ў фармаванні погляду на гэтыя падзеі ў Беларусі вялікую ролю адыгрывае расейская прапаганда. Але я памятаю адносна «спакойны» час - 2005-2010 гадоў. Так, была дыктатура і рэпрэсіі, але з суседзямі былі адносна нармальныя стасункі - і з Расеяй, і з Украінай, і з Польшчай. І вось тады была відавочная тэндэнцыя арыентацыі беларусаў на Еўропу. Я ішоў кандыдатам у прэзідэнты ад кампаніі «Еўрапейская Беларусь», і мы фактычна выйгравалі выбары. Еўрапейская платформа прывабная для людзей, але сёння мы ў вельмі складанай сітуацыі, таму што Украіна паказала няздольнасць мадэлі аўтарытарнага рэжыму супрацоўнічаць з Еўропай. У Беларусі ж нават не аўтарытарызм, а дыктатура. Прычым Лукашэнка ва ўладзе ўжо амаль 21 год, так што гэта Пуцін і Януковіч вучыліся ў яго.

Украінцы праявілі цуды мужнасці і адвагі і скінулі рэжым лукашэнкаўскага тыпу, які стаў у іх зараджацца. Яны зрабілі неверагоднае для нашага рэгіёну - паказаўшы, што не жадаюць жыць пры аўтарытарным рэжыме і пад уладай Крамля, яны адкрылі шлях для ўсіх нас. На мой погляд, ідзе другая хваля вызвалення Еўропы.

Першая хваля, якая вызваліла Польшчу, Чэхаславакію, усе краіны Варшаўскай дамовы, акрамя Савецкага Саюза, была падчас «перабудовы». І гэта было дастаткова лёгка, таму што ва ўладзе ў «імперыі зла» быў Міхаіл Гарбачоў - відавочна не дыктатар, хоць і з дыктатарскімі паўнамоцтвамі.

Я ўспамінаю размову Станіслава Шушкевіч і Леха Валенсы. Гэта было пры мне і я адказваю за дакладнасць. Шушкевіч сказаў: «Лех, ты для нас герой, легенда, вызваліцель». А Валенса яму адказаў: «Не, Стась, герой - гэта ты. Калі б ты не разваліў Савецкі Саюз, рускія танкі былі б тут і не сышлі».

Сёння цалкам іншая сітуацыя. Сёння няма «перабудовы», а ёсць аднаўленне імперыі, і замест Гарбачова ёсць Пуцін, які развязаў вайну ва Украіне. Але хваля вызвалення пачалася з Украіны, і яна працягнецца. Толькі трэба памятаць, што людзі ў Беларусі і ва ўсіх постсавецкіх краінах маюць патрэбу ў салідарнасці і падтрымцы, - заявіў Андрэй Саннікаў.

Наталля Радзіна адзначыла, што сённяшнія надзеі еўрапейцаў знайсці ў Лукашэнку саюзніка ў супрацьстаянні з Расеяй - абсалютна марныя.

- Лукашэнка ніколі не ішоў на супрацоўніцтва з Еўропай. Ён з ёй толькі гандляваў - нафтапрадуктамі, каліем і жывымі людзьмі - палітвязнямі, якіх абменьваў на заходнія крэдыты. Пуцін сапраўды вучань Лукашэнкі. Беларусь была выпрабавальным палігонам для рэпрэсій супраць апазіцыі, а таксама іспытам для Еўропы, якая яго праваліла - рэакцыя на дыктатуру ў Беларусі была слабой, і нязначныя санкцыі не маглі прымусіць рэжым спыніць парушаць правы чалавека.

Да таго ж, тое што не дарабіла савецкая акупацыя Беларусі, дарабіў Лукашэнка, фактычна знішчыўшы беларускую мову, гісторыю, культуру. Ён паводзіць сябе як захопнік на акупаванай тэрыторыі.

Але гістарычна і геапалітычна Беларусь - еўрапейская краіна, і ў сітуацыі, калі Еўропа спрабуе адстаяць Украіну, яна не павінна забываць пра Беларусь. Гэтыя спробы будуць беспаспяховыя, пакуль па суседстве з Украінай будзе кіраваць пракрамлёўскі дыктатарскі рэжым. Да таго ж гэта прамая пагроза для Польшчы. Калі вы думаеце, што Расейская імперыя, якую аднаўляе Пуцін, гэта толькі Беларусь, Украіна, Малдова і Грузія, то вы памыляецеся. Гэта і Польшча, і Літва, і Латвія, і Эстонія. Вайна аб'яўлена ўсёй Еўропе.

Доктар Пшэмыслаў Жураўскі Вель Граеўскі адназначна адказаў на пытанне, зададзенае ў назве дыскусіі: Беларусь - гэта Еўропа.

- У самым пачатку я хацеў бы ўспомніць аповяд Мельхіёра Ваньковіча «Шпіталь у Ціхінічах» пра гісторыю польскіх карпусоў у Расеі. На аснове гэтага аповеду зняты фільм са знамянальнай назвай - «Брама Еўропы».

Брама Еўропы - гэта тэрыторыя паміж Дзвіной і Дняпром. На поўначы Віцебска, на поўдні Смаленска. Гэта маршрут, па якім здзяйсняліся ўсе напады на Рэч Паспалітую з пачатку яе існавання, і маршрут, па якім Напалеон ішоў на Маскву. Як паказвае назва «Брама Еўропы», Беларусь па наш бок, на баку Еўропы. Гэта фундаментальны адказ на пытанне «Беларусь бліжэй да Еўропы ці да Расеі?».

Сутнасць у тым, што адбываецца ў Расеі, так як менавіта яна з'яўляецца галоўным фактарам тэрытарыяльнага і палітычнага рэвізіянізму ў Еўропе.

Мы павінны ўсведамляць, што можам разлічваць толькі на сябе - на палякаў, беларусаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў. У меншай ступені на немцаў і французаў. У іх зусім іншыя прыярытэты.

Гатоўнасць несці выдаткі дэмакратызацыі і вызвалення Украіны і Беларусі і супрацьстаяння Расеі ў краін Заходняй Еўропы такая ж, як і гатоўнасць палякаў несці выдаткі дэмакратызацыі і стабілізацыі Марока, Алжыра або Лівіі. Наша падтрымка абмяжоўваецца толькі тым, што мы жадаем ім усяго найлепшага.

Гульня Еўропы з Расеяй з нагоды Беларусі прадвызначаецца здольнасцю краін нашага рэгіёну прыняць пэўныя дзеянні. Я маю на ўвазе галоўным чынам Польшчу і Літву. Але па-першае, іх намаганні слабеюць, па-другое, іх дзеянні перасталі быць скаардынаванымі, а па-трэцяе, Польшча сама страціла цэласць ў замежнай палітыцы, асабліва ва ўсходняй.

Характар беларускага рэжыму прадвызначаны і тое, што інструментаў уздзеяння на яго менш. Падзенне рэжыму Януковіча адбылося на наступны дзень пасля таго, як ЕЗ нават не ўвяла, а проста абвясціла санкцыі ў дачыненні да ўкраінскіх алігархаў, якія маюць маёмасць на Захадзе. У Беларусі іншая сітуацыя, так як там няма алігархаў, якіх можна было б зламаць і прымусіць да бунту супраць дыктатара. Дыктатура ў Беларусі нашмат больш кансалідаваная, чым ва Украіне.

У Еўрапейскага звяза няма ні палітычнай волі, ні цікавасці змяняць сітуацыю ў Беларусі. Ні адна з галоўных краін-сябраў ЕЗ, акрамя Нямеччыны, не мае інтарэсаў на Усходзе. Але для Нямеччыны заўсёды была галоўным партнёрам Расея, хоць цяпер мы назіраем пагаршэнне расейска-нямецкіх дачыненняў.

Была і польская спроба гульні з дыктатарам, калі міністры замежных спраў Польшчы і Нямеччыны разам паехалі ў Беларусь перад выбарамі 2010 года. Гэтая спроба з самага пачатку была асуджаная на правал. Дыктатарскі рэжым заўсёды мае больш магчымасцяў у параўнанні з дэмакратычным урадам, і гульні з дыктатарам прадказальна скончыліся паразай.

Польшчы не ўдалася палітыка развіцця ў двух кірунках, сфармуляваная яшчэ ў пачатку 1990-ых гадоў. У гэтым кароткім перыядзе да Лукашэнкі былі надзеі нават на вайсковае супрацоўніцтва з Беларуссю. Не атрымалася і супрацоўніцтва ў рамках еўрарэгіёнаў, ніхто не знайшоў нават формулы, што можна было б рабіць у гэтым кірунку. Праект Усходняга вымярэння ЕЗ, які прасоўваецца прэм'ер-міністрам Уладзімежам Цімашэвічам, таксама праваліўся, а з 2007 года ў нас наогул няма актыўнай польскай палітыкі на Усходзе.

Што, акрамя падтрымкі апазіцыі і незалежных медыя, магла б яшчэ зрабіць Польшча? У беларусаў павінна з'явіцца магчымасць паглядзець эпічны фільм тыпу «Храбрае сэрца», але пра бітву пад Воршай, фільм тыпу польскага «Маёра Хубаля», але пра Станіслава Булак-Балаховіча, серыял, падобны на польскі пра Мікалая Каперніка, але пра Францыска Скарыну, пра Слуцкае паўстанне, Кастуся Каліноўскага, паўстанні 1863 года, аб Люблінскай уніі. Гэта паказала б як беларусам, так і палякам, што польска-літоўская ўнія была на самай справе ўніяй польска-беларускай.

Фактычная палітычная перамога над рэжымам адбудзецца тады, калі хлопцы ў дварах, гуляючы ў вайну, будуць вайскоўцамі гетмана Астроўскага і Булак-Балаховіча, а не Суворава і савецкімі байцамі. Гэта будзе момант пералому.

Свабода патрабуе ахвяр, як паказаў нам прыклад Украіны. Яна не можа быць вынікам нейкіх перамоваў, тым больш, з Расеяй. За ёй павінна стаяць гістарычная і маральная свядомасць, якую варта пабудаваць.

Трэба разлічваць на сябе, а значыць, на народы былой Рэчы Паспалітай. Нас заўсёды аб'ядноўвала агульная пагроза, і гэтая пагроза дагэтуль існуе, - упэўнены прафесар Жураўскі Вель Граеўскі.

Публіцыст Лешэк Яжджэўскі ўпэўнены, што Еўропа неўзабаве будзе вымушаная зацікавіцца Беларуссю, таму што ў хуткім часе тут таксама пачнуцца палітычныя перамены.

- У палітычным плане ў Польшчы сфармавалася штосьці, што я б назваў Belarusian fatigue (беларуская стомленасць), а ў Еўропе наогул ніколі не было цікавасці да Беларусі. Гэтую стомленасць мы назіраем з апошніх пратэстаў у Менску, якія абудзілі надзеі і брутальна падавіліся ўладамі.

Але думаю, хутка ў Беларусі наступіць сур'ёзны эканамічны крызіс, а за ім і палітычныя пратэсты. Мы зноў павінны будзем звярнуць увагу на Беларусь, таму што можа адбыцца змена рэжыму на яшчэ больш прапуцінскі.

Польшча сёння баіцца, што ля яе межаў будзе расейская імперыя, а гэта азначае, што нам неабходна перагледзець нашу ўсходнюю палітыку. Я мяркую, што незалежная беларуская дзяржава, якая базуецца на моцнай нацыянальнай самасвядомасці, лепш, чым постсавецкі менталітэт. Гэтая незалежнасць стратэгічная выгадная для Польшчы.

Сёння мы павінны дапамагчы сфармаваць у Беларусі грамадзянскую і палітычную свядомасць, каб там была свая «Салідарнасць», - заявіў Яжджэўскі.

Пасля дыскусіі студэнты Лодзінскага ўніверсітэта паглядзелі фільм Мадэлейн Саклера «Небяспечныя дзеянні з удзелам нестабільных элементаў Беларусі» і напісалі лісты беларускім палітвязням.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках