1 траўня 2024, Серада, 14:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Багданкевіч: Утрымаць рубель ад падзення ўладам не ўдасца

35
Станіслаў Багданкевіч: Утрымаць рубель ад падзення ўладам не ўдасца

Дэвальвацыя нацыянальнай валюты непазбежная.

У наступным годзе ўладам давядзецца эканоміць. Праект бюджэту на 2015 год улічвае «імклівае запаволенне ўзроўню развіцця сусветнай эканомікі, а таксама адсутнасць росту ВУП у Расейскай Федэрацыі з прычыны значнага падзення кошту нафты».

У такіх варунках магчымасці для папулізму імкліва скарачаюцца. Нават разрэкламаваны апошнімі днямі мацярынскі капітал хутчэй выглядае няпэўнымі перспектывамі. Бо скарыстацца ім пры нараджэнні трэцяга і наступнага дзіцяці сумай 10 тысяч даляраў дзяржавай прапануецца па заканчэнні цэлых 18 гадоў.

У адсутнасць невялікіх спадзяванняў на фінансавую дапамогу Расеі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні «прэзідэнцкіх выбараў» робіць акцэнт на падтрымку сваіх правераных прыхільнікаў - сілавыя структуры і ўладную вертыкаль. Пра асаблівасці праекта бюджэту на 2015 год сайт eurobelarus.info пагаварыў з экс-кіраўніком Нацбанка Станіславам Багданкевічам.

- Што можна сказаць аб бюджэце на наступны год? Гэта бюджэт развіцця, эканоміі, сацыяльнай падтрымкі?

- У сферы сацыяльнай накіраванасці бюджэту ёсць здаровае звяно, але апошнімі гадамі бюджэты нічым не адрозніваюцца адзін ад аднаго. Гэта бюджэты, у першую чаргу, накіраваныя на падтрымку сілавых структур. Таму бюджэт на наступны год стандартны, стабільны, які змяшчае рост рэсурсаў, накіраваных на падтрымку міліцыі і іншых сілавых структур.

Праект бюджэту на 2015 год нельга назваць бюджэтам развіцця, бо ў ім і ў асноўных кірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця павінны былі б быць закладзеныя зніжэнне падаткаабкладання, патанненне крэдытаў і гэтак далей. Але гэтага нічога няма.

Ніякі нармальны інвестар не прыйдзе да нас з сур'ёзным капіталам для стварэння вытворчасці, бо ён бачыць, што трэба будзе атрымліваць крэдыты пад стаўку ў 30-50 адсоткаў гадавых. Такія ўмовы непрымальныя для нармальнага развіцця.

Бюджэт на 2015 год - гэта, хутчэй за ўсё, праект падтрымання існага статус-кво.

- Праект бюджэту на наступны год сфармаваны з прафіцытам у 15 трлн рублёў. Аб чым гэта кажа: упэўненасці ў павелічэнні даходаў або, наадварот, вымушаным зніжэнні выдаткаў?

- Гэта сведчыць аб тым, што з дапамогай інфляцыі і падатку з абароту будзе забяспечана намінальная даходная частка бюджэту ў варунках, калі рэальная яго вартасць абясцэніцца. Прыкладна гэтак жа ў нас апошнім часам забяспечваецца намінальны кошт тавараў за кошт інфляцыі.

Наадварот, у краіне трэба аздараўляць эканоміку. Перш за ўсё, ёй павінна быць дадзеная стабільная нацыянальная валюта, каб на яе базе можна было рэальна ацэньваць рост вытворчасці, даходаў і дабрабыту. Калі інфляцыя вымяраецца двухзначнымі лічбамі, на практыцы немагчыма весці рэальную статыстыку, рэальны бюджэт.

Відавочна, прафіцыт сведчыць не толькі пра прыбыткі, якія павялічваюцца, але і пра тое, што будуць ніжэйшыя выдаткі. Ідзе абясцэньванне валюты.

Для Беларусі апошнімі гадамі характэрная збалансаванасць бюджэту, але гэта не галоўнае. Калі бюджэт збалансаваны, то навошта тады мы атрымліваем замежныя пазыкі? Яны павінны выдавацца пад нястачу рэсурсаў для выплаты выдаткаў. А ў нас, здаецца, усё збалансаванае, але замежныя пазыкі растуць з года ў год.

- А наколькі для беларускага бюджэту істотна сусветнае зніжэнне кошту нафты?

- Для краіны, відавочна, падзенне кошту энэрганосьбітаў павінна быць дабром, бо скарачаюцца выдаткі для рэальнага сектара эканомікі. Так, церпяць страты прадпрыемствы нафтаперапрацоўкі, але рэальны сектар і насельніцтва павінны ў такіх умовах жыць, прынамсі, не горш, чым раней.

На жаль, гэтага не адбываецца. У рэальных беларускіх умовах, з прычыны адсутнасці эканамічнага суверэнітэту, прысутнасці залішняй фінансава-эканамічнай залежнасці ад Расеі, падзення кошту нафты, рэцэсіі ў РФ, гэта негатыўна адаб'ецца на сітуацыі ў нашай краіне.

- З пачатку 2015 уваходзіць у дзеянне дамова аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. У Расеі назіраецца істотнае падзенне рубля. Беларускі бюджэт на 2015 год фармаваўся, зыходзячы з сярэднегадовага кошту ў прыкладна 11 тысяч рублёў за адзін даляр. Як вы мяркуеце, ці здолеюць улады ўтрымаць рубель на планаваным узроўні, калі мець на ўвазе магчымасць далейшага падзення рубля расейскага?

- Я думаю, што не. Зразумела, калі б усе разліках у Беларусі ішлі ў далярах, а не ў расейскіх рублях, то можна было не адчуваць неабходнасці дэвальвацыі валюты на такім жа ўзроўні, як і ў Расеі.

Але ў нас разлікі ўсё больш і больш ідуць у нацыянальных валютах, у тым ліку ў расейскіх рублях. Мы гэта бачым, у тым ліку, і з заяваў аб пераходзе на разлікі ў рамках ЕАЭС на нацыянальныя валюты.

Таму нічога добрага нам не свеціць. Трэба дэвальваваць нацыянальную валюту ў рэальным суадносінах.

Калі ж мы будзем весці разлікі ў далярах, то можна захоўваць пэўную стабільнасць у дачыненні да расейскага рубля, еўра і іншых валют. Але калі разліках будуць усё больш весціся ў расейскіх рублях, то мы павінны паскорыць дэвальвацыю. Інакш не вытрымае эканоміка.

- Калі браць праект бюджэту на 2015 год, у вас ёсць адчуванне, што гэта бюджэт года, у які праходзяць прэзідэнцкія выбары? Ёсць у ім артыкулы, якімі ўлады хочуць «купіць» насельніцтва?

- Я б сказаў, што ў мяне ёсць адчуванне, што ўлада наважыла абапірацца на сілавыя структуры. Усюды ёсць вялікі рост расходнай часткі бюджэту на сілавыя структуры і апарат дзяржкіравання.

Калі судзіць пра бюджэт, то Лукашэнка не думае абапірацца на выбаршчыка. Ён думае абапірацца на чынавенскі апарат, міліцыю, суд, пракуратуру, войска.

- На ўсіх грошай не хапае?

- Мабыць, так. Лукашэнка, верагодна, хацеў бы дапамагчы і астатнім грамадзянам, але на іх сродкаў не хапае. Грошы ёсць на структуры, ад якіх для яго рэальна залежаць вынікі выбараў. У нас няма дэмакратыі, каб іх правесці сумленна і справядліва.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках