1 траўня 2024, Серада, 13:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Францыі стаў аб'ектам жартаў пасля фотасесіі ў Казахстане

5

Гэтую фатаграфію Франсуа Аланд наўрад ці будзе ўспамінаць з добрымі пачуццямі.

Фота, на якім ён захаваны ў традыцыйнай казахскай вопратцы - расшытым кажусе з футравым каўняром і зімовай, аблямаванай мехам шапцы, - стала прадметам бурнай весялосці ў сацыяльных сетках, паведамляе «Радио Свобода».

Адзенне - падарунак Аланду ад казахстанскага калегі Нурсултана Назарбаева, які зняўся разам з французскім госцем - але ў звычайным афіцыйным касцюме. Хоць прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнта Францыі настойвалі на тым, каб фатаграфія не друкавалася, яна ўсё ж з'явілася на афіцыйнай старонцы Назарбаева ў сацсетцы, але пазней была выдаленая з просьбы Аланда.

Апаненты прэзідэнта Францыі забаўляліся цэлы дзень, выстаўляючы ў сацыяльных сетках фотамантажы Аланда ў самым розным уборы - Санта-Клаўса, Абелікса і нават Міс Францыі-2015.

Англамоўны тэлеканал RT, які фінансуецца Крамлём, таксама не ўтрымаўся ад жартаў у адрас французскага лідара - як раз калі той ляцеў у Маскву для кароткіх перамоваў з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.

Казахстанская фатаграфія стала прадметам спекуляцый наконт таго, якім будзе наступны касцюм Аланда - можа быць, казацкі, улічваючы, што з Казахстана ён накіраваўся ў Расею?

... роўна як і пытанняў пра тое, што паабяцаў Назарбаеў калегу ў абмен на гэтую фотасесію - можа быць, купіць у Францыі верталётаносец «Містраль», каб Казахстан мог дамінаваць у Каспійскім моры?

Хапала і параўнанняў Франсуа Аланда з Боратам - персанажам аднайменнай камедыі, нібыта журналістам з Казахстана, якога сыграў брытанскі комік Саша Барон Коэн. Брытанскі таблоід Mail нават выйшаў з загалоўкам «Гэта прэзідэнт Франсуа Борат!».

Гэта не першы выпадак, калі фатаграфіі прынеслі Франсуа Аланду непрыемнасці. У студзені папарацы сфатаграфавалі яго выязджаючым на матацыкле з дому непадалёк ад Елісейскага палаца пасля спаткання з палюбоўніцай, 42-гадовай актрысай Жулі Гайе.

Публікацыя фота прывяла да разрыву Аланда з тагачаснай першай дамай Францыі, журналісткай Валеры Трырвайлер, якая пазней напісала кнігу пра сваю сувязь з Аландам, дзе прэзідэнт выстаўлены, як схільны да хлусні маніпулятар.

Яшчэ адзін няўдалы здымак Аланда, які агенцтва AFP і Reuters неўзабаве канфіскавала са сваіх публікацый, што выклікала хвалю абурэння ў Францыі, захаваў грымасу прэзідэнта падчас наведвання адной са школ у мінулым годзе:

Рэйтынг Франсуа Аланда цяпер складае 12 адсоткаў - гэта самы нізкі ўзровень папулярнасці кіраўніка Французскай рэспублікі за ўвесь час правядзення апытанняў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках