27 красавiка 2024, Субота, 7:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ хоча дапамагчы Лукашэнку з «мадэрнізацыяй»

109
ЕЗ хоча дапамагчы Лукашэнку з «мадэрнізацыяй»

Новая ініцыятыва ЕЗ будзе называцца «Часовая фаза».

Пра гэта ў інтэрв'ю Naviny.by заявіў Дырк Шубель, кіраўнік дэпартамента Усходняга партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

- Спадар Шубель, сёння Вы сустракаліся з намеснікам міністра замежных спраў Аленай Купчынай, пра што цяпер вядуцца беларуска-еўрапейскія перамовы?

- У ходзе нядаўняга візіту спадарыні Купчынай ў Брусэль у канцы студзеня мы дамовіліся, што мы запусцім так званую «Часовую фазу» («Interim phase») супрацоўніцтва. Гэта значыць, што мы хочам сумесна прааналізаваць, як мы можам разам працаваць над мадэрнізацыяй Беларусі.

І мой сённяшні візіт накіраваны на падрыхтоўку візіту Гунара Віганда (дырэктар дэпартамента Расеі , «Усходняга партнёрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў) і генеральнага дырэктара Генеральнага дырэктарата Еўракамісіі па пытаннях гандлю (Жан-Люка Дэмарці) у канцы сакавіка з тым, каб запусціць гэты працэс «Часовай фазы». Ідэя ў тым, каб пачаць з галіны інвестыцый і гандлю, якія цяпер маюць асаблівую значнасць для Беларусі, але таксама і для Еўразвяза.

- Гэта будзе дыялог толькі з урадам?

- Не, ідэя ў тым, што мы запускаем гэты дыялог з урадам, але грамадзянская супольнасць будзе таксама ў ім удзельнічаць.

- Як на ідэю ўключэння грамадзянскай супольнасці ў гэты дыялог адрэагавалі беларускія ўлады?

- Было ўзгоднена, што грамадзянская супольнасць будзе ўключаная, як толькі мы запусцім працэс.

- У якіх формах?

- Дэталі гэтага неабходна абмяркоўваць. Менавіта гэтаму будзе прысвечаны візіт спадара Віганда.

- Я ўдакладню. Ёсць прынцыповая згода беларускіх уладаў на ўцягванне грамадзянскай супольнасці ў іх дыялог з ЕЗ?

- Так, як я і сказаў, падчас візіту спадарыні Купчынай было дасягнута прынцыповае пагадненне, што грамадзянская супольнасць будзе часткай гэтай «Часовай фазы». Рашэнне аб гэтым ўдзеле будзе ў кожным асобным выпадку ўзгадняцца бакамі.

- У праекта ёсць нейкае пэўнае імя? Проста «Часовая фаза»?

- Так, «Часовая фаза». Ён будзе пачаты з тым, каб правесці дыскусіі аб мадэрнізацыі краіны і будучых адносінах паміж Беларуссю і ЕЗ.

- У ходзе сваёй сустрэчы з Аленай Купчынай вы ўздымалі тэму палітвязняў. Ці змянілася танальнасць уладаў у гэтым пытанні або яны па-ранейшаму непрыступныя?

- На гэтае пытанне лепш адкажа спадарыня Купчына. Але я магу сказаць, што, зразумела, наша пазіцыя застаецца нязменнай. Мы патрабуем вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі з тым, каб істотна палепшыць нашы адносіны. Гэта застаецца нашым conditio sine qua non (з лац. - абавязковая ўмова) для паляпшэння адносінаў.

- Як прасоўваюцца перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму? Ці ўстаноўлены нейкі дэдлайн?

- Мы задаволеныя тым, што мы нарэшце запусцілі перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Гэта два розныя перамоўныя напрамкі, але частка адной дамовы. Перамовы былі пачатыя з візітам спадарыні Купчынай ў Брусэль у канцы студзеня. Першы афіцыйны раўнд перамоваў пройдзе ў сакавіку ў Менску, і, спадзяюся, мы будзем прасоўвацца хутка, але яшчэ рана казаць, калі гэтыя перамовы скончацца.

- Якія праблемы могуць нас з вамі чакаць па ходзе перамоваў?

- Іншыя краіны-удзельніцы Усходняга партнёрства здолелі скончыць гэтыя перамовы адносна хутка. Таму калі беларускі бок матываваны і падрыхтаваны, я не прадбачу ніякіх сур'ёзных праблем і спадзяюся, што мы зможам у разумны перыяд часу скончыць перамовы.

- Ці бачыце вы поўную адмову ад віз, як канчатковую кропку гэтага працэсу спрашчэння візавага рэжыму?

- Я думаю, мы павінны спачатку зрабіць першы крок - завяршыць перамовы па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. А затым прыняць план дзеянняў па лібералізацыі візавага рэжыму, такія планы ў свой час былі распрацаваныя з Грузіяй і Малдовай. Вядома, агульны стан узаемаадносінаў паміж Беларуссю павінен палепшыцца, каб думаць пра такі сцэнар. Але я спадзяюся, што аднойчы мы будзем у такой сітуацыі, калі зможам пачаць перамовы аб бязвізавым рэжыме.

- Нядаўна ва ўкраінскай прэсе з'явіліся паведамленні, што пройдзе нейкі нефармальны саміт Усходняга партнёрства ў Празе гэтай вясной. Што вам пра гэта вядома?

- Гэта простая сустрэча ў азнаменаванне пятай гадавіны пачатку Усходняга партнёрства, але гэта не афіцыйны саміт, які з'яўляецца часткай працы над УП.

Напісаць каментар 109

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках