30 красавiка 2024, aўторак, 11:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Руслана: Катаванні і збіцці ва Украіне спыняць толькі санкцыі ЕЗ

11

Вядомая ўкраінская спявачка звярнулася да кіраўніцтва Еўрапейскага Звяза.

Яна заявіла пра неабходнасць увядзення санкцый супраць алігархаў і прэзідэнта Віктара Януковіча. Руслана Лыжычка сказала пра гэта сёння падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Варшаве, паведамляе карэспандэнт charter97.org.

Мерапрыемства, якое адбылося ў Польскім інстытуце міжнародных спраў, пачалося з дэманстрацыі брутальнага збіцця «Беркутам» дэманстрантаў, медыкаў і журналістаў, пачынаючы з ночы 30 лістапада 2013 года ў Кіеве. Пры гэтым спявачка адзначыла, што ёй «па-чалавечы цяжка глядзець на гэтыя кадры».

«Мы хочам, каб палякі і еўрапейцы дапамаглі спыніць гвалт улады. Таму што Януковіч і яго каманда не будзе дзейнічаць тымі цывілізаванымі метадамі, якія чакае Еўропа ад украінскіх уладаў. Мы хочам, каб еўрапейцы ўсё ж такі ўвялі супраць іх санкцыі. Гэта адзіны метад, які зразумее рэжым Януковіча. У адваротным выпадку вы будзеце бачыць больш збітых, больш людзей, якіх катавалі, і больш зніклых і забітых людзей», - заявіла яна.

Фота: charter97.org

На думку Русланы, «ЕЗ рэагуе на падзеі ва Украіне актыўна і смела, але калі не будзе канкрэтных дзеянняў, то словы застануцца словамі».

«Санкцыі павінны быць прынятыя ў дачыненні да каманды Януковіча, якая непасрэдна выконвала ўсю чорную працу. Відавочна, таксама ў дачыненні да пэўных алігархаў, якія падтрымліваюць Януковіча, і асноўнай верхавіны Партыі рэгіёнаў. І, вядома, у дачыненні да кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Клюева, міністра ўнутраных спраў Захарчанкі, а таксама экс-прэм'ера Азарава», - сказала актывістка.

Пры гэтым Руслана падкрэсліла, што не з'яўляецца палітыкам.

«Сёння я не планую рабіць палітычную кар'еру і не буду гэтага рабіць. Я застаюся музыкай, актывістам Майдана і хачу бачыць Украіну ў Еўропе без рэжыму Януковіча. Майдан - гэта мірны пратэст, і я выступаю выключна за мірную барацьбу. Таму я не апраўдваю радыкальных дзеянняў. Але Януковіч разумее толькі сілу, і толькі радыкальныя дзеянні выклікаюць яго рэакцыю. А тое, што адбылося на Грушэўскага, было рэакцыяй людзей на «законы 16 студзеня». І як толькі на Грушэўскага пачалася сутычка паміж людзьмі і «Беркутам», ён адразу знайшоў магчымасць прыняць Віталя Клічко, хоць да гэтага два месяцы маўчаў. Зараз вялікая колькасць людзей абураныя дзеяннямі ўлады, і пратэстоўцы ўжо не хочуць ніякіх кампрамісаў. Таму Майдан разыйдзецца толькі пасля поўнай адстаўкі дыктатарскага рэжыму», - перакананая спявачка.

Нагадаем, бестэрміновая акцыя пратэсту, якая пачалася ў Кіеве пасля адмовы ўладаў Украіны ад падпісання Пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ, працягваецца па ўсёй краіне ўжо больш за два месяцы. Да 22 студзеня асноўныя пратэстныя дзеянні праходзілі ў сталіцы. У гэты дзень сітуацыя ў цэнтры горада была асабліва напружанай: сутыкненні з сілавікамі скончыліся ахвярамі сярод дэманстрантаў. У выніку ўлады пайшлі на саступкі, і прэм'ер-міністр Украіны Мікалай Азараў падаў у адстаўку, а «законы аб дыктатуры» былі адмененыя. Аднак прыняты Вярхоўнай Радай закон аб амністыі не быў узгоднены з апазіцыяй.

Фота: charter97.org
Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках