2 траўня 2024, Чацвер, 2:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Нямцоў: Расейцы працверазеюць, калі пачнуць аплачваць крымскую авантуру

30
Барыс Нямцоў: Расейцы працверазеюць, калі пачнуць аплачваць крымскую авантуру

У выніку анэксіі Крыма Расея апынулася на парозе глыбокага эканамічнага крызісу.

Краіна вымушаная, не маючы альтэрнатывы і насуперак сваім інтарэсам, умацоўваць саюз з Кітаем, лічыць сустаршыня палітычнай партыі «РПР-ПАРНАС» і лідар руху «Салідарнасць» Барыс Нямцоў.

Пра гэта ён у сераду 26 сакавіка сказаў у інтэрв'ю «Голосу Америки».

«Расея атрымала глабальную ізаляцыю з боку Захаду і, як следства, відавочна, апынецца на парозе вельмі сур'ёзнага эканамічнага крызісу. Пуцінская Расея зрабіла лёсавызначальны, цывілізацыйны і абсалютна ненатуральны выбар на карысць Кітая. Кітайцы ставяцца да Расеі як да сыравіннага прыдатка і будуць цяпер спрабаваць па тандэце купляць нафту і газ. А таксама, думаю, праз нейкі час прад'явяць Расеі тэрытарыяльныя прэтэнзіі на тыя землі, на якія яны, уласна, заўсёды квапіліся. Я маю на ўвазе Сібір і Далёкі Усход. Гэта на самой справе катастрофа, і наступствы будуць вельмі кепскія.

Лічу, што ва ўладзе (у Расеі) знаходзяцца кітайская «пятая калона» або кіраўнік агентурнай кітайскай сеткі. Таму што наступствы для краіны ў выніку зробленага наступаюць роўна такія. Дарэчы, кітайцы, трэба аддаць ім належнае, не прыклалі ніякіх намаганняў, каб у дадзеным выпадку стаць бенефіцыярам. Ім усё само звалілася ў рукі, проста з неба. Акрамя таго, мы атрымліваем ворагаў у асобе Украіны і сярод суседзяў. Таму што кожны з іх думае, што рана ці позна і з імі здарыцца нешта падобнае. Жыць у коле ворагаў, увогуле, няпростая задача», - пракаментаваў Нямцоў тое, што атрымала Расея ў выніку анэксіі Крыма.

«Я не бачу ніякіх пераваг для грамадзян Расеі - нават у плане адпачынку. Крым стане дарагім, неўладкаваным, гэта відавочна, паколькі гэта непрызнаная тэрыторыя. Адпачываць там будзе гэтак жа дорага, як і ў Сочы, напрыклад. Таму ў гэтым плане не бачу наогул ніякіх пераваг», - упэўнены расейскі апазіцыянер .

«Што тычыцца крымчан, то, вядома, пенсіянерам павысяць пенсіі, гэта зразумела. Хаця мяне здзіўляе, што на сённяшні дзень менш за адзін адсотак жыхароў Крыма звярнулася з просьбай выдаць ім расейскія пашпарты: усяго каля 20 тысяч жадаючых падалі адпаведныя заявы. Мабыць, перспектыва апынуцца ў ізаляцыі таксама не моцна іх радуе. І гэта пры тым, што яны яшчэ толкам не зразумелі, куды ўступілі», - дадаў Нямцоў.

«Гэта ўсё цалкам бязрадасныя рэчы. Хто тут можа выйграць? Так, ёсць нейкія імперскія пачуцці. Ёсць эфект, які зведалі немцы ў 30-х гадах. Маўляў, раней нас усе «апускалі», а цяпер мы разам сталі такімі крутымі! Але гэта ўсё эмоцыі. А калі паглядзець на рэчаіснасць, то акрамя збяднення, акрамя крызісу, акрамя будучага беспрацоўя, акрамя санкцый, акрамя продажу сваіх рэсурсаў за бесцань Кітаю і пагрозы страціць Далёкі Усход, я не бачу ніякіх «набыткаў». Тут проста няма ніводнага пазітыву», - канстатаваў ён.

«Цяпер пуцінскі рэжым карыстаецца вялікай падтрымкай народа. Бо галоўная мэта Пуціна была не дамагчыся росквіту Расеі або вяртання Крыма, не абараніць там рускіх, якіх там, дарэчы, ніхто не ўціскаў. Яго мэта - утрыманне ўлады. Для яго гэта заўсёды галоўная мэта. У яго няма ніякіх іншых мэтаў. Ён хоча ўзбагачацца з усёй сваёй братвой і ўтрымліваць уладу. На гэтым кароткім этапе ён гэтай мэты дасягнуў. Сапраўды, кансалідацыя вакол яго вельмі сур'ёзна ўзрасла. Гэта праўда. Але я думаю, што гэта - не доўгатэрміновая гісторыя. Калі грамадзяне адчуюць, што ім прыйдзецца са сваіх кашалькоў заплаціць за гэтую авантуру, паступова пачнецца працверажэнне. Я не ведаю, колькі часу зойме гэта працверажэнне. Але ў тым, што яно настане, у мяне няма сумневаў», - рэзюмаваў Нямцоў.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках